1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

“Лепш бы тыя ягады засталіся ў лесе!”

400 тон лясных ягад з Гомельшчыны плануюць экспартаваць у Польшчу і Літву. Тутэйшая нарыхтоўчая кантора прытрымліваецца усталяваных дзяржаваю нормаў радыяцыйнага забруджвання прадуктаў...

Пару дзен таму кіраўнік упраўлення нарыхтовак аблспажыўсаюзу Васіль Віннікаў паведаміў прэсе, што за мяжу пайшло ўжо 65 тон гомельскіх чарніцаў. Акадэмік Іван Нікітчанка між тым упэўнены: “Лепш бы тыя ягады засталіся ў лесе!”

Гомельшчына — адзін з найбольш пацярпелых ад Чарнобылю беларускіх рэгіенаў. Тутэйшая нарыхтоўчая кантора прытрымліваецца усталяваных дзяржаваю нормаў радыяцыйнага забруджвання прадуктаў — для лясных ягад гэта не больш за 185 бекэрэляў на кілаграм. Прафесар Васіль Несцярэнка ўпэўнены, што нават дзяржаўная “норма” не павінна супакойваць спажыўцоў.

„Чалавек павінен мець прадукты, не забружданыя ўвогуле. Але далей паўстае пытанне: што, зыходзячы з сваіх эканамічных магчымасцяў, можа прапанаваць дзяржава? Вось нашая дзяржава дазволіла сабе нормы допуску радыяцыйнай забруджанасці для ялавічыны, напрыклад, — 500 бк/кг. У Расеі такая ж норма — 160 бк/кг. Але ягады — асаблівы прадукт, гэта прадукт дзіцячага пераважна харчавання. І для дзіцячых прадуктаў есць норма — не больш за 37 бк/кг. З яе варта зыходзіць пры нарыхтоўцы лясных ягадаў“.

Чыноўнікі Гомельскага аблспажыўсаюзу кажуць між тым, што замежныя нарыхтоўшчыкі чарніцаў гатовыя браць ягады выразна небяспечныя — да 400 бекэрэляў на кілаграм. Чаму так? Аналітыкі заўважаюць: узровень еўрапейскіх перасцярог значна паменеў пасля так званай чарнобыльскай справаздачы МАГАТЭ, зробленай у верасні мінулага году. Справаздачы ў Еўрапаламанце а пазней у ААН пэўным чынам пераканалі сусветную грамадскасць, што пагрозы чарнобыльскіх наступстваў перабольшаныя.

Але ў нашым выпадку, лічыць акадэмік Іван Нікітчанка, справа значна прасцейшая:

Упэўнены, што гэтыя чарніцы не пападуць у продаж у Польшчы ці Літве. Там дзейнічаюць нормы Еўразвязу, там у продаж не дапусцяць прадукты, якія нават падазраюцца ў радыяцыйнай небяспецы. Так ці інакш, але вырабы з нашых чарніцаў вернуцца да нас”.

Гомельскі аблспажыўсаюз цешыцца, што ў гэты сезон заробіць на чарніцах больш за мільен еўра. Праўда, закупкі замежных егуртаў, ягадных пюрэ для дзетак — гатовай прадукцыі — запатрабуюць куды большых сродкаў. Эканамічны эфект такога калаўроту не надта ўражвае, але казна ў пацярпелых не застанецца. Заплоцім мы з вамі — наўпрост, купляючы нятанныя імпартныя смакоцці для хворых і дзетак з надзеяй, што замежныя прадукты — чыстыя.

Акадэмік Іван Нікітчанка заяўляе, што пастчарнобыльская мана увогуле вось-вось дойдзе на непапраўнай мяжы:

“Усе выгоды-невыгоды трэба зараз адкінуць, трэба выратоўваць народ. Тых, хто пажыў, паеў чарнобыльскіх прадуктаў, ужо нават немагчыма вылечыць. А вось тых, хто нараджаецца сення, малых дзетак трэба прыхіліць ад радыяцыйнага бруду. І праекты такога выратавання есць, і прапановы есць — а ніхто не выконвае. Таму пагроза над Беларуссю жудасная. Бо нават страшная небяспека, пра якую нам давялі, — небяспека ад радыяцыйнага цэзію. Гэта ад яго цяперашнія хваробы. Але амаль нічога не кажуць пра стронцый, прадукцыю на ўтрыманне стронцыю менш даследуюць. А стронцый папаў на костны слой — і далей 50 гадоў прабіраецца углыб, да костнага мозгу. А у народзе пра хваробу, выкліканую такі пашкожданнем, кажуць: белакровіе. І пра хворага на тое чалавека ўпэўнена кажуць: не жылец…