1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Магілёўскія дэмакраты прапануюць перанесці дату выбараў

Прадстаўнікі магілёўскай дэмакратычнай кааліцыі ў лісце на імя прэзідэнта краіны прапануюць перанесці дату выбараў у парламент. Зварот дэмакраты таксама накіроўваюць у пракуратуру і ў СМІ.

default

На Магілёўшчыне з 21 прэтэндэнта ад мясцовай дэмакратычнай кааліцыі зарэгістраваныя 17 кандыдатаў у дэпутаты. Яны прысутнічаюць на 12 выбарчых акругах з 13 створаных на тэрыторыі вобласці. Гэта найлепшы вынік сярод абласных цэнтраў, аднак на гэтым магілёўцы не спыняюцца. У лісце на імя прэзідэнта яны прапануюць перанесці дату выбараў.

У складзе ўчастковых камісіяў дэмакратаў няма

На адмысловым паседжанні кандыдатаў у дэпутаты ад Магілёўскай вобласці, прысвечаным вынікам рэгістрацыі, у прысутнасці назіральнікаў АБСЕ быў прыняты зварот да ўлады і выбарцаў. У дакуменце кандыдаты ў дэпутаты выказалі "стрыманы, але праўдзівы аптымізм з нагоды апошніх палітычных падзеяў у краіне".

Маюцца на ўвазе вызваленне палітычных зняволеных, рэгістрацыя дэмакратычных кандыдатаў, імкненне ўлады адрадзіць "прыстойныя стасункі з ЗША і Еўропай".

Аднак далей выкладзены шэраг заўваг: 4 кандыдаты не прайшлі рэгістрацыю па надуманых прычынах, ніводзін прадстаўнік дэмакратычных сілаў са 124 прапанаваных не ўключаны ў склад участковых камісіяў. Працягвае адзін з ініцыятараў звароту старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

"Мы высунулі некалькі патрабаванняў. Па-першае, мы патрабуем спыніць ціск на кандыдатаў і членаў іх сям’яў. Па-другое, мы патрабуем вярнуцца да разгляду пытання па фармаванні ўчастковых камісіяў – паводле заканадаўства можна ўчастковыя камісіі дапоўніць нашымі прадстаўнікамі. Далей, мы прапануем разгледзець пытанне аб пераносе выбараў на больш позні тэрмін, прызначыць іншы дзень галасавання. Дадзены зварот мы накіруем А. Лукашэнке, у пракуратуру, у СМІ, і давядзем да насельніцтва Магілёўскай вобласці".

На некаторых акругах адразу тры дэмакратычныя кандыдаты

На выніковым паседжанні дэмакраты абмяркоўвалі і іншыя праблемы. Так, на некаторых акругах яны канкуруюць паміж сабой, але здымаць сваю кандыдатуру ніхто не збіраецца. Найбольш складаная сітуацыя склалася ў магілёўскай Цэнтральнай акрузе. Там балатуюцца адразу тры дэмакратычныя актывісты, адзін з іх каардынатар Магілёўскай кааліцыі грамадска-палітычных сілаў Аляксандар Сілкоў:

"У нас ёсць такая акруга, дзе ёсць 6 кандыдатаў, з якіх тры – дэмакратычныя. Я і Сяргей Гвай ідзем ад Кааліцыі “Еўрапейская Беларусь”, Аляксей Паўлоўскі ад АДС. У прынцыпе, гэта не дрэнна. Шмат хто пачаў забываць самы галоўны момант – у нас выбары праходзяць у два туры. Наша мэта цяпер не даць прадстаўніку ад улады выйграць. Ніхто з шасці кандыдатаў у прынцыпе не можа набраць неабходную колькасць гасласоў. Пазнавальнасці няма, таму 50% ніхто набраць не зможа, нават фальсіфікаваць такі вынік немагчыма".

Трэба выйграваць па існуючым Выбарчым кодэксе

Рэгістрацыю большасці сваіх кандыдатаў магілёўцы ўжо лічаць сваёй перамогай, але гэтага мала, і цяпер яны настроеныя на перамогу ў саміх выбарах. Менавіта сёр’ёзнасць гэтых намераў, па словах Аляксандра Сілкова, і дэманструе ліст да прэзідэнта краіны:

"Мы мы пасылаем ліст А. Лукашэнке, кажам, што можна было зняцца з выбараў, але мы прайшлі гэты шлях. І самае галоўнае – мы кажам, што пойдзем да канца, да перамогі. Усё роўна трэба будзе выйграваць па існуючым Выбарчым кодэксе. Вось калі мы пераможам, тады ўладу зменім. А цяпер, ніколі ўлада не будзе змяняць гэты Выбарчы кодэкс. Можа нам і пашчасціла, што ўлада пачала з намі ліберальнічаць – гэта паказала, якая праца была праведзеная".

Контекст