1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Новыя зыскі супраць арганізатараў Еўрапейскага Маршу

13 сакавіка ў судзе Савецкага раёну Мінску адновіцца разгляд справы ў дачыненні да арганізатараў Еўрапейскага Маршу, які адбыўся ў беларускай сталіцы 16 кастрычніка 2007 году. У справе з’явіліся новыя акалічнасці.

default

Як паведаміў “Нямецкай хвалі” адзін з адказчыкаў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, да першапачатковага больш як двухмільённага зыску ад прадпрыемства “Рэмаўтадор” дадаліся яшчэ сем новых – ад пяці “ЖЭСаў” Першамайскага, Цэнтральнага і Савецкага раёнаў горада, а таксама ад упраўленняў “Камунзеленгасу” і яшчэ аднаго аддзялення “Рэмаўтадору”.

Цяпер агульная сума фінансавых патрабаванняў да арганізатараў акцыі складае больш за 10 мільёнаў рублёў (больш за тры тысячы еўра). Як адзначыў палітык, усе зыскі напісаныя быццам пад капірку, і нагадаў, што так дзенічаюць “сведкі” – супрацоўнікі міліцыі і спецназу, калі затрымліваюць актывістаў дэмакратычных сілаў падчас і пасля вулічных акцыяў апазіцыі.

Анатоль Лябедзька вылучае дзве версіі з’яўлення такіх зыскаў амаль праз паўгады пасля Еўрапейскага Маршу. “Першая версія звязаная з тым, што “у Бацькі няма залатога запасу”, і яны вырашылі ўвесці новы артыкул даходнай часткі бюджэта – гэта вытрасанне грошай з апанентаў улады. У нас 10 мільёнаў – гэта пяць тысяч даляраў, а ў крымінальнай справе супраць удзельнікаў маршу прадпрымальнікаў 10 студзеня – ужо 60 тысяч даляраў. Мы можам толькі здагадвацца, колькі могуць выставіць арганізатарам за акцыю 25 сакавіка розныя “зеленкамунгасы”, “аўтадоры”, тралейбусныя паркі і проста “звычайныя абураныя грамадзяне”. На думку старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, гэта не выпадкова, “гэта каменьчык, за якім пойдзе лавіна такіх зыскаў”.

Як адзначыў Анатоль Лябедзька, другая версія – гэта прэвентыўныя дзеянні ўлады перад 25-м сакавіка. “Яны гавораць: глядзіце, на што вам патрэбна будзе ісці, вы адразу бярэце на сябе тое, што трапляеце ў спіс невыязных, бо такія штрафы ў дзесяткі тысяч даляраў ніхто не ў стане выплаціць. Таму я думаю, менавіта з гэтымі двумя абставінамі ўсё і звязана”, - тлумачыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Нагадайма, што ў якасці адказчыкаў, апроч Анатоля Лябедзькі, па справе праходзяць намеснікі старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч і Вінцук Вячорка, лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, кіраўнік сталічнай арганізацыі “Маладога Фронту” Зміцер Федарук і каардынатар грамадзянскае кампаніі “Джынс – за свабоду” Яўген Афнагель.