1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Павал Севярынец: „Жывога тут столькі, што хопіць прывесці ў парадак гэты край“

Малое Сітна - вёска зусім не малая, але на самым краечку Беларусі. Яе жыхаром адзін з стваральнікаў Маладога Фронту стаў не па сваёй волі. Не з уласнага жадання малады палітык другую зіму сячэ бярвенне, ладзіць печкі...

Малое Сітна — вёска зусім не малая, але на самым краечку цяперашняй беларускай дзяржавы. Павал Севярынец сцвярджае, што месца тут — знакавае:

Калі я толькі прыехаў, знайшоў, што пад бокам, літаральна за кілометр ад хаты, замчышча 1563 году. На гэтым месцы, дзе Іван Жахлівы спрабаваў будаваць спаруду, каб кантраляваць Полаччыну, спаруду, якая была разбураная праз 13 гадоў, а потым два стагоддзі была цывілізацыйнай мяжой паміж Еўропай і Азіяй, — на гэтым месцы моліцца добра.

Жыхаром Малога Сітна адзін з стваральнікаў Маладога Фронту стаў не па сваёй волі. Не з уласнага жадання малады палітык і дыпламаваны спецыяліст другую зіму сячэ бярвенне, ладзіць печкі, грузіць лес на станцыі Алёшча. “Удзелам у злачынным лесапавале” называе сваё прымусавае “перавыхаванне” Севярынец.

Неэфектыўнасць поўная ў тутэйшай вытворчасці. Тут проста знішчаюць нацыянальнае багацце, — кажа пра месца сваёй працы Павал. — 70 гадоў павінен выспяваць хваёвы лес, тут яму 20-30 гадоў, а ўжо сякуць. І сырым гоняць за мяжу. У Вугоршчыну, дзе з яго робяць мэблю і вязуць сюды. У Італію, дзе майструюць кошыкі і прадаюць замежнікам-турыстам па 60-100 еўра. У Фінляндыю, якая свой лес ашчаджае, а наш — калі ласка… Сітуацыю трэба карэнным чынам мяняць.

Лясы за Полацкам, дзе адбывае пакаранне за арганізацыю вулічных пратэстаў Павал Севярынец, — месца ад вялікай палітыкі не проста аддаленае, але старанна ізаляванае. Мабільнікі тут не працуюць. Павал кажа, што па прыезду спрабаваў злавіць сігнал на высачэзнай елцы — выпадкова патрапіла толькі адно SMS-паведамленне.

Немажлівы інтэрнэт. Але ў пераднавагоднія дні Севярынец чакаў тысячны ліст — мясцовая пошта з-за палітычнага насельніка працуе з нязвыклай для яе нагрузкай. І ў інтэрнаце леспрамгасу —няўтульнай пабудове барачнага тыпу — даволі часта бывае шматлюдна. Мы з калегамі-журналістамі прыехалі “на змену” маладафронтаўцам — тыя рэгулярна абмяркоўваюць з Паўлам агульныя справы.

На волі я меў зносіны з якім дзесяткам людзей, і тое часцяком па тэлефоне, — пасміхаецца Севярынец. — Тут, з сотнямі лістоў, калі прыязджаюць сотні людзей, пачуваюся нібіта ў эпіцэнтры падзеяў.

У пакоі з жалезнымі казеннымі ложкамі кватаруе Павал адзін: суседа “органы” адпусцілі дахаты на калядныя святы, другі “хімік” збег, і калі зловяць, на тутэйшы лесапавал дакладна не адправяць, толькі ў камеру ды на зону.

У Севярынца няма парушэнняў рэжыму, але навагоднія міні-вакацыі начальства не дазволіла, датэрміновага вызвалення не адбылося, а ў напруджаны для ўлады час прэзідэнцкіх выбараў Паўла спрабавалі ўпекчы ў камеру.

