1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Маніторынг пачынаецца

Беларускія праваабаронцы заявілі пра пачатак маніторынгу кампаніі па выбарах дэпутатаў парламента. На сустрэчы з журналістамі яны распавялі аб задачах, якія ставяць перад сабою на ўсіх этапах выбарчае гонкі.

Старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак падкрэсліў, што такая важная палітычная падзея ў краіне, як парламенцкія выбары, не можа абысціся без праваабаронцаў. Юрыст нагадаў, што БХК застаўся адзінай афіцыйна зарэгістраванай у краіне праваабарончай арганізацыяй, якая, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, кансалідуе вакол сябе ўсіх людзей, што пажадаюць узяць удзел у назіранні за выбарамі і ў маніторынгу гэтай кампаніі. Правабаронцы будуць не проста назіраць за выбарамі, але і адсочваць дынаміку цяперашняй кампаніі параўнальна з мінулымі прэзідэнцкімі, парламенцкімі і мясцовымі выбарамі.

“Мы паспрабуем ацаніць, ці зробленыя крокі да паляпшэння сітуацыі. Мы ведаем, што Цэнтравыбаркам не задаволіў патрабаванні апазіцыйных структураў, якія звярталіся з канкрэтнымі прапановамі аб зменах заканадаўства і практыкі яго прымянення, а зараз мы будем сачыць, наколькі змянілася ці будзе змяняцца практыка правядзення выбараў”.

Даўгатэрміновасць наглядання

Алег Гулак падкрэсліў, што праца наглядальнікаў будзе цягнуцца не толькі на апошнім этапе выбараў, то бок у дзень галасавання. “Мы акцэнтуем нашу працу на менавіта доўгатэрміновым правядзенні маніторынгу. Мы яго пачынаем ужо цяпер, бо вельмі важна ацаніць абстаноўку, сітуацыю, на фоне каторай пачынаюцца і адбываюцца выбары. Бо свободныя і справядлівыя выбары не могуць адбывацца ў несвабоднай і несправядлівай сітуацыі, калі грубым чынам парушаюцца правы чалавека”.

Па словах Алега Гулака, удзельнікі манітрынгу "будуць адсочваць усе этапы выбарчае кампаніі, будуць рабіць па этапах прамежкавыя справаздачы і даводзіць нашыя меркаванні да грамадскасці”.

Этапы маніторынгу

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека Алесь Бяляцкі заўважыў, што сёлета назіральнікі пастараюцца не паўтараць мінулых памылак. “Мы не будзем масава праводзіць назіранне ў дзень выбараў, мы ад гэтага адмаўляемся са шматлікіх прычынаў. І самае галоўнае тое, што ў дзень выбараў, як кажуць, выбары ўжо зробленыя. Гэта тое, што мы зразумелі за ўсе свае папярэднія назіранні. Сам выбарчы працэс займае значна большы час, а дзень выбараў будзе толькі адным з этапаў, на якіх мы будзем праводзіць маніторынг”.

А этапы гэтыя – і вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты, і агітацыя праз сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку і дзяржаўныя, і правядзенне сустрэчаў з выбаршчыкамі, і датэрміновае галасаванне ці, лепш сказаць, магчымы прымус да яго, як гэта было падчас мінулых кампаніяў.

Праваабаронцы нагадалі, што ў мінулыя гады аказваўся даволі моцны ўціск на ўдзельнікаў маніторынгу, якіх звальнялі з працы, выключалі з навучальных установаў, кідалі ў пастарункі і адпраўлялі ў суды. На ўчастках назіральнікаў не дапускалі да наглядання за падлікам галасоў і ўвогуле адмаўлялі ім у прадастаўленні любой інфармацыі.

Як падсумаваў Алесь Бяляцкі, “хацелася б звярнуцца да спадарыні Ярмошынай з гарачым заклікам правесці гэтыя выбары згодна беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў, што вельмі важна, бо Беларусь з’яўляецца сябрам АБСЕ і мусіць прытрымлівацца тых дакументаў і правілаў, якія выпрацоўваюцца такімі міжнароднымі арганізацыямі”.