1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Нарвежскі прарыў БХД

З Нарвегіі ў Беларусь вярнулася дэлегацыя аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, якая знаходзілася ў Осла па запрашэнні мясцовых хрысціянскіх дэмакратаў.

default

У часе візіту беларусы сустрэліся з нарвежскімі парламентарамі, а таксама дзяржасакратаром гэтае краіны Раймондам Йохансэнам, супрацоўнікамі аддзелу Міністэрства замежных справаў па справах краінаў СНД, прадстаўнікамі Нарвежскага ПЕН-цэнтру, правялі шэраг важных перамоваў.

Падрабязнасці візіту DW-RADIO паведаміў кіраўнік беларускае дэлегацыі, сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец.

“Вынік нашай трохдзённай паездкі ў Нарвегію – гэта падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве з Нарвежскай хрысціянска-дэмакратычнай партыяй (KRF) – адной з найбуйнейшых парламенцкіх партыяў гэтай краіны і планаванне далейшага супрацоўніцтва ў міжнароднай, інфармацыйнай сферы, у сферы абмену досведам.

Супраца БХД з нарвежскімі хрысціянскімі дэмакратамі азначае для нас перайманне досведу спелай хрысціянскай дэмакратыі, такой, якая ёсць у Нарвегіі, перайманне вельмі моцных традыцыяў мясцовага самакіравання: мы размаўлялі, напрыклад, пра супрацоўніцтва з Руваландам, адной з найбольш буйных нарвежскіх земляў. У планах далейшага супрацоўніцтва ў нас абмены на мясцовым і рэгіянальным узроўні.

Мы размаўлялі пра інфармацыйную і міжнародную супрацу, каб разам адстойваць дэмакратыю ў Беларусі ў міжнародных структурах. Гутарылі пра пытанне ўзаемадзеяння з цэрквамі, бо ў Нарвегіі мы сустракаліся і з кіраўніцтвам Рады цэркваў, якая аб’ядноўвае ўсе хрысціянскія цэрквы гэтае краіны; пра праваабарончую тэматыку, таму што сустракаліся праз пасярэдніцтва хрысціянскіх дэмакратаў з вядучымі праваабарончымі арганізацыямі, якія працуюць з Беларуссю – Нарвежскім Хельсінскім камітэтам і мясцовым аддзяленнем “Міжнароднай амністыі”.

Па словах Павала Севярынца, БХД разлічвае на далейшае ўмацаванне кантактаў з нарвежскімі партнёрамі.

“Супрацоўніцтва будзе вельмі эфектыўным. Нарвегія – краіна са сталай дэмакратыяй, нарвежскія хрысціянскія дэмакраты праз Паўночную Раду ўжо зараз бяруць вельмі актыўны ўдзел у еўрапейскіх справах, уключаючы беларускую палітыку і беларускую эканоміку.

Дастаткова сказаць, што Паўночная Рада падтрымлівае такія праекты, як Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (ЕГУ), а падчас візіту некалькі месяцаў таму дэлегацыя Паўночнае Рады размаўляла пра энергетычныя праекты ў беларускім урадзе і ў Палаце прадстаўнікоў”.