1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

"Няма ніякай эйфарыі, што пачалася "адліга"...

Праваабарончы цэнтр “Вясна” прэзентавала чарговы маніторынг парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2006 годзе. Ен розніцца ад аналагаў мінулых гадоў. Чым?

Сёлета ён не быў такім аб’ёмным, як гэта было раней, але, паводле ягоных укладнікаў, выданне больш змястоўнае і аналітычнае. Цяпер там не проста зафіксаваныя факты парушэння правоў чалавнка, але й робіцца іх аналіз. Гаворыць юрыст “Вясны” Валянцін Стэфановіч:

"У гэтым годзе мы сапраўды змянілі канцэпцыю агляду, мы адышлі ад таго, што апісвалі кожны канкрэтны выпадак, атрымліваўся вельмі вялікі аб’ём, і змястоўнасць атрымлівалася не такой, як нам хацелася б. У гэтым годзе мы зрабілі аналіз заканадаўства, практыкі яго выкарыстання па асноўных групах парушэнняў, якія мы палічылі неабходнымі для ўключэння ў агляд. Гэта і свабода асацыяцыяў, мірных сходаў, палітычна матываваны пераслед. Таму, мне падаецца, гэты агляд больш змястоўны, чывмся папярэднія. Таму што гэты маніторынг уключае аналіз і апісанне нафйбольш характэрных парушэнняў правоў".

Сёння ў Беларусі маюць месца палітычныя вязні. Гэта канстатуюць усе як беларускія, гэтак і замежныя праваабарончыя арганізацыі. Літаральна днямі выйшлі на волю два вядомыя палітычныя вязні – заснавальнік "Маладога фронту" Павал Севярынец і лідар Сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) Мікола Статкевіч. Аднак умоўна-датэрміновае вызваленне палітыкаў не мусіць ствараць ілюзіяў, упэўнены кіраўнік “Вясны” Алесь Бяляцкі:

"Любое такое вызваленне мы ўспрымаем з вялікай радасцю. Таму што выходзяць людзі, якія сядзелі… Я сказаў бы – героі Беларусі. Можа быць, калі-небудзь гэтае званне пачнуць раздаваць па прыналежнасці. Я б ужо сёння даў бы гэтае званне ўсім, хто сядзеў па палітычных матывах. Гэта станоўчы момант. Але, з іншага боку, мы ставімся да гэтага вельмі асцярожна, і няма ніякай эйфарыі, што пачалася “адліга”, пачаліся нейкія палітычныя змены ў нашай дзяржаве. У рэшце рэшт, гэта першы вельмі маленькі крок, і нават яшчэ не зразумела, ці гэта крок, таму што пра нейкі крок можна будзе казаць толькі тады, калі ўсе палітычныя зняволеныя выйдуць на волю".

На прэзентацыі прысутнічаў і экс-спікер Вярхоўнага Савету, чалавек, які падпісаў першую дэмакратычную Канстытуцыю Беларусі Мечыслаў Грыб. Ён адзначыў важнасць дзейнасці праваабарончых арганізацыяў у Беларусі.

"Трэба адстойваць усе гэтыя правы, усе гэтыя магчымасці, і трэба аб’ядноўвацца. Бо калі мы будзем уздымацца ў абарону правоў кожнага чалавека ўсе разам, тады гэтых парушэнняў будзе значна меньш".

Як адзначыла кіраўнік Праваабарончага альянсу Людміла Гразнова, колькасць праваабарончых арганізацыяў у Беларусі – гэта не перацягванне коўдры на сабе, але сведчанне таго, што ў нашай краіне ёсць людзі, якіх цікавіць не толькі ўласны лёс, але і лёс суайчыннікаў, і якія гатовыя займацца гэтаю працаю і надалей.