1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

“НезалежныЯ” – да юбілею БНР

Генадзь Канстанцінаў25 марта 2008 г.

25 сакавіка ў сядзібе БНФ адбылася прэзентацыя супольнага праекту беларускіх музыкантаў “НезалежныЯ”, прымеркаванага да 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

https://p.dw.com/p/DU8Y
Фото: Bilderbox

Альбом скалаецца з 22 кампазіцыяў як вядомых рок-выканаўцаў – N.R.M, Pomidor/Оff, P.L.A.N., Піта Паўлава і гурта “Гарадзкія”, гэтак і зусім маладых калектываў – Dali, IQ 48, Recha ды іншых. Як кажа прадусар праекту Франак Вячорка, усе песні аб’яднаныя беларускай мовай, нагодай іх выхаду – 25 сакавіка і, натуральна, іх пазітыўным настроем і характарам.

Друкарні адмовілі

Паводле словаў прадусара, новы альбом – гэта “адбітак сітуацыі, якая склалася ў беларускай музыцы, калі новая, сучасная, эксперыментальная плынь выходзіць на першы план, і ў той жа час “генералы айчыннага року” – N.R.M., “Крама”, “Нейра Дзюбель”, не саступаючы ім, не даючы фору, шукаюць новыя кірункі, праводзяць новыя эксперыменты, робяць новыя спробы ў беларускай музыцы”.

Як паведаміў Франак Вячорка, выдаўцы сутыкнуліся з нечаканай праблемай на завяршальнай стадыі праекта.

“Вокладкі для гэтых дыскаў друкарні адмовіліся браць да 25 сакавіка, маўляў, гэта можа стаць нелегальнай прадукцыяй да 25 сакавіка, а вось як толькі пройдзе акцыя, тады мы іх надрукуем. Таму пакуль што мы зрабілі 200 пробных вокладак, раздрукаваных у лічбавым фармаце, але ў канцы тыдня з’явіцца ўжо паўнацэнны наклад у дзве тысячы дыскаў”.

Песні для праекта адбірала спецыяльная камісія. Як адзначыў укладальнік альбому Адам Птушка, “мы калегіяльна праслухалі ўвесь матэрыял, адабралі 22 кампазіцыі. Таксама быў абвешчаны конкурс праз сайт “Тузін хітоў” і некаторыя іншыя, і пэўныя гурты скарысталіся такой магчымасцю, напрыклад, гурт “Заточка” даслаў матэрыял на гэты сайт і патрапіў у гэтую складанку”.

Незалежны – Я!

Прадусар Франак Вячорка патлумачыў назоў супольнага праекту.

“НезалежныЯ” чытаецца двума спосабамі – з аднаго боку, гэта незалежныя як незалежныя музыкі, а з іншага боку, гэта незалежны - я, я – незалежны. У гэтым каламбуры ёсць пэўная доля праўды. Незалежным быць цяжка. Незалежнаму трэба вызваліцца, сарваць кайданы і праявіць сваё “я” у песні, у слове, у справе. У гэтым ёсць місія гэтага дыску”.

Прыкладам супольнай працы музыкаў ёсць кампазіцыя “Загінуўшым паэтам прысвячаецца” гурта “B:N” і Лявона Вольскага. Як распавёў гітарыст гурта Максім Літвінец, “мы адаслалі Лявону тэкст, ён пагадзіўся зрабіць мастацкую перапрацоўку гэтага тэкста, і потым, калі ўжо запісвалі гэтую песню, ён пагадзіўся з намі яе запісаць”.