1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Мэта – патрабаваць ад уладаў прызнаць гэты факт

У траўні-чэрвені 2007 года ў Шчакатоўскім лесе пад Гомелем былі знойдзеныя парэшткі людзей. Паводле мясцовым жыхарам, час ад часу на паверхні зямлі з’яўляюцца чалавечыя косці. Афіцыйныя структуры гэтаму увагі не надаюць.

default

Паводле словаў актывіста Віталя Рымашэўскага:

“Першымі на месца масавых катаванняў прыбылі гомельскія актывісты. Ніякіх раскопак там яшчэ на той момант не вялося. Яны знайшлі гэтае месца самастойна”.

Хутка вярнуўшыся ў Шчакатоўскі лес, актывісты ўбачылі, што там ужо вядуцца раскопкі, якія ажыццяўляў 52-гі спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны Беларусі. Як стала вядома, на тым месцы былі знойдзеныя парэшткі 70-ці чалавек, якія вайскоўцы запакавалі ў цалафанавыя мяшкі і перадалі на часовае захаванне ў Прыбыткоўскі сельскі савет. Паводле словаў Віталя Рымашэўскага:

“Калі яны прыехалі праз два тыдні на тое месца, там ужо вяліся раскопкі, прычым мясцовыя актывісты знайшлі там гільзы, былі ў гэтых ямах і боты. Жаўнеры ж гэтага батальёну сцвярджалі, што ні гільзаў, ні парэшткаў адзежы няма. З гэтага можна зрабіць выснову, што гэта спроба сакрыць, схаваць сталінскія злачынствы”.

Пра тое, што гэта парэшткі не ахвяраў часоў апошняй вайны, а людзей, забітых энкавэдыстамі, сведчаць і жыхары навакольных вёсак – сучаснікі тых падзеяў. Гэты запіс актывісты зрабілі ў часе наведваньня адной з такіх вёсак:

“Гэта было ў 37-м годзе. Гэта людзі, расстраляныя ў часе рэпрэсій. Гэта нашы бацькі, і на нашых бацьках пасадзілі лес і хочуць закрыць гэта ўсё”.

Аргкамітэт ушанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў пісьмова звяртаўся з патрабаваннямі даць яснасць у гэтай справе і да Міністэрства абароны, і да мясцовых уладаў, у тым ліку да намесніцы старшыні Гомельскага райвыканкаму Наталлі Аксёнавай, аднак ніякага адказу на свае допісы не атрымаў.

Здавацца актывісты не збіраюцца. І прычына для таго вельмі істотная – як сталася вядома, у адпаведнасці з існым планам забудовы Гомеля, на месцы расстрэлаў у Шчакатоўскім лесе мусяць з’явіцца новыя мікрараёны. Таму аргкамітэт па ўшанаванні памяці, паводле яго сябра Вячаслава Сіўчыка, паставіў перад сабою канкрэтныя мэты:

“Інфармацыя, якой мы валодаем з выканаўчых структураў, паказвае, што там пахаваныя менавіта ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Таму першая мэта – патрабаваць ад уладаў прызнаць гэты факт. І другая не менш важная задача – гэта патрабаваць комплексных сістэмных раскопак па ўсім лясным масіве і абавязкова з удзелам экспертаў, якія б прэзентавалі беларускую грамадскасць, бо ў нас шмат праблемаў менавіта таму, што ўлады ўтойваюць інфармацыю, што ў прынцыпе даволі недарэчна. Бо размова ідзе аб тым, што адбывалася вельмі даўно, і гэта ўсё трэба прызнаць”.

Аргкамітэту з вуснаў мясцовых жыхароў стала таксама вядома, што на месцы цяперашняга Шчакатоўскага лесу ў 1937-м годзе энкавэдысты расстрэльвалі таксама і прывезеных жыхароў суседняй з Гомельшчынай Чарнігаўскай восбласці Украіны. З гэтай нагоды аргкамітэт ушанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў звярнуўся да прэзідэнта Украіны Віктара Юшчанкі з просьбай даць даручэнне кампетэнтным службам праверыць са свайго боку версію вывазу з Чарнігаўшчыны ў Нова-Беліцу (яшчэ адзін назоў гэтага жахлівага месца) і расстрэлу там рэпрэсаваных грамадзянаў Украіны.