1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Маладафронтаўцаў асудзілі і вызвалілі

На трое сутак арышту асуджаны 5 актывістаў Маладога фронту, якіх арыштавалі пасля несанкцыянаванага пікету насупраць будынку КДБ. Паколькі гэты тэрмін маладзёны ўжо адбылі ў турме, пасля агалошання рашэння іх адпусцілі.

default

Усе выходныя пасля затрымання спецназаўцамі ў мінулую пятніцу Таццяна Шапуцька, Наста Палажанка, Наста Лойка, Аляксей Янушэўскі і Антон Русін правялі ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на сталічнай вуліцы Акрэсціна, куды звычайна прывозяць затрыманых пад час несанкцыянаваных палітычных акцыяў. Па словах Таццяны Шапуцькі, умовы ў акрэсцінскай турме далёкія ад агульнапрынятых для падобных установаў у цывілізаваным свеце нормаў: “Мала святла, вельмі дрэнная ежа, і спаць даводзіцца на голых дошках, калі няма ніякай коўдры. Уначы, канешне, было даволі халодна”.

На знак падтрымкі

Яшчэ да пачатку разгляду адміністратыўных справаў ля так званага Дома правасуддзя, дзе месціцца суд Ленінскага раёна Мінска, які вёў справу, каля двух дзесяткаў моладзевых актывістаў зладзілі кароткі пікет. Яны трымалі партрэты затрыманых маладафронтаўцаў, а таксама разгарнулі бел-чырвона-белы сцяг і некалькі разоў выгукнулі “Свабоду палітвязням!”.

Справы актывістаў разглядалі суддзі Міхаіл Хома, Ігар Германовіч і Валянцін Зянькевіч. Чатыром маладзёнам інкрымінавалі парушэнне часткі 1 артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні. Аляксея Янушэўскага судзілі паводле часткі 3 таго ж артыкула КаАП, якая прадугледжвае больш суровае пакаранне, паколькі ў актывіста ўжо было аналагічнае парушэнне цягам году.

Нагадаю, што 7 лістапада былі затрыманы сем моладзевых актывістаў, якія ў Мінску ля помніка Дзяржынскаму насупраць будынку КДБ трымалі расцяжку “Камунізм – пад трыбунал” і раздавалі інфармацыйныя матэр’ялы па гэтай тэматыцы; двух непаўнагадовых адпусцілі праз непрацяглы час.

Пакаралі і адпусцілі

Усіх маладзёнаў прызналі вінаватымі, хаця некаторыя прызналі віну часткова, а некаторыя зусім не палічылі сябе вінаватымі ў парушэнні заканадаўства. Тым не менш, вырок быў усім аднолькавы - трое сутак адміністратыўнага арышту, і паколькі ўсе асуджаныя ўжо правялі гэтыя трое сутак ў акрэсцінскай турме, іх вызвалілі наўпрост у залі судовых паседжанняў. Такое рашэнне было даволі станоўча ўспрынята прысутнымі.

“Пэўна, яны ўжо хацелі як мага хутчэй адчапіцца ад гэтай справы і таму далі столькі сутак, колькі мы ўжо адбылі”, - адзначыла намесніца старшыні Маладога фронту Наста Палажанка.

Абвінаваўчае рашэнне суддзяў не паўплывае на далейшую дзейнасць моладзевых актывістаў. Прынамсі, так заявіў Аляксей Янушэўскі.

“Канешне, не. Таму што я лічу сваім абавязкам як малады чалавек, як мужчына абараніць нашу краіну ад тых каштоўнасцяў, якія прапагандуюць антынацыянальныя сілы, і ад той улады, якая працягвае традыцыі камуністычнага рэжыму, ад якога, як вядома, пацярпела два з паловай мільёна беларусаў”.

Па сутнасці – тое самае

У тых, хто назіраў за разглядам справаў, не з’явілася ілюзіяў адносна відочнае мяккасці вынікаў судовых працэсаў. З меркавання палітыка Паўла Севярынца, “палітычна – знак лібералізацыі, трое сутак за тое, за што раней давалі пятнаццаць. Але сутнасна нічога не змянілася. Прысуд абвінаваўчы, далі па трое сутак за пратэст супраць антычалавечай крывавай камуністычнай ідэалогіі. Таму, па форме – мякчэй, па сутнасці – тое ж самае”.

Пасля таго, як амаль усе пакінулі будынак Дома правасуддзя, з аднаго з яго гаўбцоў звесіўся вілікі бел-чырвона-белы сцяг. Спецназаўцы кінуліся яго здымаць, і ў выніку была затрыманая непаўнагадовая актывістка Маладога фронту Юлія Міхайлава, якую з прычыны ўзросту хутка адпусцілі.

Контекст