1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Міністар унутраных справаў У.Навумаў: “адрываць галовы” міліцыянты нікому не будуць

Восем тысячаў супрацоўнікаў праваахоўных органаў панеслі роснай ступені пакаранні за парушэнне загаду нумар 1 міністра ўнутраных справаў у 2005 годзе.

Пра гэта ў сераду заявіў на прэсканферэнцыі галава МУС Уладзімір Навумаў, калі падсумоўваў вынікі працы яго ведамства за мінулы год. Прычынай пакаранняў сталі грубасць дачынна грамадзянаў, скажэнні фактаў у часе следчых дзеянняў, абыякавасць супрацоўнікаў міліцыі. Паводле міністра, за ўказаны перыяд у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі заведзеныя 300 крымінальных справаў, у асноўным, за хабарніцтва. Следства праводзілі супрацоўнікі ўласнай бяспекі МУС. Летась з органаў былі звольненыя за розныя парушэнні дзясяткі кіраўнікоў сярэдняга звяна. Паводле Навумава, больш за тысячу прадстаўнікоў выканаўчай улады выяўлены ў злачынствах у фінансава-крэдытнай сферы, гандлі, аграпрамысловым комплексе, у прамысловасці і на будоўлі. Адказваючы на пытанні журналістаў пра лёс скрадзеных экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, былога віцэ-спікера Вярхоўнага Савету 13 склікання Віктара Ганчара, прадпрымальніка Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага, Навумаў чарговым разам падкрэсліў, што ў Беларусі тысячы людзей лічацца зніклымі без вестак, таму выдзяляць у асноўную групу справы названых вышэй вядомых асобаў у Міністэрстве не збіраюцца. Апрача таго, міністр пракаментаваў пагрозу прэзідэнта Лукашэнкі “адарваць галаву” усім, хто паспрабуе арганізаваць масавыя акцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Навумаў запэўніў, што “адрываць галовы” міліцыянты нікому не будуць, але ім дадуць указанне дзейнічаць па ўсёй жорсткасці закону і ў адпаведнасці з распараджэннямі галавы дзяржавы. Дарэчы, з пачаткам датэрміновага галасавання міліцыя пяройдзе на ўзмоцнены рэжым працы.

Адказваючы на пытанне з нагоды затрымання міліцыяй накладаў незалежных газетаў, якія цяпер змушаныя друкавацца ў Расіі, кіраўнік МУС адзначыў, што гэта робіцца ў рамках барацьбы з магчымай кантрабандай, пры гэтым для міліцыі няма розніцы, газеты гэта, тытунёвыя вырабы ці спіртаўтрымліваючая вадкасць. Апрача таго, міністр паведаміў, што працягваецца следства па справе выбухаў у Віцебску, ужо ёсць затрыманыя. Уладзімір Навумаў абверг інфармацыю аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці былога кіраўніка Следчага камітэту МУС Леаніда Глухоўскага і назваў інфармацыю, што з’явілася ў Інтэрнэце, “плёткамі”. Датычна міжнароднага супрацоўніцтва МУС Навумаў паведаміў, што ў траўні ў Мінску пройдзе еўрапейская сесія Інтэрполу з удзелам прадстаўнікоў праваахоўных органаў больш як cарака краінаў.