1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Напалеон Орда вяртаецца на Беларусь

Такі лейтматыў мерапрыемстваў, прымеркаваных да 200-х угодкаў з дня нараджэння, што адбыліся на Берасцейшчыне – радзіме славутага мастака і музыканта. Чаму той факт, што ён нарадзіўся на Беларусі, доўгі час замоўчваўся?

default

Напалеон Орда

З гэтай нагоды ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсітэце адбылася буйная міжнародная навуковая канферэнцыя, а ў мясцовым мастацкім цэнтры адчынілася выстава рэпрадукцый Орды, якія захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве.

Вучыўся ў Вільні і Парыжы, сябраваў з Фрыдэрыкам Шапэнам і Адамам Міцкевічам, аўтар сотняў архітэктурных і мастацкіх замалёвак, а таксама шматлікіх музычынх твораў. Усё гэта пра Напалеона Орду, які паходзіў са знакамітай шляхецкай сям'і. Але ж той факт, што ён нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі (у вёсцы Варацэвічы Іванаўскага раёну), чамусьці доўгі час замоўчваўся.

Чаму варта памятаць пра тыя часы

Пытанне «чаму так адбылося» і адказ на яго шукалі удзельнікі міжнароднай канферэнцыі, што была скліканая да 200-х угодкаў Напалеона Орды. Часцей за ўсё адказ гісторыкаў тлумачыўся тым, што ідэёлагам у савецкія часы не падабаліся некаторыя факты з біяграфіі Орды: у студэнцкія гады Напалеон браў удзел у паўстанні 1830-31 гадоў, быў арыштаваны царскімі ўладамі, а пасля задушэння паўстання шчыльна кантактаваў з польскай эміграцыяй.

Генеральны консул Польшчы ў Берасьці Яраслаў Ксёнжэк, паводле ініцыятывы якога ў гэтым горадзе адчынілася выстава рэпрадукцый Напалеона Орды, у часе імпрэзы патлумачыў, чаму варта памятаць пра тыя часы. Па Яго словах, берасьцейскі рэгіён вельмі спецыфічны, бо там адбываліся адметныя падзеі ў ваенны час і пасля вайны. «Гэтай выставай мы хочам прыгадаць, што гісторыя гэтага краю не пачынаецца з 1917 году і ў часы Орды нашы народы жылі ў адзінай дзяржаве – Рэчы Паспалітай», - адзначыў генеральны консул Польшчы ў Берасьці.

Гістарычная спадчына Орды

Прадстаўнікі афіцыйнай беларускай улады дыскусію на гэты конт не распачыналі, але вырашылі заўважыць, як гэта зрабіў кіраўнік аддзелу культуры Берасьцейскага аблвыканкаму Рыгор Бысюк, што менавіта землякі Напалеона Орды зрабілі апошнім часам ўсё, каб ушанаваць выбітнага кампазітара і мастака. «Гэта яны, іванаўцы, адкрылі ў першую чаргу імя Напалеона Орды. Яны пачалі і вось прайшло амаль трыццаць год, і сёння імя Напалеона Орды ведаюць ва ўсім свеце».

Старшыня Берасьцейскага абласнога культурна-асветніцкага аб'яднання імя Напалеона Орды Віталь Клімчук упэўнены, што і пасля заканчэння ўсіх святочных мерапрыемстваў творчасць Орды не будзе забытая, таму што «спадчына Напалеона Орды як мастака настолькі прываблівае педагогаў і вучняў, што будзе ісці толькі пашырэнне і паглыбленне цікавасці да яго творчасці і павялічэння колькасці прыхільнікаў».

Але захаваць трэба будзе ня толькі творчую спадчыну. Паводле ініцыятывы Генеральнага консульства Рэспублікі Польшчы, у Берасьці прапануецца прывесці ў належны стан магілу Напалеона Орды ў Іванаве, бо гэта таксама павінна адлюстроўваць пашану нашчадкаў да памяці славутага земляка.