—Мяне абвінавацілі ў крадзяжы пілы і адвезлі ў Полацк з крымінальным абвінавачаннем. Потым перакваліфікавалі — міліцыянты “засведчылі”, што я лаяўся матам. Я, праўда, сядзеў не ў камеры, як іншыя палітзняволеныя ў гэты час, а пад аховай двух міліцыянтаў ды перад тэлевізарам. Меў магчымасць бачыць, што адбываецца ў Менску. А назаўтра быў самы шчаслівы дзень — суддзя не паверыла цверджанню міліцыянтаў. Яна ўвогуле не паверыла, што ў беларускай мове і маім ужыванні могуць быць мацерныя словы! Так апынуўся зноў у Малым Сітна.

Мясцовыя людзеі — леспрамгасаўцы і вяскоўцы — за паўтара ўжо нявольніцкіх гады да Севярынца прызвычаіліся. Павал кажа, што на пэўныя крытычныя характарыстыкі тутэйшыя героі ягоных шматлікіх газетных артыкулаў амаль не крыўдзяцца.

—Людзі скардзяцца не на тое, што іх “зачапіла” якая публікацыя. Іх чапляе жыццё — і апошнія 12 гадоў, і тое, што пражылі яны тут пры Савецкім Саюзе.Такое жыццё — здзек з людзей. Любы чалавек з самымі светлымі памкненнямі будзе сустрэты тут скептычна: кажы, маўляў, мы тут і не такое чулі… Гэтую акалічнасць трэба ўлічваць любому, хто хоча працаваць з мясцовым людам.

Павал кажа, што, калі будзе з’язджаць, абавязкова пакіне свае кантакты многім вяскоўцам.

Гэта і чальцы суполкі Таварыства беларускай мовы, і падпісчыкі “Народнай волі”, што тут з’явіліся. І два дэпутаты, якія зараз бяруць удзел у мясцовых выбарах, ідуць на безальтэрнатыўнай аснове, таму пройдуць. Два дэмакраты ў мясцовым сельскім савеце будуць!

У ссылцы Севярынец піша кнігі. Две рыхтуе да выдання.

— Гэта “Лісты з лесу” і пераклад на расейскую “Нацыянальнай ідэй”. Зборнік артыкулаў выдам у бліжэйшы год. А распачаты тут раман — справа яшчэ некалькіх гадоў, Ён пішацца, дзякуй Богу. Раман-адкрыццё — такі будзе жанр. Там і каханне, і праблемы, і эпоха. Але перадусім — Беларусь, на першым месцы Беларусь.

А “сябрам дзён яго суровых” стаў Партызан.

— Ката прывезлі сябры з хрысціянскай партыі, каб мышэй лавіў, Але гэтая функцыя ў яго чамусьці атрафіравалася! — смяецца Павал. — Бывае, мышы грызуцца, па пакоі бегаюць, а ён толькі паглядае! Чыста дэкаратыўная функцыя зараз у гэтага ката.

У густую вясковую цемру шэры кот з чысцюткімі белымі лапамі і снежнаю манішкай выходзіць асцярожна — хучэй, па-панску, чым па-партызанску. Праважае гаспадара на працу. У Севярынца зараз — другая змена.

У торбачку з бутэлькай халоднай калодзежнай вады і лустай хлеба Павал кладзе прывезеныя сябрамі прысмакі. Не сабе — ён трымае калядны пост. А сталічныя смакоты пойдуць мясцовым дзеткам — было, што хапала і ў школу, і ў дзіцячы садок.

Ён кажа, што гэтая мясцовасць назаўжды ўжо застанецца не адмецінай, а здабыткам ягонага лёсу.

—Няма праблемы ў кожнай беларускай вёсцы стварыць не апазіцыйны нават асяродак — рух гатовых браць на сябе адказнасць людзей. Адказных за сваю вёску, за сельсавет, за гэты край. Такое магчыма ў кожнай беларускай вёсцы. Нават пры тым, што гэтая мая цяперашняя — адна з найгоршых вёсак, якія я бачыў. І па ўзроўню жыцця, і з-за алкагалізацыі. Але ж жывога тут столькі, што хопіць прывесці ў парадак гэты край, гэтую зямлю.