1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Мікалай Аўтуховіч абвесціў сухую галадоўку

У Гародні працягваецца судовы працэс па крымінальнай справе ваўкавыскага прадпрымальніка фірмы “Радыётаксі” М. Аўтуховіча. Яго абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Учора ў залі суда Аўтуховіч абвесціў сухую галадоўку. Сухая галадоўка – гэта пратэст Мікалая Аўтуховіча супраць адхілення хадайніцтва адвакатаў аб вызваленні яго з-за кратаў пад падпіску аб нявыездзе. Прадпрымальнік галадае ўжо больш за 40 дзён. З 13-га красавіка, калі суд распачаў разгляд крымінальнай справы, Аўтуховіч адмовіўся ад прыёму ежы і піў толькі мінеральную ваду з мёдам. Цяпер ён не п’е нават вады.

Гэта пятая галадоўка пратэсту за тры гады барацьбы прадпрымальніка за свае правы. Нагадаю, что ў 2003 годзе Ваўкавыская падаткавая інспекцыя прызнала ўзаемаразлікі паміж фірмай Аўтуховіча «Радыётаксі» і транспартнай фірмай “Ніка-Транс” адным са спосабаў пазбегнуць выплаты падаткаў. А ў кастрычніку мінулага году на прадпрымальніка была заведзеная крымінальная справа.

Тады ён галадаваў 74 дні супраць зняволення яго на час следства, якое праводзіла Ўпраўленне фінансавых расследаванняў па Гарадзенскай вобласці. Паводле супрацоўніка фірмы Аўтуховіча Уладзіміра Асіпенкі, Мікалай яшчэ не паправіўся ад папярэдняй галадоўкі. Ён вельмі аслабелы, няспешна перамяшчаецца і ціха размаўляе на судовым працэсе.

На дадзены момант суд ужо заслухаў 36 сведкаў з чатырох дзясяткаў, якія павінныя выступіць на працэсе, у тым ліку і адмыслоўцаў з Міністэрства па падатках і зборах. Дарэчы, менавіта ад прадстаўніцы падаткавага ведамства прагучала думка пра тое, што дзеянні Аўтуховіча па разліках з фірмай “Ніка-Транс” не забароненыя Грамадзянскім кодэксам.

На судзе яшчэ запланаваныя спрэчкі бакоў і выступы адвакатаў, а канчатковага прысуду, магчыма, трэба чакаць толькі праз некалькі тыдняў.

Ці вытрымае новае выпрабаванне арганізм Мікалая Аўтуховіча, які толькі што перанес працяглае галаданне?

“Сухая галадоўка без вады пагражае немінучай смерцю», - сцвярджае дацэнт Гарадзенскага медычнага ўніверсітэту Аляксандр Навумаў.

Адвакат Аўтуховіча Галіна Іванова кажа, што адмаўленне ад ежы і вады – гэта парушэнне турэмнага рэжыму. За станам здароўя прадпрымальніка, які трымае галадоўку, назіраюць медыкі, але прымусовае кармленне не прадугледжанае. Только калі ад знясілення ён страціць прытомнасць, яго змесцяць пад кропельніцу.

Мікалай Аўтуховіч па-ранейшаму лічыць, што яго крымінальная справа наўмысна сфальсіфікаваная. Ён заявіў суду, што не мае надзеі на справядлівасць, і гатовы памерці за кратамі, каб перашкодзіць будучаму неправеднаму, на яго думку, прысуду.