1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

“Мы не змаглі застацца ў Беларусі – мы працягваем сваю дзейнасць тут”

Тры гады таму маладыя беларускія эмігранты пры ўдзеле польскіх студэнтаў стварылі “Звяз у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі”, дзе задэкларавалі сабе за мэту ўсебаковую дапамогу дэмакратычнаму руху Беларусі.

На сённяшні дзень гэта ўжо дастаткова папулярная і вядомая ў Польшчы арганізацыя, а яе філіі існуюць у шмат якіх польскіх гарадах – Варшаве, Беластоку, Познані, Уроцлаве, Кракаве, Лодзі. Наколькі эфектыўныя ініцыятывы датычна Беларусі, што ажыццяўляюцца на адлегласці?

Старшыня “Звязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” Антось Цялежнікаў перакананы, што і на адлегласці таксама шмат карыснага можна зрабіць для Беларусі:

« І д э я ўзнікла таму, што мы адчулі патрэбу, знаходзячыся тут, у Польшчы, займацца беларускай праблематыкай. Нельга забывацца на тое, адкуль мы паходзім і што ў нашай краіне існуюць праблемы. Таму і з’явіўся “Звяз у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі”, які існуе ўжо некалькі гадоў. За гэты час мы правялі сотні акцыяў, прэзентацыяў, канцэртаў, выставаў,вялікую колькасць пэрфомансаў. Ну і галоўнае нашае дасягненне – гэта, бадай, кампанія салідарнасці “16 чысла”, якую мы ладзім ужо болей за год і якая адбылася ў больш, чым 15-ці гарадах Польшчы. Тысячы палякаў выйшлі на вуліцы і паказалі сваю салідарнасць з Беларуссю».

Адзным з галоўных вынікаў гэтай дзейнасці, адзначае суразмоўца, ёсць рэакцыя на сітуацыю ў Беларусі з боку еўрапейскай супольнасці, у прыватнасці, палітыкаў. Інакш кажучы, рост зацікаўленасці палітычных колаў у плане спрыяння вырашэнню беларускіх праблемаў:

« Грамадская думка вельмі ўплывае на польскіх палітыкаў. І гэта насамрэч вельмі добры прыклад, калі Польшчы вельмі актыўна і эфектыўна дапамагае Беларусі – прычым, канкрэтна, а непроста нейкімі гучнымі заявамі”.

Безумоўна, падкрэслівае Антось, асноўныя і самыя важныя падзеі і дзеянні адбываліся і будуць адбывацца ў самой Беларусі, але і суайчыннікі за мяжой таксама робяць свой унёсак у агульную справу. А на адным месцы і камень мохам абрастае – дзейнасць мусіць ажыццяўляцца незалежна ад геаграфічнага месцазнаходжання. «Мы салідарныя з тымі, хто змагаецца за правы і дэмакратычныя каштоўнасці ў Беларусі, усяляк імкнемся дапамагаць нашым суайчыннікам і, мяркую, для іх гэта таксама вельмі важна – ведаць, што мы з імі», - адзначае суразмоўца:

«Пр ыклад арганізацыяў, што існавалі калісьці за мяжой, дыяспараў – як беларускае студэнцтва пасля другой сусветнай вайны ў Бельгіі ці Вене, сведчыць пра тое, што такія арганізацыі патрэбныя. Варта аб’ядноўвацца і быць разам ».

Ці не адчуваюць актывісты папрокаў у свой адрас, маўляў, добра вам там змагацца ўдалечыні ад Радзімы, на адлегласці, у цяплічных умовах, нічымне рызыкуючы?

Гаворыць Антось Цялежнікаў:

«Самае цікавае, што да нас звяртаюцца людзі з Беларусі, пішуць да нас, што хочуць далучыцца да нашай арганізацыі і стварыць філіялы ў Беларусі. Што, безумоўна, сведчыць пра эфект нашай дзейнасц, што мы тут не проста так сядзім. У нас тут таксама ёсць пэўныя праблемы і клопаты, але я лічу, што дзейнасць мусіць ажыццяўляцца ў любых умовах. Мы не змаглі застацца ў Беларусі – мы працягваем сваю дзейнасць тут”.

Паводле словаў Антося Цялежнікава, з кожным годам усё больш заўважная цікавасць да беларускай праблематыкі з боку польскіх актывістаў, у прыватнасці, студэнцтва.

На сённяшні дзень, гаворыць Антось, ужо цяжка сказаць, каго ў арганізацыі болей – палякаў ці беларусаў:

« І зараз гэта робіцца модным – ствараюцца новыя арганізацыі, што, на мой погляд, безумоўна, добры працэс. Думаю, працы тут хопіць для ўсіх, бо сітуацыя ў Беларусі даволі складаная. І мяне вельмі цешыць, што палякі далучаюцца да нас ».