1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

«Мне было сумна і радасна адначасова»

Ігар Росман родам з Баранавічаў. Калі на пачатку 90х гадоў яго сям’я атрымала дазвол на ўезд у Нямеччыну, Ігар акурат сканчваў школу. Сёння ён вучыцца ў берлінскім універсітэце па спецыяльнасці «Праблемы Ўсходняй Эўропы»

default

Навіна пра будучы ад’езд у Нямеччыну ўсхвалявала шаснаццацігадовага падлетка да глыбіні душы:

« Гэта было вельмі дзіўнае пачуццё : з аднаго боку, я ўзрадваўся – мяне чакала нешта новае, незнаёмае. З іншага боку, я, канешне, разумеў : маё ранейшае жыццё падыходзіць да канца. Мае сябры, знаёмыя, мая школа, мой дом – усё гэта я, мабыць, больш ніколі не пабачу. Мне было сумна і радасна адначасова».

У красавіку 1997 году сям'я Росманаў у поўным складзе прызямлілася ў франкфурцкім аэрапорце. Па-нямецку размаўляў толькі бацька. З лагеру па прыёме перасяленцаў, іх караткачасовага прыстанішча, уся сям'я накіравалася на ўсход Нямеччыны – у федэральную зямлю Брандэнбург. Менавіта там для Ігара пачалося іншае, не падобнае на ранейшае, жыццё. На пытанне, хто для яго быў асабліва блізкі, хто падтрымліваў у гэты нялёгкі час, Ігар адказвае адразу:

«Мой бацька. Ён мяне паўсюль накіроўваў і прасіў запытацца пра тое ці пра гэтае. Ён, уласна кажучы, кідаў мяне ў халодную ваду, каб я хутчэй навучыўся плаваць. Аднак мне таксама вельмі дапамаглі і курсы нямецкай мовы. Яны далі мне добры грунт для далейшага вывучэння і паляпшэння маіх ведаў нямецкай мовы».

Беларускі атэстат сталасці Ігара ў Нямеччыне не прызналі, і ён быў вымушаны зноў пайсці ў 10 клас. Потым яго хутка прынялі ў гімназію. Тут асноўнымі прадметамі сталі гісторыя і матэматыка. Сталася так, што Ігар быў адзіным перасяленцам у класе. Гэта добра ці кепска? Калі ён азіраецца назад, Ігар характарызуе сітуацыю так:

«Усё залежыць ад таго, з якога боку ты глядзіш на гэтую праблему. Для хуткай інтэграцыі гэта, зразумела, вельмі добра, увесь час размаўляць па-нямецку. З іншага боку, ты заўважаеш, што паступова забываешся на сваю матчыну мову».

І вось, праз некалькі гадоў, Ігар прыходзіць да высновы, што яго нямецкая мова значна лепш за рускую. Толькі ў размове з сябрамі з былога СССР альбо сваякамі ён пераходзіць на яе. Большая частка яго знаёмых, а таксама яго сяброўка – карэнныя немцы. Ігар лічыць сябе чалавекам дзвюх культураў, і сваё паходжанне ён разглядае як пазітыўны фактар у яго развіцці як асобы. Сёння ён вучыцца ў берлінскім універсітэце па спецыяльнасці «Праблемы Ўсходняй Эўропы». Пра сваю радзіму Ігар зараз толькі ўзгадвае. Ён даўно ўжо не меў кантакту са сваімі былымі школьнымі сябрамі, якія засталіся ў Баранавічах. На лісты, якія Ігар пісаў з Нямеччыны, так ніхто і не адказаў. Прадчуванне, што старое жыццё сканчваецца назаўсёды, спраўдзілася. Але Ігар не шкадуе пра гэта. Нямеччына дапамагла яму пачаць новае жыццё, якім ён сёння цалкам задаволены.