1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Кіраўніку ўпраўлення ідэалогіі Гарадзенскага аблвыканкаму адмоўлена ва ўездзе ў Польшчу

Візавы аддзел Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні адмовіў у выдачы візаў таксама кіраўніку карпункту Агульнанацыянальнага тэлебачання М. Меллячэнку. Чаму?

Кіраўнік ўпраўлення ідэалогіі Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімір Амелька ўласнаручна запоўніў анкету для атрымання шматразовай паўгадавой візы для поездкаў у Польшчу, але атрымаў адмову. Пра гэта “Нямецкай хвалі” паведаміў кіраўнік візавага аддзелу консульства ў Гародні Януш Дамброўскі.

Упраўленне ідэалогіі на чале з Амелькам брало непасрэдны ўдзел у рэалізацыі планаў па дзяржаўным захопе грамадскай арганізацыі “Саюз палякаў Беларусі“. Нагадаю, што летась Міністэрства юстыцыі Беларусі не прызнала вынікаў сакавіцкага з’езду СПБ. Пад кантролем мясцовых уладаў быў праведзены паўторны з’езд і абранае лаяльнае кіраўніцтва Саюзу палякаў. Афіцыйная Варшава рашуча асудзіла ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы грамадскай арганізацыі.

Кіраўнік упраўлення ідеалогіі Уладзімір Амелька цягам многіх гадоў курыруе дзейнасць СМІ і грамадскіх арганізацыяў. За час яго працы ў Гарадзенскай вобласці былі зачыненыя ўсе прыватныя грамадска-палітычныя выданні, акрамя «Газеты Слонімскай». За савецкім часам Амелька працаваў у Гарадзенскім абкаме кампартыі ў сектары друку, радыё і тэлебачання. Уладзімір Амелька збіраўся на свята беларускай культуры ў Беласток. Каментаваць адмову ў атрыманні візы ў Польшчу ён не можа. Паводле яго словаў, прычына яму не вядомая.

Не атрымаў візу ў Польшчу таксама і карэспандэнт Агульнанацыянальнага тэлебачання Мікалай Меллячэнка. Ён з’яўляецца аўтарам многіх матэр’ялаў, якія, на думку польскага боку, распальваюць міжнацыянальную варожасць. Акрамя таго, Меллячэнка выступіў сведкам па справе, якую ўзбудзіла Ўпраўленне расследаванняў Гарадзенскага Упраўлення унутраных справаў у адносінах да актывістаў не прызнанага ўладамі Саюзу палякаў. Іх абвінавачваюць у пагрозах дырэктару Шчучынскага Дому палякаў у ліпені мінулага году і на працягу некалькіх месяцаў неаднойчы выклікалі на допыты. Гэтая крымінальная справа была двойчы прыпыненая, але пакуль не закрытая. А ў пашпартах абвінавачваемых актывістаў анулявалі дазвольныя штампы на выезд за мяжу.