1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Невядомая Еўропа вачыма мастакоў

У берасьцейскім музеі “Выратаваныя каштоўнасці” пачала сваю працу выстава “Падарожныя нататкі. Еўропа”. Дзесяць аўтараў – майстроў графікі і фатаграфіі з пяці краінаў прадставілі на гэтай выставе свае творы.

default

Падарожжа – гэта заўсёды значна большае, чым просты крок наперад, змены ў тэрытарыяльным знаходжанні і пейзажы за вокнамі. Амаль заўсёды - гэта яшчэ і новыя ўражанні і ўзгадванні пра наведанныя мясціны. Асабліва, калі ты – мастак. А вось для наведнікаў выставы – гэта добрая нагода для падарожжаў без білетаў і віз, што дазваляе ўбачыць іншую, магчыма, зусім невядомую Еўропу, вачыма фатаграфаў і мастакоў.

Супярэчлівыя экспанаты

Як адзначыла адзін з куратараў выставы, супрацоўніца Інстытута імя Гётэ ў Мінску Кацярына Кенігсберг, “мы прадстаўляем сучаснае якаснае еўрапейскае мастацтва. Гэта бывае не кожны дзень і нават не кожны год, а таму такія выставы вельмі карысныя для тых, хто займаецца мастацтвам па прызванню сваёй душы, альбо па службовых абавязках”. Паводле яе словаў, прадстаўленыя экспанаты – падзея перш за ўсё эмацыянальная, а ўжо пасля яна мае інфарматыўны адбітак.

Па сутнасці, ўсе экспанаты, прадстаўленыя ў берасьцейскім музеі, у чымсьці супярэчлівыя і суб’ектыўныя, але ў той жа час яна вельмі цікава і разнастайна распавядаюць пра жыццё ў еўрапейскіх краінах. Па два аўтары з Літвы, Германіі, Швецыі, Польшчы і Беларусі прывезлі ў Берасьце больш за сотню сваіх работ, якія толькі часткова змешчаны у музеі “Выратаваныя каштоўнасці” (астатнія экспануюцца у абласным краязнаўчым музеі). Экспазіцыі сфармаваныя так, што ў абедзвюх музеях прысутнічаюць работы ўсіх аўтараў.

У кожнага аўтара - свая адметнасць

Кожны мастацкі твор ці фатаздымак – нібыта прыпынак у падарожжы, але адначасова ў кожнага аўтара ёсьць свая адметнасць. Як заўважыў берасьцейскі мастак Леў Алімаў, “у кагосьці ёсць схільнасць да эпатажу, у іншых творах прысутнічаюць філасофскія разважанні, але ў выніку ёсць разнастайнасць аўтараў, паколькі кожны аўтар – гэта ня толькі фатограф, а ў першую чаргу – асоба”.

Арганізатарамі выставы “Падарожныя нататкі. Еўропа”, акрамя Інстытута імя Гётэ ў Мінску з’яўляюцца амбасада Літвы ў Беларусі, Польскі і Шведскі Інстытуты. Берасьце, дзе выстава будзе працаваць да канца лета, стане перадапошнім прыпынкам у падарожжы гэтага міжнароднага тэматычнага праекта, які завершыцца ў старажытным Полацку.