1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Новыя тарыфы для беларускіх мастакоў непад’ёмныя

Беларускія мастакі пачалі атрымліваць рахункі за арэнду майстэрняў па новых тарыфах. Напрыклад, Мікалай Байрачны мусіць сплаціць за арэнду памяшкання каля двух мільёнаў, аналагічныя “пасланні” чакаюць і іншых майстраў.

default

Мастацкая майстэрня (фота з архіву)

У адпаведнасці з тарыфамі, прадугледжанымі Указам прэзідэнта № 533, арэндная плата за майстэрні можа падскочыць у пяць-дзесяць разоў. Раней, як паведаміў старшыня Беларускага саюзу мастакоў Уладзімір Савіч, творцы ўжо плацілі даволі вялікія сумы – ад 200 да 400 тысячаў рублёў за месяц, цяпер жа давядзецца выдаткоўваць па два мільёна, а то і болей.

“Гэта нерэальна, гэта значыць, што гэтыя майстэрні зараз трэба будзе аслабаніць. Адзіная прафесія, якая яшчэ і плоціць за сваё працоўнае месца, - гэта мастак. Гэта ўжо забарона на прафесію. У нас такіх майстэрняў 179, 179 мастакоў адразу страцяць працоўнае месца”.

З Уладзімірам Савічам згодны і старшыня мастацкае суполкі “Пагоня” БСМ Аляксей Марачкін: “Калі сапраўды ў пяць-дзесяць разоў павысяцца цэны на майстэрні, якія арэндуюцца ў горадзе, гэта будзе страшэнны ўдар па творчасці, па мастаках, фактычна, па нашым выяўленчым мастацтве. Бо дзе ж ты будзеш тварыць?”

“Каб стварыць твор, трэба ж працоўнае месца”

Паводле мастака Міколы Купавы, зарабляць мастакам у Беларусі і так вельмі цяжка: “Дзяржава не займаецца не проста падтрымкай, але і размяшчэннем нармальных заказаў па нармальных коштах, на нашы творы смешныя дзіцячыя расцэнкі”.

Уладзімір Савіч адзначае, што мастакі заслужылі палёгкі па аплаце арэнды, бо шмат дапамагаюць дзяржаўным структурам сваёй творчасцю: “Каля 2700 твораў з маёмасці БСМ мы аддалі ў карыстанне да адміністрацыі прэзідэнта, да ўпраўлення справамі прэзідэнта, у вайсковыя часткі, школы, дзіцячыя садкі, больніцы. А каб стварыць твор, трэба ж працоўнае месца. І, безумоўна, гэты твор каштуе, бо зараз і алей, і палатно, і падрамнікі каштуюць вельмі шмат грошай. Але Саюз мастакоў аддае гэтыя творы на часовае захаванне, нават некаторым падаравалі, каб людзі выхоўваліся на мастацтве. І Саюз мастакоў ні капеечкі не бярэ”.

Уладзімір Савіч дадае: “Зараз аддалі 60 твораў і поўнасцю аздобілі новы будынак Міністэрства замежных справаў. Калі нам паставяць тыя кошты, то і мы будзем змушаныя таксама выстаўляць, як кажуць, за амартызацыю, хоць гэта не вельмі эстэтычна гучыць у дачыненні да твораў мастацтва: будзьце ласкавыя, калі хочаце, каб нашы творы знаходзіліся ў вас, давайце нешта нам выплочвайце”.

Барацьба працягваецца

Кіраўнік Саюзу мастакоў не абвяргае права на існаванне ўказу кіраўніка дзяржавы, але адзначае, што непатрэбшчынай і свавольствам пры выстаўленні каэфіцыентаў займаюцца некаторыя мясцовыя чыноўнікі і ЖРЭА, якія адвольна трактуюць і скарыстоўваюць прэзідэнцкі ўказ. А праблема з аплатай арэнды майстэрняў узнікае наноў: “Кожны год яны выстаўляюць, і кожны год мы адбіваемся, губляем шмат часу і нерваў. Адбіліся, а на наступны год ізноў барацьба, бо на кожны год заключаецца новае пагадненне”.

Паводле словаў Уладзіміра Савіча, цяпер пытанне захавання ранейшых трыфаў знаходзіцца на разглядзе ў адмысловай камісіі пры адміністрацыі кіраўніка дзяржавы. Калі ж станоўчага адказу для мастакоў не паследуе, “тады будзе зварот усіх мастакоў да прэзідэнта і нейкія яшчэ акцыі, бо ў нас другога выйсця няма”.

Контекст