1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Летнія заданні ў ЕГУ

У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце навучальны год распачнецца 1 кастрычніка. Аднак жыццё ва універсітэце не спыняецца часам вакацыяў – дзейнічае Летняя творчая акадэмія.

default

У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце навучальны год яшчэ не распачаўся – там заняткі пачынаюцца 1 кастрычніка. Аднак жыццё ва універсітэце не спыняецца нават часам вакацыяў –студэнты-беларусы, якія заставаліся ў Вільні на лета, больш падрабязна знаёміліся з горадам, адкрывалі для сябе мясцовую культуру, а цяпер дзеляцца з астатнімі сваімі знаходкамі. Аб выніках Летняй творчай акадэміі, што праходзіла ў рамах пазнавальнага праекту ЛітПРО пры падтрымцы МЗС Літвы.

Адпачынак з карысцю

21 студэнт Віленскага беларускага універсітэта зараз дакладна можа пахваліцца, што нават летам у горадзе ёсць як цікава і з карысцю правесці час ды адпачыць. Асабліва калі гэта горад Вільня, у якім усе яны жывуць адносна нядаўна. Апавядае каардынатарка Летняй творчай акадэміі ЕГУ Кацярына Радзько:

"Студэнтам цягам дзесяці дзён даваліся пэўныя заданні. Напрыклад, адкрыйце канверт у вызначаны час і там заданне: сфотаграфуйце нешта прыгожае ці брыдкае, што вы бачыце каля сябе. У адзін дзень удзельнікам было прапанавана хадзіць па горадзе ў парах, і адзін з іх быў з завязанымі вачыма – усе яны цяпер знаёмыя з горадам па-іншаму, у тым ліку праз дотык, нюх і гэтак далей. Гэта вывучэнне Вільні з іншага боку, пад іншым вуглом, іншым спосабам".

На выставе па выніках Акадэміі – фотаздымкі, аўдыёзапісы, творчыя інсталяцыі. Студэнтам у іх адкрыццях дапамагалі куратаркі. Яны не былі правадырамі па горадзе, а проста заахвочвалі ўдзельнікаў раскрыць сваю крэатыўнасць.

Рознабаковае ўзаемадзеянне

Адна з куратарак Акадэміі родам з Польшчы Аліцыя Рагальска кажа: "Галоўнае было – узаемадзеянне з людзьмі, з нейкімі мінакамі або мясцовымі супольнасцямі, таксама ўзаемадзеянне з гарадской прасторай Вільні. Мяркуем, што цудоўна атрымалася, вельмі гэтым ганарымся".

Узаемадзеянне з гарадской прасторай мусіла быць як мага больш небанальнае – уражаннямі дзеліцца ўдзельнік акадэміі, студэнт Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта Павел:

Deutschland Bildung Studiengebühren Studenten Goethe Uni in Frankfurt

"Вельмі цікавая была вандроўка па парку Вяркяй, дзе, кажуць, жыў паганскі святар Ліздзейка. Мы знайшлі там ахвярнік, зрабілі невялічкую ахвяру – пернікі, рыбак. Ліздзейка быў вядомы тым, што рабіў інтэрпрэтацыі сноў (ён растлумачыў Гедыміну сон пра Вільню, пра жалезнага воўка), т таму на наступны дзень мы вырашылі займацца зборам сноў проста выпадковых людзей. Большасць людзей згаджалася падзяліцца з намі сваімі снамі".

Гэта – фрагменты віленскіх сноў. Такія забавы, паводле каардынатаркі акадэміі Кацярыны Радзько, маюць і чыста прыкладную функцыю – дазволіць студэнтам-віленчукам лепш пазнаёміцца з месцам свайго цяперашняга пражывання ды яго насельнікамі: "Адчуванне свайго гораду студэнты маюць, горад любяць усе без выключэння, але часцяком яны казалі, што яны яго не ведаюць".

Такія заняткі на зведванне гарадской прасторы, паводле арганізатараў летняй акадэміі Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, могуць быць карысныя не толькі для прыезлых, але і для карэнных віленчукоў, якія звычайна не знаходзяць часу адхіліцца ад звыклых маршрутаў ды зведаць свой горад па-новаму.

Контекст