1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

DW-РАДИО

Нямецкія кнігі у падарунак берасьцейскай бібліятэцы

У выніку "Нямецкага тыдню" на Беларусі падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве паміж берасьцейскай вабласной бібліятэкай і грамадскай арганізацыяй з Нямеччыны.

Дагэтуль самая буйная бібліятэка берасьцейскага рэгіёна мела кантакты з Інстытутам Гётэ з беларускай сталіцы, што дазваляла рэгулярна ладзіць мерапрыемствы, прысвечаныя нямецкай мове, культуры, выяўленчаму мастацтву. Наведвальнікі бібліятэкі дагэтуль памятаюць адну з імпрэзаў ў рамках паэтычнага дыялёгу “Каардынаты сучаснасці”, калі Берасьце наведалі нямецкія пісьменнікі і вядомы беларускі паэт Алесь Разанаў, які прэзэнтаваў сваю кнігу “Кропка, кропка, працяжнік”. Гэтая кніга складалася з вершаваных перакладаў Алеся Разанава твораў нямецкіх аўтараў.

Але, як лічыць намеснік дырэктара бібліятэкі Галіна Бурына, падпісанне паўнавартаснай дамовы з арганізацыяй “Таварыства сяброў Берасьця”, якая аб’ядноўвае жыхароў нямецкіх гарадоў Равэнсбург, Вайнгартэн, Байнфурт, Байндт і Бэрг, значна пашырае магчымасці для далейшага супрацоўніцтва.

“Праэкт доўгатэрміновы і прадугледжвае ахвяраванне літаратуры на нямецкай мове, якую збіраюць жыхары гэтых гарадоў. Першую партыю – каля 200 кніг – мы ўжо атрымалі. Гэта літаратура па знаёмству з краінай, мастацкая літаратура, літаратура па мастацтву, энцыкляпэдыі – усё тое, што цікавіць нашых студэнтаў і школьнікаў, з улікам спэцыялізаваных навучальных установаў, спэцыялізаваных факультэтаў”.

Галіна Бурына таксама паведаміла, што паводле ўмоваў падпісанага пагаднення Берасьцейская абласная бібліятэка імя Горкага бярэ на сябе абавязак прадстаўляць нямецкім дэлегацыям зямлі Баден-Вюртенберг памяшканні ў сваёй установе дзеля правядзення разнастайных імпрэзаў. Пачаткам сталіся літаратурныя чытанні у рамках “Нямецкага тыдня” і адкрыццё выставы нямецкага рэклямнага плякату ХХ стагоддзя. На 9 кастрычніка ў бібліятэцы пройдзе яшчэ адна вечарына, прысвечаная творчасці лаўрэата Нобелеўскай прэміі Генрыха Бёлля.