1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

На што беларускае кіраўніцтва збіраецца траціць грошы налогаплацельнікаў?

Сёння беларускія дэпутаты прынялі ў першым чытанні праект закона “Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2006 год”. У ім прадугледжваецца нязначнае паніжэнне падаткавай нагрузкі.

default

Паводле міністра фінансаў Мікалая Корбута, які прэзентаваў праект, бюджэт як і раней мае сацыяльную скіраванасць. Ва ўсялякім выпадку, сярэдні заробак бюджэтнікаў да канца наступнага году, паводле міністра, складзе каля 260 даляраў, а рост рэальнай заработнай платы – 110 адсоткаў. У 2006 годзе выдаткі на адукацыю і сацыяльную палітыку павялічацца на 20 адсоткаў, на падтрымку нацыянальнай эканомікі на 16 адсоткаў. На тыя ж 20 адсоткаў павялічацца выдаткі на праваахоўныя органы і падтрымку дзяржаўных СМІ, а на сацыяльную абарону яны вырастуць амаль на 27 адсоткаў. Рэзервовы фонд прэзідэнта ў 2006 годзе плануецца сфармаваць у памеры 128 мільярдаў рублёў. Для параўнання, фонд выдаткаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі, аварыямі ды катастрофамі, будзе ў 10 разоў меншы. На наступныя выбары прэзідэнта і першы тур выбараў у мясцовыя Саветы плануецца выдаткаваць па лініі Цэнтравыбаркаму больш за 57 мільярдаў рублёў. У даляравым эквіваленце гэта ўдвая больш, чым выдаткоўвалася раней.

З 9-ці мільярдаў рублёў па артыкуле “моладзевая палітыка” больш як 7 мільярдаў атрымае Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Ёсць і даволі экзатычныя артыкулы бюджэту. Напрыклад, 900 мільёнаў адводзіцца “Інстытуту тэалогіі імя святых Кірылы і Мефодзія” БДУ, які ачольвае мітрапаліт Філарэт. Раней інстытут уваходзіў у склад Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, зачыненага ўладамі, і гэткіх грошай ад дзяржавы не бачыў.

І яшчэ адно параўнанне. Па артыкуле “Міжнароднае супрацоўніцтва” Камітэт дзяржаўнай бяспекі атрымае на 200 мільёнаў рублёў больш, чым беларускі парламент.

На думку дэпутата папярэдняга склікання Валерыя Фралова, паколькі парламент не можа кантраляваць выкананне бюджэта, а прэзідэнт яго можа мяняць цягам фінансавага году, то ніхто да дакумента сур’ёзна не ставіцца. “Колькі мы ні ўносілі паправак, ніводная ніколі не была прынятая. Прыняцце бюджэта – гэта рытуал, які праз СМІ раздзьмуваецца як нейкая карысная дзейнасць парламента”, - лічыць Фралоў.