1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

DW-РАДИО

Марцін Хеккер: „Мы працягваем спадзявацца на пазітыўнае развіццё нашых адносін з Беларуссю“

За межамі Еўразвязу яго інтарэсы прадстаўляюцца адмысловай структурай, якая завецца Тройка ЕЗ. Хто ўваходзіць у яе склад і якую ролю ў ей іграе пасол Нямеччыны ў Беларусі?

У склад Тройкі Еўразвязу ўваходзіць пасол краіны, якая старшынствуе ў ЕЗ, кіраўнік дыпламатычнай місіі, да якой пераходзіць старшынства пасля гэтага і кіраўнік дэлегацыі або прадстаўніцтва Еўракамісіі. Менавіта гэтую ролю зараз іграе пасольства ФРГ у Беларусі.

У выпадку адсутнасці дыпмісіі краіны, якая старшынствуе або будзе старшынстваваць у ЕС, яго функцыі пераходзяць да іншай краіны ЕС, амбасада якой становіцца мясцовым старшынствам.

Тройка ЕС зараз складаецца з надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Германіі Марціна Хекера, часовага паверанага ў справах Славакіі Любаміра Регака і дарадніка па пытаннях Беларусі Прадстаўніцтва Еўракамісіі Жана-Эрыка Хольцапфеля, які прыехаў па трохмесяцовай візе, што дазваляе толькі двухразовы ўезд на тэрыторыю Беларусі. Апошні як бы з'яўляецца часовым павераным у справах Еўракамісіі ў Мінску, але змушаны прадстаўляць інтарэсы Еўракамісіі з Кіева. Спадар Хольцапфель заявіў журналістам:

"Мне трэба было б фактычна знаходзіцца поўны час у Мінску, як паверанаму ў справах у Беларусі. Але на дадзены момант мы не змаглі дасягнуць дамоўленасці з беларускімі ўладамі і таму я працую з Кіева, але прыязджаю ў Мінск даволі такі часта".

У Мінску няма прадстаўніцтва ЕК, працуе толькі офіс TACIS. У жніўні 2005 г. прадстаўніца камісара па знешняй палітыцы і палітыцы суседства Эма Адвін заявіла: "Камісія жадала б стварыць сваё прадстаўніцтва ў Беларусі. У якасці першага кроку туды будзе накіраваны часовы павераны". У красавіку 2006 г. дырэктар аддзела Еўракамісіі па Ўсходняй Еўропе Х'ю Мінгарэлі паведаміў, што часовы павераны будзе ўсё ж знаходзіцца ў Кіеве, але "вялікую частку часу мае намер праводзіць у Мінску", каб "лепш разумець патрэбы мясцовых актывістаў". Беларускі бок не даў згоду на адкрыццё прадстаўніцтва ЕК у Мінску і спадар Жан-Эрык Хольцапфель не змог прыступіць да выканання абавязкаў часовага паверанага ЕК. Калі гэта зробіцца магчымым?

"Вельмі цяжка адказаць на гэтае пытанне. Перамовы яшчэ не адбываюцца і дамоўленасць яшчэ не дасягнутая. Беларускі бок лічыць, што зараз непрыдатны час. Але адказ ляжыць у руках беларускіх улад".

Не меней цяжка было Тройцы ЕС адказаць на пытанне аб эфектыўнасці візавых санкцый ЕС або магчымасці іх змякчэння. Пасол Германіі Марцін Хеккер ад імя Тройкі заявіў:

"Што датычыцца крокаў ЕС насустрач Беларусі, я не магу сабе прадставіць яшчэ далейшае іх развіццё, асабліва, калі ідзе гаворка аб парушэнні правоў чалавека і нашай рэакцыі на гэтыя парушэнні. Спіс асобаў, якія не пажаданыя ў нас у якасці госцяў або наведвальнікаў нашых краін быў значна пашыраны. Акрамя таго, гэта было звязана з абгрунтаваннем умоў, пры наяўнасці якіх гэты спіс можа быць перагледжаны. Па меры таго, як тут будуць памнажацца ў Беларусі прыклады парушэння правоў чалавека -- магчыма далейшае пашырэнне такога спісу. Але гэта ўсе спекуляцыі. Мы, тым не менш, працягваем спадзявацца на пазітыўнае развіццё нашых адносін з Беларуссю і пазітыўныя змены ўсярэдзіне вашай краіны. Мы не лічым нармалёвай сітуацыю, калі адзін з былых кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах на 6 гадоў накіроўваецца за краты. Наша сумесная рэакцыя мае некалькі адхілены характар. Але мы, тым не менш, працягваем спадзявацца, што сп. Козулин усё такі будзе вызвалены, тады пытанне аб новых візавых санкцыях адпадзе само па сабе".