1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

“Нашы дзеткі”

У сеціве пачала дзейнічаць інтэрактыўная пляцоўка для бацькоў-беларусаў “Нашы дзеткі”. Яе ініцыятары – бацькі, жыццё якіх – гэта сталая барацьба за тое, каб іх дзіця ў Беларусі выхоўвалася на беларускай мове.

default

Згодна афіцыйнай статыстыцы, у Беларусі прыблізна ў палове дашкольных установаў дзеці выхоўваюцца на беларускай мове. Аднак тыя бацькі, якія вырашылі выхоўваць сваё дзіця ў нацыянальна арыентаваным атачэнні, пераконваюцца, што на практыцы гэта не так.

Маладая маці Крысціна Вітушка аддала свайго сына Мірона ў яслі ў 1,5 гады. У 2-мільённым Мінску знайшліся толькі 2 дзіцячыя садкі, дзе з дзецьмі размаўлялі па-беларуску. Пры гэтым адпаведныя ўмовы ў дзяржаўным садку стварала сама Крысціна і такія ж ініцыятыўныя бацькі.

У інтэрв’ю “Нямецкай хвалі” Крысціна Вітушка распавяла, што статус беларускамоўнага садка яшчэ не мяркуе выхавання на беларускай мове. Так, ясельная група ў беларускамоўным садку да прыходу маленькага Мірона была рускамоўнай. Чыноўнікі тлумачылі гэта тым, што, маўляў, у дзяцей у гэты час адбываецца адаптацыйны перыяд, які не варта ўскладняць стрэсам ад беларускай мовы. І толькі на другім годзе навучання з дзецьмі раз на тыдзень займаюцца беларускай мовай. Дзякуючы бацькам, ясельная група сталічнага садка №187 насамрэч стала беларускай.

Штодня з дзецьмі на роднай мове размаўляюць выхавацелі, псіхолагі, настаўнікі музыкі і фізкультуры. Аднак, па прызнанні Крысціны Вітушкі, для гэтага былі прыкладзеныя немалыя матэрыяльныя і маральныя высілкі. Так, бацькі на ўласных легкавых машынах прывозілі пясок для дзіцячых пясочніц, набывалі пыласос, беларускія кнігі, перакладалі на беларускую мову метадычныя дапаможнікі, арганізоўвалі дзіцячыя святы.

Гісторыя Крысціны Вітушкі з’яўляецца хутчэй выключэннем з агульных правілаў. Па-першае, далёка не ўсе, уключна самых свядомых бацькоў, здольныя на сталую барацьбу за адпаведнае выхаванне свайго дзіцяці. Па-другое, сама Крысціна – прыклад таго, як з грамадскай дзяячкі вырастае актыўная маці. Справа ў тым, што яшчэ да стварэння сям’і Крысціна тры гады ачольвала Задзіночанне беларускіх студэнтаў – моладзевую арганізацыю, вядомую сваёй актыўнай дэмакратычнай пазіцыяй. Непасрэдна з ініцыятывы Крысціны выдаваўся беларускі часопіс для маладых сем’яў “Дамініка”, які перарос ў інтэрнет-сайт “Нашы дзеткі”.

Дарэчы, дызайн сайту бясплатна распрацоўваюць лепшыя адмыслоўцы, паколькі ў далейшым разлічваюць на дапамогу ў беларускамоўным выхаванні сваіх дзяцей. А месяц таму Крысціна Вітушка была абраная старшынёй мінскай арганізацыі Таварыства беларускай школы. Паводле актывісткі, яе новая пасада – гэта працяг барацьбы за беларускамоўнае выхаванне сына і іншых дзяцей ужо ў школе.

Ссылки в интернете