1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Людзі давяраюць Інтэрнэту

Апытанне лідэраў і экспертаў, якое правялі ў лістападзе-снежні незалежныя сацыёлагі пры судзеянні групы прафесара Манаева, дало вынік, які сацыёлагі назвалі неверагодным.

default

Апытанне лідэраў і экспертаў, якое правялі ў лістападзе-снежні незалежныя сацыёлагі пры судзеянні групы прафесара Манаева, дало вынік, які сацыёлагі назвалі неверагодным. Апынулася, што звыш паловы эліты больш за ўсё давярае не традыцыйным друкаваным СМІ, але крыніцам інфармацыі ў Інтэрнэце. Каментары залішнія: у Інтэрнэце інфармацыя з’яўляецца раней, чым на тэлебачанні ці радыё. Для тых, хто не мае магчымасці альбо жадання карыстацца Інтэрнэтам, гэта, верагодна, не так і важна. 52 адсоткі гэтай часткі аўдыторыі адказалі, што больш давяраюць беларускім дзяржаўным СМІ, а недзяржаўным давярае толькі 12 адсоткаў.

Міхаіл Валькоўскі, намеснік галоўнага рэдактара газеты “Рэспубліка”, заснавальнікам якой з’яўляецца Савет Міністраў, у каментарыі наконт дадзеных, атрыманых сацыёлагамі, заўважыў, што дзяржаўным СМІ ў Беларусі больш даверу, таму што яны друкуюць інфармацыю, якая адпавядае рэчаіснасці.

Між тым, сацыёлагі з групы прафесара Манаева канстатуюць такі факт: адказваючы на пытанне аб праўдзівасці інфармацыі ў беларускіх дзяржаўных СМІ пра жыцце ў заходніх краінах, большасць прадстаўнікоў эліты – 82% - адказалі “непраўдзіва”. Сярод шэраговых грамадзянаў гэткае ж меркаванне выказалі толькі 22% рэспандэнтаў.

У каментарыі наконт узроўню даверу да дзяржаўнай й недзяржаўнай прэсы, намеснік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец подкрэсліў, што нельга давяраць таму, чаго ты не ведаешь. Ён нагадаў, што недзяржаўныя СМІ з пачатку гэтага году апынуліся ў рэзервацыі, не маючы магчамасці распаўсюджвацца ні па падпісцы, ні ў розніцу. Таму, лічыць Бастунец, задаваць такое пытанне – гэта тое ж самае, што пытацца пра смак ежы, якую вы ніколі не каштавалі. Акрамя таго, паводле Бастунца, сёння ў Беларусі дадзеныя адкрытых сацыялагічных апытанняў не даюць рэальнай карціны жыцця.

Абагульняючы вынікі апытання пра давер да СМІ, сацыёлагі з групы прафесара Манаева прыйшлі да высновы, что шэраговы беларус не імкнецца сёння атрымаць інфармацыю, за выключэннем той, што прапаноўваюць радыестанцыі FM-дыяпазону, а таксама беларускія электронныя СМІ, якія кантралююцца дзяржавай.

Яшчэ адна выснова сацыёлагаў – замежнае радыё і тэлебачанне мала даступныя для беларускіх грамадзянаў з-за няустойлівага прыёму на кароткіх хвалях, з-за дарагавізны спадарожнікавых антэнаў і з-за кантролю дзяржавы за кабельнымі тэлесістэмамі. Аднак пры гэтым каля паловы апытаных кажуць, што хацелі б рэгулярна прымаць незалежныя радыё- і тэлепраграмы з суседніх краінаў, якія распавядаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі ды за мяжой.