1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Новыя праблемы для “трэцяга сектару”

24 красавіка мусіць уступіць у сілу Указ прэзідэнта, які прадугледжвае значнае павышэнне коштаў арэнды для недзяржаўных некамерцыйных арганізацыяў. Гэта можа прывесці да знікнення многіх арганізацыяў “трэцяга сектару”.

default

Пра гэты дакумент, падпісаны кіраўніком дзяржавы, загадзя нагадалі некаторыя недзяржаўныя выданні, да прыкладу, зарэгістраваная ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі газета “Новы час” у № 13 ад 18 красавіка, а таксама кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, калі праз сродкі масавай інфармацыі звярнулася да грамадзян з заклікам дапамагчы знайсці сродкі на аплату арэнды сталічнай сядзібы арганізацыі па вуліцы Румянцава, 13.

Як паведаміў старшыня ТБМ Алег Трусаў, “на прыклад, мы цяпер плацім за арэнду толькі ў Мінску з разліку 84,6 еўра, а трэба будзе плаціць 846 еўра ў месяц, а гэта толькі арэнда. А яшчэ камунальныя паслугі, тэлефон, святло, інтэрнэт і гэтак далей.”

На мяжы фінансавай бездані

Паводле Алега Трусава, самі няўрадавыя арганізацыі пастаўленыя перад фінансавай безданню: “Мы ж камерцыйнай дзейнасцю не маем права займацца – гандляваць кніжкамі ці нечым яшчэ, мы жывем за кошт ахвяраванняў грамадзян і сяброўскіх складак. І так усе арганізацыі. Так што, такім чынам трэці сектар рэзка зменшыцца”.

Само Таварыства беларускае мовы, як сведчыць яго старшыня, ужо пачало змагацца за захаванне ільготнай аплаты арэнды па каэфіцыенце 0,1: “Мы пачалі збіраць подпісы грамадзян, каб нам гэтыя льготы пакінулі, і калі тысяч 50 сабяром, то, я думаю, нешта ж будзе. Ну, і трэба грошы збіраць – пяць мільёнаў у месяц, і людзі панеслі грошы. Прыйшоў нейкі невядомы чалавек, прачытаў у інтэрнэце, паклаў сто тысяч на стол і пайшоў. Ні прозвішча, ні імя, кажа: я прадпрымальнік і не хачу “свяціцца”.

Алег Трусаў падкрэсліў, што ягоная арганізацыя адносна вялікая - толькі афіцыйна зарэгістраваных сяброў мае больш за пяць тысяч. Таму калі кожны сябра за месяц ахвяруе хаця б тысячу рублёў, то ўжо хопіць аплаціць арэнду офіса. “А што казаць пра меншыя арганізацыі – таварыствы аховы жывёл, раслін, у іх там 50 - 100 чалавек?”

Падвышэнне кошту арэнды закране не толькі грамадскія аб’яднанні, але і палітычныя партыі. Як адзначае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, “зараз улада карэктуе сваю стратэгію ўзаемаадносінаў з грамадзянскай супольнасцю. І зараз побач з рэпрэсіямі палітычнага кшталту набывае вагу і эканамічны складнік. Арэндная плата - рэч вельмі дарагая, і грамадскія арганізацыі не такія багатыя; да таго ж, спонсараў унутры краіны не так шмат, якія б маглі ўзяць на сябе гэтыя выдаткі. Прыклад з гэтага шэрагу – павелічэнне грашовых штрафаў у судовых інстанцыях, таксама зыскавыя прэтэнзіі да заяўнікаў акцыяў. Я думаю, што гэта звёны аднаго ланцуга”.

Вайна супраць “трэцяга сектару”

На думку віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, падвышэнне арэнднай платы амаль у дзесяць разоў можа пазбавіць многія структуры “трэцяга сектару” юрыдычнага адрасу, неабходнага для афіцыйнага існавання палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў: “Гэта дае Мінюсту магчымасць працягнуць расправу над няўрадавымі арганізацыямі, якая ў нас адбывалася на працягу апошніх гадоў, калі па розных прычынах былі зачыненыя некалькі соцень НДА. І зараз адсутнасць юрыдычнага адраса будзе істотнай падставай для закрыцця арганізацыяў, і зрабіць што-небудзь будзе вельмі цяжка”.

Як адзначае праваабаронца, “зараз многія з іх спрабуюць знайсці значна меншыя памяшканні, літаральна нейкія будкі ў 4 - 6 квадратных метраў, каб хоць нейкім чынам зачапіцца і выжыць”.

Анатоль Лябедзька мяркуе, што такім чынам “трэці сектар” выціскаецца з легальнага існавання: “Сёння афіцыйна зарэгістраваныя палітычныя і грамадскія структуры падштурхоўваюцца да таго, каб у іх быў статус незарэгістраваных арганізацыяў з усімі магчымымі наступствамі, якія могуць быць, – крымінальныя справы за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”.

Колькі ў рэчаіснасці будзе каштаваць арэнда памяшканняў для няўрадавых некамерцыйных структураў, і ці зменіцца яна ўвогуле, стане вядома па атрыманні арганізацыямі арэндных рахункаў за чарговы месяц.