1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Падарожнічаем па беларускіх мястэчках

Каб трапіць у мястэчка Заслаўе, трэба выходзіць з электрычкі на станцыі, якая носіць назву “Беларусь”. Да верасня 1939 года менавіта гэтым чыгуначным прыпынкам заканчваўся Савецкі Саюз.

Час ад часу ўздымаецца пытанне аб перайменаванні станцыі. Але мясцовы жыхар Васіль Грынь даводзіць, што гэта не абсурд, а згадка пра міжваенны час, аб якім мала што ведаюць беларусы. У Заслаўі дагэтуль захаваліся былыя казармы камсастава пагранічнікаў. А таксама пастарункі, дзе трымалі так званых шпіёнаў, якія ўцякалі з Польшчы, і кантрабандыстаў.

-Дзед адзін расказваў. У 20-х гадах, калі граніцы дакладна не было, то спірт перавазілі з Польшчы сюды, нібыта лес везлі на продаж, у бярвенях, распілаваных уздоўж закладалі гэты спірт. У бутэльках. Толькі налівалі поўнасцю, каб яна не булькала. А наколькі я ведаю, на пачатку 20-х гадоў у Савецкім Саюзе афіцыйна ўжываць алкаголь адмовіліся. Але неафіцыйна патрэба была вельмі вялікая.

З Заслаўем, да таго ж, звязанае з’яўленне Беларусі ў пісьмовых крыніцах.

- Звязана, канешне, з не надта радаснымі падзеямі, калі Уладзімір з Ноўгарада сілай узяў Рагнеду сабе ў жонкі. Узяў Полацк. Забіў князя Рагвалода – гэта першы летапісны князь вядомы беларускі.

Хрэстаматыйную гісторыю пра тое, як Рагнеда спрабавала здзейсніць замах на Уладзіміра ды прамахнулася, ведае сёння кожны беларускі школьнік. А выратаваў яе ад раз’юшанага князя маленькі сын Ізяслаў, які ў гэты момант ускочыў у спальню з драўляным мячом. Заслаўе названае ў ягоны гонар. “Замэчак” – ласкава называюць тут гарадзішча, дзе жыла ў ссылцы Рагнеда з сынам.

Па словах супрацоўніцы музея Таццяны Уладзіміраўны, археолагі знайшлі на “замэчку” доказы таго, што Заслаўе было буйным адміністрацыйным цэнтрам:

- Былі знойдзеныя прадметы з медзі, шпоры, якія таксама маглі насіць толькі людзі вышэйшага стану, шкло рознакаляровае – гэта таксама з Візантыі ўсё прывозілася, і маленькі такі астатачак амфары. Прыязджалі сюды візантыйскія купцы, і набыць гэта маглі толькі людзі, у якіх былі грошы.

Пры магнаце Яне Глябовічу Заслаўе набыло тытул графства. Тут з’явіўся замак, які адапавядаў еўрапейскім фартыфікайцыйным характарыстыкам. Ён выкарыстоўваўся ў абароне супраць артылерыі.

- Гэта бастыённы замак. Яго рабілі інжынеры з Паўночнай Італіі. Калі малюеш сабе над гэтымі валамі брамы, палац князя, канешне, гэта ўсё вельмі шыкоўна. Археолагамі былі адкрытыя падземныя лёхі ў гэтым замку. Яны існуюць, але засыпаныя грунтам,- распавядае Васіль Грынь.

Сярод валоў месціцца адзін з двух на Беларусі кальвінскіх збораў. Цяпер у будынку праваслаўная Спаса-Праабражэнская царква.

- Архітэктура не адпавядае ні праваслаўнаму, ні каталіцкаму сакральнаму дойлідству. Знешне нават вы не ўбачыце алтарнай часткі, апсіды. А потым ужо, калі Глябовічы сталі каталікамі, то з’явілася яшчэ дадатковая вежа. Калі прыглядзецца да яе, то ўбачыце, што вуглы вежы абрэзаныя – гэта элементы абарончага дойлідства. Вы ўбачыце байніцы для мушкетнага бою. І гэта ўсё рэшта таго замка XVII стагоддзя, каторы можна ўявіць і адчуць сябе спадчыннікам рыцарскай эпохі.

Недалёка ад Чорнай гары, дзе, мяркуецца, стаяў зансаваны Рагнедай манастыр, б’е святая крыніца. У Заслаўі вераць у яе цудадзейнасць:

- Вада, ва усякім выпадку чыстая, смачная і заўсёды халодная.

Тут жывуць людзі, якія і самі здольныя зрабіць цуд. Чаго вартыя адныя толькі маляваныя дыванкі – выдатны ўзор наіўнага мастацтва. У заслаўскім музеі іх 182 - самая вялікая калекцыя у Беларусі.

- Яны бралі проста холст льняны і малявалі тое, што ім хацелася бачыць. Як бы ўпрыгожыць сваё жыццё сялянскае. Фарбы вельмі яркія, але фон сам цёмны. Карціны як дзіцячыя, наіўныя там гэтыя ўсе львы, русалкі...

У Заслаўі за невялікія грошы можна правесці вельмі насычаны выхадны.

- Думаю, 15-20 тысяч – гэта будзе больш, чым дастаткова. Добра паабедаўшы, заплаціць за ўваходныя квіткі ў музеі. І калі гэта электрычка, тады хопіць і на білеты. Даехаць -увогуле шапкай кінуць,- агітуе турыстаў улюбёны ў мястэчка Васіль Грынь.