1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Ліквідавана моладзевая арганізацыя «Сузор'е»

Фармальнай падставай для ейнай ліквідацыі сталіся два пісьмовыя папярэджанні, зробленыя мясцовым упраўленнем юстыцыі. Паводле кіраўніка грамадскага аб’яднання, "Сузор'е" зачынілі па палітычных матывах

26 красавіка, Берасцейскі абласны суд задаволіў позыў упраўлення юстыцыі мясцовага аблвыканкама і ліквідаваў адну з самых вядомых моладзевых арганізацыяў рэгіёна – грамадскае аб’яднанне "Сузор'е". Фармальнай падставай для ейнай ліквідацыі сталіся два пісьмовыя папярэджанні, зробленыя мясцовым упраўленнем юстыцыі.

У судзе чыноўнікі абвінавачвалі кіраўніцтва «Сузор'я» ў парушэнні дзейнага заканадаўства і ўласнага статута. У прыватнасці, сур’ёзнай віной суд палічыў той факт, што ў дзяржаўныя кантралюючыя органы своечасова не прадастаўлялася неабходная інфармацыя пра дзейнасць арганізацыі. Кіраўнік «Сузор'я» Дзмітры Шыманскі лічыць, што падставы, па якіх яго арганізацыю пазбавілі юрыдычнага статусу, з’яўляюцца надуманымі. Ён распавёў «Нямецкай хвалі», што ў берасцейскім аддзяленні прадзяржаўнай моладзевай арганізацыі БРСМ існуе значна больш парушэнняў, аднак ёй нават не выносяць папярэджанні. На думку Шыманскага, «Сузор'е» зачынілі па палітычных матывах. Справа ў тым, што пад час апошняй прэзідэнцкай кампаніі Дзмітры Шыманскі ўзначальваў берасцейскі гарадскі выбарчы штаб Аляксандра Мілінкевіча. Як і шмат апазіцыянераў, адсядзеў 10 суток за «арганізацыю несанкцыянаванага сходу».

Шыманскі назваў сімвалічнай дату ліквідацыі «Сузор'я» – 26 красавіка, у дзень правядзення «Чарнобыльскага шляху». Ён падкрэсліў, што тым самым улады прызналі, што ў краіне існуе не толькі экалагічны, але і прававы Чарнобыль. Дзмітры Шыманскі таксама адзначыў, што больш за паўсотні былых сябраў арганізацыі працягнуць тое, чаму яны прысвяцілі 6 год свайго жыцця. Нагадаю, што ідэя стварыць у Берасці незалежную моладзевую арганізацыю ўзнікла пад уплывам першага «Марша Свабоды», які адбыўся ў кастрычніку 1999 года. Але зарэгістраваць «Сузор’e» атрымалася толькі праз тры гады. За час свайго існавання арганізацыя рэалізавала шэраг удалых праектаў экалагічнай і сацыяльна-культурнай скіраванасці. Гэта і правядзенне адукацыйных летнікаў, і выданне папулярнага сярод берасцейскай моладзі бюлетэню «Дзедзіч», і стварэнне новага скверу. Акрамя таго, сябры «Сузор’я» прымалі актыўны ўдзел ва ўсіх палітычных кампаніях і мерапрыемствах, пачынаючы з вясны 2000 года.

Дарэчы, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў прыводзіць такія лічбы: толькі за першыя 3 месяцы бягучага года былі ліквідаваны каля 70 грамадскіх арганізацыяў.