1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

“Машыны «хуткай дапамогі» не маглі пад’ехаць, бо ўсё вакол была заблакавана ўнутранымі войскамі”

Відавочцы сцвярджаюць, што вайскоўцы выкарыстоўвалі супраць дэманстрантаў огнястрэльную зброю.

25 сакавіка ўжо з 11-й гадзіны раніцы людзі пачалі падыходзіць да Кастрычніцкай плошчы. Але шлях на саму плошчу ім перакрылі спецназаўцы ў чорных камбінезонах. У нейкі момант дэманстранты здолелі прарваць кардон спецназаўцаў, пачалася штурханіна і тыя, хто знаходзіліся ў першых шэрагах, у тым ліку і жанчыны, былі збіты. То бок, ужо апоўдні ўлада пачала выкарыстоўваць гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў. Вялікая група пратэстуючых была загнана ў падземны пераход метро. Некаторыя пачувалі сябе блага ад недахопу паветра, але людзей працягвалі заганяць у тунэль. Тут магла б мець паўтор сітуацыя 1999 года, калі на станцыі “Няміга” ў цісканіне загінулі 53 чалавекі.

Калі з’явіўся Аляксандр Мілінкевіч, ён заклікаў удзельнікаў акцыі рухацца ў бок скверу імя Янкі Купалы. Мілінкевіч сам ачоліў адну з калонаў. Байцы АМАПу і СОБРу перашкаджалі калонам злучыцца, аднак дазвалялі рухацца рознымі вуліцамі ў бок скверу. Каля 14 гадзінаў у купалаўскім скверы распачаўся мітынг. Па розных ацэнках сюды здолелі падысці да 45 тысячаў чалавек. Аляксандр Мілінкевіч у сваім выступе абвясціў пра стварэнне Народнага руху за свабоду, мэта якога – данесці да людзей па ўсёй краіне праўдзівую інфармацыю і дамагчыся свабодных і справядлівых выбараў без удзелу Лукашэнкі. Пад час мітынгу пратэстуючыя прагналі са сквера здымачную групу нацыянальнага тэлебачання.

Мітынг скончыўся а 15-й гадзіне, і Аляксандр Мілінкевіч прапанаваў разысціся. Аляксандр Казулін жа заклікаў людзей пайсці да спецпрымальніка-размеркавальніка на Акрэсціна, дзе на той час знаходзілася прыблізна 350 затрыманых. Непасрэдны ўдзельнік падзей 25 сакавіка распавёў “Нямецкай хвалі”, што людзі з радасцю ўспрынялі заклік Казуліна, паколькі шмат хто быў незадаволены выступамі на мітынгу лідэраў апазіцыі і жадаў канкрэтных дзеянняў. За Казуліным рушылі каля 3 тысячаў чалавек. На шляху ў боку Акрэсціна колькасць дэманстрантаў павялічылася амаль у чатыры разы. Людзі проста выходзілі з грамадскага транспарту, крамаў і далучаліся да мірнай дэманстрацыі. Калона ў 10 тысячаў чалавек нават прытрымлівалася правілаў дарожнага руху, ішла па ходніках і пераходзіла перакрыжаванні на зялёнае святло.

А 16-й гадзіне на паўшляху да Акрэсціна, каля Тэатра музычнай камедыі, дэманстрантаў чакалі некалькі шыхтоў вайскоўцаў у касках і з жалезнымі шчытамі. Наперадзе стаяў палкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка. Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін у суправаджэнні некалькіх святароў падышоў да Паўлічэнкі, каб дамовіцца аб праходзе калоны. Аднак у гэтым момант вайскоўцы пачалі біць дручкамі аб шчыты і рушыць на дэманстрантаў. Тыя, у сваю чаргу, паспрабавалі таксама пашыхтавацца, некаторыя сталі маліцца.

У бок мітынгуючых паляцела шумавая бомба, і народ пачаў разбягацца. Відавочцы падзей сцвярджаюць, што вайскоўцы выкарыстоўвалі огнястрэльную зброю супраць дэманстрантаў. Гэта выдатна відаць і на фотаздымках, якія рабілі сусветныя інфармацыйныя агенцыі. Адмыслоўцы лічаць, што хутчэй за ўсё, гэта карабін С-23 “Селязень”, які прызначаны для стральбы гумавымі кулямі і газавымі гранатамі. Машыны «хуткай дапамогі» не маглі пад’ехаць, бо ўсё вакол была заблакавана ўнутранымі войскамі. Параненыя заставаліся ляжаць у крыві на асфальце.

Вайскоўцы і АМАПаўцы пачалі хапаць дэманстрантаў, грузіць іх у аўтобусы і аўтазакі. Да 17-й гадзіны мірная дэманстрацыя была разагнаная. Але яшчэ да позняга вечара працягваліся аблавы.