1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Невялікі наклад велічыні нумар адзін

Прэзентацыя збораў твораў Васіля Быкава – галоўная падзея першага дня работы расійскай экспазіцыі на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе. Беларускія гандляры не спяшаюцца распаўсюджваць кнігі Быкава. Чаму?

default

Васіль Быкаў

С 6 па 10 лютага ў нацыянальным выставачным павільёне “Белэкспо” адбудзецца XV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі — 2008”. Сёлета ўдзел у выставе прымуць выдавецтвы 17 краін, у тым ліку з Расіі, Украіны, Славакіі, Польшчы, Германіі, Кітая, Індыі, Францыі, Арменіі, Швецыі, ЗША. Упершыню ўдзельнікамі кніжнага форуму стануць Італія, Казахстан, Венесуэла, Швейцарыя. Пачэсным госцем XV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы стане Ізраіль.

Быкаў – велічыня нумар адзін

Выпуск збораў твораў Васіля Быкава на рускай і беларускай мовах – сумесны праект Саюза беларускіх пісьменнікаў і расійскага выдавецтва “Время”, распавядае генеральны дырэктар выдавецтва Барыс Пастэрнак:

“Ініцыятарам быў Саюз беларускіх пісьменнікаў, зразумела, бо Быкаў для Саюза –велічыня нумар адзін”.

Апошнім часам у выдавецтве “Время” пабачылі свет зборы твораў пісьменнікаў, якія, па меркаванні выдаўцоў, найбольш поўна адлюстроўваюць сваю эпоху: першы у Расіі збор твораў Салжаніцына ў трыццаці тамах, васьмітомнік Сахарава, дзесяць тамоў Іскандэра, чатырохтомнікі Бабеля і Высоцкага…

“Быкаў нам падаўся ў гэтай кампаніі зусім не лішнім”, - падкрэслівае Барыс Пастэрнак.

Васіль Быкаў сам склаў план-праект “выдання наадварот”

У апошнія гады жыцця вядомага пісьменніка ягоныя кнігі выдаваліся на радзіме малымі накладамі за грошы грамадскіх арганізацый і асабістыя ахвяраванні беларусаў. 14-томнае беларускамоўнае выданне – першы поўны збор твораў Быкава. Шэсць тамоў ужо пабачылі свет, сёмы – існуе ў макеце. Рускамоўны васьмітомнік толькі рыхтуецца да друку. План-праект выданняў Быкаў склаў сам. А жонка Ірына Міхайлаўна перадала ягоныя нататкі ў выдавецтва.

“Быкаў пажадаў у першыя тамы ўключыць самыя значныя, з яго пункту гледжання, творы. Не ў храналагічным парадку склаў збор, а ў адваротным. Крыху незвычайны падыход, але аўтар мае права”, - гаворыць дырэктар выдавецтва.

Сябар пісьменніка Генадзь Бураўкін падкрэслівае, што аналагічны праект быў падрыхтаваны дзяржаўным выдавецтвам «Мастацкая літаратура» яшчэ калі быў жывы Васіль Быкаў. Ужо ў друкарні выпуск накладу першага тома раптоўна адмянілі.

Данцова супраць Быкава

Беларускамоўнае выданне пабачыла свет накладам 3 тысячы экземпляраў.

“Мы звычайна заўсёды выдаем невялікія наклады – адпрацаваная еўрапейская практыка. Гэта не тая літаратура, якая, як дэтэктыў разлятаецца вокаімгненна 15-20 тысячнымі накладамі. Гэта літаратура “сыходзіць” марудна, але пастаянна. На яе заўсёды ёсць попыт”, - тлумачыць Барыс Пастэрнак.

Палова накладу была перададзеная Саюзу беларускіх пісьменікаў. Прадстаўнікі гэтай грамадскай арганізацыі бясплатна перадаюць кнігі Васіля Быкава бібліятэкам.

“Самае для мяне, напрыклад, дзіўнае, што некаторыя прымалі гэтыя дары без асаблівага энтузіязму, хаця там усе творы, якія ў свой час прайшлі яшчэ савецкую цэнзуру і нічога небяспечнага там няма. Але чамусьці з такой насцярогай прымаліся гэтыя тамы Васіля Быкава!”, - здзіўляецца паэт Генадзь Бураўкін.

Па словах Барыса Пастэрнака, продаж беларускамоўнага выдання ідзе ў Беларусі “даволі такі вяла”.

“Існуе некая перасцярога, якую я патлумачыў бы палітычнымі прычынамі. Мы арыентаваліся, што праектам зацікавяцца беларускія аптовыя кніжныя прадпрыемствы. Але цікаўнасць праяўляюць, хутчэй асобныя грамадзяне: дзе дастаць, дзе набыць”, - распавядае выдаўца.

Афіцыйнай забароны на распаўсюд твораў Быкава ў Беларусі не існуе. Але гэта факт: кнігі не пускаюць да чытачоў.

“Гэта нейкая, даруйце, злачынства перад культурай і перад людзьмі, - лічыць Генадзь Бураўкін. - У тых кнігарнях, дзе я быў апошнім часам, я бачу дзікія залежы розных дэтэктываў, дамскіх раманаў невядома якіх аўтараў. А Быкаўскіх кніжак няма”.

Каб запэўніцца ў канкурэнтаздольнасці Васіля Быкава, на думку Генадзя Бураўкіна, кнігі пісьменніка трэба проста пакласці на паліцы ў кнігарнях.

Контекст