1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Мінск наведала дэлегацыя ад Хаўера Саланы

8-га сакавика завяршаецца двухдзённы візіт дэлегацыі Еўрасаюзу, якую накіраваў у Мінск вярхоўны прадстаўнік ЕС у пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі Хаўер Салана. Пра сустрэчы, якія ладзіла дэлегацыя 7-га сакавіка.

Дзяржаўныя медыі пакінулі візіт без увагі. У зводках БЕЛТА можна прачытаць толькі адну згадку: на сустрэчы бельгійскага дэпутата Жана-Поля Анры з кіраўніком Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Канаплёвым госць сказаў, што ў бліжэйшыя дні Беларусь "плануе наведаць дэлегацыя ад Хаўера Саланы". Між тым дырэктар аддзелу палітычнага планавання кабінета вярхоўнага камісара Еўрасаюза па знешняй палітыцы і бяспецы Хельга Шмід (Helga Schmidt) і галоўны дарадца гэтага аддзелу Пірк Тапіола (Pirkka Tapiola) сустрэліся як з прадстаўнікамі апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, гэтак і ўладаў - міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. Праўда, даступным для прэсы аказаліся менавіта апаненты кіроўнага рэжыму. Вось што ў інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавёў пра сустрэчу з прадстаўнікамі Хаўера Саланы:

"Мы выказалі кансалідаваную ў прынцыпе пазіцыю ў плане апісання сітуацыі і бачання перспектываў яе развіцця Беларусі. Мы - гэта Аляксандр Мілінкевіч, Сяргей Калякін і я. Мы зрабілі прэзентацыю нашага падыходу да перспектыў мажлівага дыялогу з беларускімі ўладамі, зрабіўшы акцэнт на фармат гэтага дыялогу. Ён мусіць быць абавязкова трохбаковы: улада, апаненты беларускага рэжыму і пасярэднік - адказныя міжнародныя структуры. І таксама пералік пытанняў, якія там павінны быць. Вось з гэтым падыходам дэлегацыя і пайшла на сустрэчу з прадстаўнікамі дзяржаўных улад".

Я запытаўся пра асабістыя ўражанні спадара Лябедзькі ад сустрэчы і вось што пачуў у адказ:

"Гэтыя людзі - прагматыкі. І яны сказалі, што яны не будуць верыць ніводнаму слову, таму што ёсць практыка, яна негатыўная, негатыўны досвед папярэдніх узаемаадносін. Яны будуць рэагаваць толькі на рэальныя крокі па змяненні палітычнага клімату ў Беларусі. Гэта іх прынцыповая пазіцыя. Яны гавораць: можа не ўсё і не адразу, але павінны быць выразныя такія крокі на змену сітуацыі якраз у фармаце тых прыярытэтаў, якія мы акрэслілі".

З калегай згодны старшыня Палітрады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч:

"Я ўсіх, хто прыехаў, даўно ведаю. Гэта прафесійныя людзі. Яны ўмеюць працаваць у зонах, дзе ёсць канфлікты. І яны сапраўды хацелі, каб адбыўся дыялог, гаварылі аб тым, што вельмі важна, каб дэмакратычныя сілы таксама ў ім удзельнічалі. І калі будзе дыялог наконт Беларусі Вашынгтона, Бруселю і Масквы, нельга, каб беларуская апазіцыя з гэтага працэсу выпадала. Я думаю, што яны ўмеюць сваю справу рабіць. Іншая рэч, ці хоча беларуская ўлада сапраўды праводзіць рэформы па лібералізацыі".

У размове з высокапастаўленымі еўрапейскімі дыпламатамі Аляксандр Мілінкевіч звярнуў увагу на апошнія гучныя факты палітычных рэпрэсіяў у Беларусі: справы Канстанціна Лукашова і Дзяніса Дзянісава. Аляксандр Мілінкевіч канстатаваў, што сёння рэжым узмацняе рэпрэсіі супраць актывістаў дэмакратычнага руху. Лідэр дэмакратычных сілаў адзначыў, што пачатак сапраўднага дыялогу з беларускім рэжымам можа быць толькі пры ўмове вызвалення ўсіх палітычных вязняў і спынення палітычнага ціску.

Прадстаўнікі Хаўера Саланы сустрэліся таксама з дзеячамі трэцяга сектару: старшынёй Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанай Літвіной, прадстаўнікамі Беларускага Хельсінкскага камітэту Таццянай Процькай і Гары Паганяйлам ды іншымі. Візіт завяршаецца 8-га сакавіка, а на наступным тыдні ў Бруселі дэлегацыя падсумуе вынікі свайго наведвання Беларусі і выпрацуе пэўныя рэкамендацыі.