1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

DW-РАДИО

На Берасцейшчыне пачалося будаўніцтва заводу па пераапрацоўцы другаснай сыравіны

Інвестарам будаўніцтва гэтага заводу з’яўляецца нямецкая кампанія “Сарыя Біа-Індастрыс”. Яе кіраўніцтва плануе, што выдаткі на будаўніцтва заводу акупяцца ўжо праз пяць гадоў.

На Берасцейшчыне пачалося будаўніцтва новага заводу, на якім будуць пераапрацоўваць памерлых жывёл у сельскай гаспадарцы, а таксама адыходы з прадпрыемстваў грамадскага харчавання.

Кампанія “Сарыя Біа-Індастрыс” ужо 28 гадоў аказвае комплексныя паслугі ў пераапроцоўцы другаснай сыравіны ў васьмі краінах Эўропы. Найбольшую вядомасьць сваёй дзейнасьці кампанія атрымала ў Францыі і Нямеччыне. У свой час “Сарыя Біа-Індастрыс” была адной з першых прамысловых кампаніяў, якая вырашыла інвеставаць у краіны Ўсходняй Эўропы, і вось зараз пачынае свой бізнэс у Беларусі.

Паводле словаў кіраўніка кампаніі Манфрэда Гельнэра, інвестыцыі у будаўніцтва завода, які мусіць з’явіцца паблізу раённага цэнтру Бяроза прыблізна праз год, складаюць амаль 2 мільёны эўра. Дарэчы, у Бярозаўскім раёне раней ужо існаваў завод, ня якім таксама пераапрацоўвалі аналягічную сыравіну. Але два гады таму ён быў зачынены, бо не адпавядаў санітарным нормам. Знайсці грошы для аднаўленьня такой вытворчасці мясцовыя ўлады ня здолелі, таму прыход нямецкага інвэстара ўспрымаецца як вельмі вялікае дасягненне. Дарэчы, кіраўніцтва “Сарыя Біа-Індастрыс” настойвала на тым, каб дырэктар зачыненага ў свой час заводу Васіль Куліна заняў адну з адказных пасадаў на новым прадпрыемстве. Спадар Куліна лічыць, што нямецкія інвестары зрабілі мужны крок, калі вырашылі прыйсці ў Беларусь:

“У Беларусі багаты досвед у пераапрацоўцы сыравіны, таму вялікі поспех мець такога інвестара, які не ўпершыню на гэтым рынку, ужо даўно на ім асвоіўся і працягвае прабівацца наперад, на Ўсход”.

Праблемаў с сыравінай на прадпрыемстве быць не павінна, а што да самой пераапрацоўкі, дык завод мусіць выпускаць мясакостную муку, якую будуць выкарыстоўваць для вырабу камбікорму, а таксама тэхнічны тлушч.

І яшчэ адна цікавая акалічнасць. На сённяшні дзень ніводнае аналагічнае прадпрыемства на Беларусі не з’яўляецца прыбытковым. Тым не менш, кіраўніцтва “Сарыя Біа-Індастрыс” плянуе, што выдаткі на будаўніцтва заводу акупяцца ўжо праз пяць гадоў.