1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Паганскія традыцыі і звычаі вачыма Андрэя Лянкевіча

У галерэі "Падземка" ў Мінску экспануецца фотавыстава Андрэя Лянкевіча "Паганства". Аўтар паказвае старажытныя паганскія традыцыі і канстатуе, што большасць з іх знікае альбо ўжо знікла ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя.

default

Адкрыццё фотавыставы Андрэя Лянкевіча "Паганства" у Мінску суправаджалася слайд-шоу і гукамі аўтэнтычнай беларускай музыкі, што дадавала своеасаблівы каларыт фотаздымкам з калекцыі. У прадмове да выставы, напісанай самім аўтарам, пытанні, якія шмат для каго гучаць як рытарычныя: хто не глядзіць у люстэрка, калі вяртаецца па забытыя рэчы? Хто не падумае некалькі разоў, ці варта працягнуць вандроўку, сустрэўшы чорнага ката? Паганства прысутнічае ў жыцці сучаснага грамадства, сцвярджае Анрэй Лянкевіч.

Балючая тэма?

Мастачка Анна Балаш заўважае: "Тэма, безумоўна, цікавая. Таму што гэта тэма знікаючая, але паганства – яно існавала, і нікуды не сыходзіць. Яно не сыходзіць са свядомасці інтэлігенцыі, са свядомасці сялянства, гэта ўсё існуе".

Яна, супрацоўніца Інстытута філасофіі Акадэміі навук, зазначае, что паганства - гэта даволі балючая тэма для людзей хрысціянскай культуры, таму што ўсе звыклі лічыць, што асноўныя набыткі сучаснасці дадзены выключна святлом хрысціянства, якое з’явілася тут у нас у Х стагоддзі. "І тое, што мы часам лічым хрысціянствам, аказваецца на паверку тым самым паганствам, якое насамрэч больш цікавае, больш блізкае".

Жаба-рапуха - вядзьмярка?

Назіраць беларускія святы ў паганскіх традыцыях у іх аўтэнтычным выглядзе зараз можна, бадай што, толькі ў вёсках, якія яшчэ трэба пашукаць.

Андрэй Лянкевіч шукаў, знайшоў і сцвярждае, што на Беларусі ёсць вёскі, у якіх бабулькі размаўляюць з каровамі вясною перад першым выхадам у поле, вераць, што жаба-рапуха - гэта вядзьмарка. Але каб даведацца пра ўсё гэта і зрабіць фотакалекцыю "Паганства", распавядае Андрэй Лянкевіч, трэба было скласці план.

"Я пачаў шукаць сам, і ў пэўны момант жыццё мяне звяло з Ірынай, якая працуе ў Акадэміі навук і ў Інстытуце этнаграфіі. Тады ўсё спрасцілася, у нас выпрацаваўся план – калі, дзе, што адбываецца, у якіх вёсках якія традыцыі жывуць да гэтага моманту".

Weissrussische alte Frau Babuschka

З большага гэта Палессе, кажа фотамайстак. "Ну вось, у апошнія чатыры месяцы пачалася такая праца, калі трэба ехаць на тры дні, заставацца там, піць гарэлку, размаўляць з людзьмі, а потым хадзіць з імі па палях-лясах, здымаць. А калі не жартаваць, то менавіта так гэта і адбываецца: шукаеш, размаўляеш, знаходзіш, і потым нараджаецца нешта такое".

"Асноўнае пачуццё - гэта пачуццё сапраўднасці"

Фатографу Лідзіі Бандарэнцы выстава ўвогуле падаецца цікавай тым, што яна паказвае беларускія традыцыі. Праца зроблена на добрым тэхнічным узноўні, і наогул фотакалекцыя дапамагае ўбачыць гледачу тое, што меў на ўвазе аўтар.

"Найбольш уражвае з гэтых фотаздымкаў партрэт бабулі. Асноўнае пачуццё, якое выклікае не толькі гэты здымак, але і астатнія – гэта пачуццё сапраўднасці, сапраўднасці жыцця, адчуванне блізкасці і роднасці. Гэта, напэўна, галоўныя рысы, якія перадаюць гэтыя фотаздымкі", - зазначае Яна.

А мастачка Ганна Балаш робіць крытычную заўвагу: "У мастацтве наогул сюжэтаў няшмат. Ёсць нацюрморты, пейзажы, шэкспіраўскія сюжэты, якія ў еўрапейскай культуры так ці інакш увесь час абыгрываюцца. Заўсёды цікава, наколькі таленавітыя акторы, наколькі па-новаму прагучаць словы "каханне", "смерць", "здрада". Хацелася, каб прагучала яскрава, каб гэта рэзаніравала. Тут рэзанаса для мяне не было".

У Яны на гэты конт цалкам адваротныя ўражанні: "Калі глядзець на гэтыя здымкі вачыма гарадскога чалавека, адразу разумееш, што ўсе нашы звыклыя ўяўленні пра вёску проста развальваюцца перад гэтымі фотаздымкамі, бо ты разумееш, што вёска - гэта нешта больш жывое, значна больш прыгожае, чым горад. І, можа, нават больш блізкае прыродзе чалавека. І ты разумееш, якое шчасце, што ты нарадзіўся ў Беларусі і што ў цябе ёсць магчымасць пабачыць такую прыгажосць".

"Паганства" пабачаць і ў Нямеччыне

Дарэчы, пабачыць гэтую прыгажосць можна будзе і ў Нямеччыне напачатку наступнага года. Андрэй Лянкевіч удзячны шматлікім нямецкім арганізацыям. Адна з выставаў на пачатку студзеня пройдзе ў Берліне, потым будзе фестываль - пяць дзён, пяць розных гарадоў па ўсёй Нямеччыне.

"Шмат якія арганізацыі разам склаліся, і выйшаў каталог маіх прац. Вялікае эсэ напісаў знаны нямецкі журналіст Інга Пэтц, з якім мы працавалі, які выдаў, дарэчы, кнігу пра Беларусь, які, на жаль, не можа прыехаць на Беларусь, яму не даюць візу", - распавёў Андрэй Лянкевіч.