1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

"Лісты зь лесу”

Так называецца кніга беларускага палітычнага вязня, заснавальніка Маладога фронту Паўла Севярынца. У кнігу ўвайшлі 79 лістоў-эсэ палітыка, дасланыя ім на волю з глухой беларускай вёсачцы.

default

Павел Севярынец

Нагадайма, Павел Севярынец быў асуджаны на два гады гэтак званай “хіміі” за арганізацыю вулічных акцыяў супраць фальсіфікацыі вынікаў апошняга рэферэндуму, які даў Аляксандру Лукашэнку права абірацца на пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў.

На прэзэнтацыю кнігі ў офіс Партыі БНФ прыйшлі дзясяткі моладзевых актывістаў – паплечнікаў Паўла, а таксама вядомыя беларускія паэты і пісьменнікі, палітыкі, навукоўцы і журналісты.

“Лісты зь лесу” – гэта не проста стос расповядаў вязня, што два гады валіў лес у вёсачцы Малое Сітна Полацкага раёну Віцебскай вобласьці пра тое, як ён бавіў час два гады на “хіміі”. У кожным з допісаў, якія Павел Севярынец штотыдзень накіроўваў у рэдакцыю газеты “Наша ніва”, былі змешчаныя апісанні побыту і характару тамтэйшых насельнікаў, замалёўкі мясцовае прыроды, аналіз паводзінаў іншых “хімікаў” і прадстаўнікоў пенетэнцыярнай сістэмы, якія за імі назіралі ды іх пільнавалі.

Зборнік лістоў, па ацэнцы вядомага паэта Генадзя Бураўкіна, ператварыўся ў зборнік выбітных эсэ, у якіх праявіліся найлепшыя рысы Севярынца-публіцыста, Севярынца-літаратара. А яшчэ, адзначыў Бураўкін, гэта быў пасыл мужнага чалавека.

“Для мяне Паўлавы лісты зь лесу былі лістамі надзеі. Таму што гэта былі лісты чалавека, які не скарыўся, не зламаўся, не пахіснуўся, які і ў гэтых умовах творча рос, раскрываўся. Гэта былі лісты да ўсіх беларусаў”.

Калега Генадзя Бураўкіна, паэт Сяргей Законнікаў выказаў упэўненасць, што кнігі Паўла Севярынца, а ён іх напісаў ужо пяць, будуць чытаць не толькі сучаснікі, але і наступныя пакаленні беларусаў.

“Твае кнігі разлічаныя і на сучаснасць, і на будучыню. З чым я цябе і віньшую”.

Генадзь Бураўкін адзначыў, што Павел Севярынец правёў у Малым Сітне велізарную працу:

“Гэта лісты чалавека, які многім тым людзям, у якіх беспамяцтва, у якіх бяздумнасць, калі і не адкрыў ім душы і вочы, то хоць трошачкі прымусіць задумацца. Вось у гэтым для мяне вельмі дарагая гэтая кніжка”.

Гісторык Анатоль Грыцкевіч таксама даў высокую ацэнку “Лістам зь лесу”.

“Кніга цікавая ў тым сэнсе, што перад намі выступае адзін з найлепшых публіцыстаў Беларусі, які, знаходзячыся на мяжы нашай краіны, у глыбіні, у вёсцы, змог зрабіць зрэз беларускага грамадства за гэтыя два гады і даць ацэнку. Гэта кніга назіранняў таго нашага беларускага жыцця”.

Знаходзячыся ў Малым Сітне, аўтар “Лістоў…” знаходзіў час займацца і археалогіяй. Ён высветліў, што ў гэтай забытай вёсачцы некалькі стагоддзяў таму стаяў беларускі вайсковы гарнізон, які абараняў усходнія рубяжы беларускай дзяржавы ад нападу ворагаў. Таму месца ў кнізе знайшлося і гістарычнаму аспекту.

“Мне вельмі хацелася, каб вы ўбачылі свімі вачыма тыя мясьціны, пра якія мне давялося пісаць, яны вельмі характэрныя. Зрэшты, гэта наша з вамі родная тысячагадовая Беларусь, гэта калыска беларускай дзяржаўнасьці, бо Малое Сітна – гэта ўсё тая ж старажытная Полаччына”.

Вярнуўшыся да нармальнага жыцця, Павел Севярынец з галавою паглынуўся ў актыўную працу, але, сцвярджае палітык і літаратар, два гады на ўскрайку ён не забывае.

“Ніколі не думаў, нават яшчэ тры месяцы таму, калі пакідаў Малое Сітна, што буду казаць такое: сумую зараз па Малым Сітне! Паколькі тэмп жыцця тут абсалютна адрозны, і нагрузкі тут зусім іншыя, чым тыя, што былі ў Малым Сітна, шчыра скажу, што там бывала і палягчэй, чым зараз, у аб’ездах альбо на мерапрыемствах, але, дзякуй Богу і за гэта, і за тыя паездкі, якія ў мяне ёсць зараз, і за тыя сустрэчы, якія ёсць зараз, за тое, што выпадае сустракацца з такмім цудоўнымі людзьмі”.

Андрэй Дынько, тагачасны галоўны рэдактар “Нашай нівы”, які падаў Севярынцу ідэю напісання “Лістоў зь лесу”, пажадаў Паўлу, каб той больш не зведваў такіхх нягодаў, якія вынес цягам тых двух гадоў.

“Такія тэхнічныя дасягненні ёсць у нашым жыцці – мабільная тэлефанія, айподы – усё, што хочаце, маем. Але нішто нам не можа замяніць чалавека. Калі вы прачытаеце гэтую кніжку, падумайце яшчэ пра тое, як многа значаць для вас тыя людзі, якія ёсць побач з вамі. Як важна гэта цаніць. І дай Бог, Павел, каб Вы з намі больш не разлучаліся”.

Яшчэ сярод тых, хто выступіў з віньшаваннямі аўтару “Лістоў зь лесу”, былі лідэр руху “За свабоду!” Аляксандр Мілінкевіч, палітык Вячаслаў Сіўчык, лідэр “Еўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэт Уладзімір Някляеў, кіраўнік фонду “Спадчына” Анатоль Белы. Апошні паабяцаў, што Павел Севярынец будзе ўганараваны асабістым партрэтам, напісаным адным з мастакоў, і які будзе размешчаны ў музеі Фонду.

Контекст