1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Куток Пецярбурга ў беларускай правінцыі

У старым палацы Козел-Паклёўскіх у вёсцы на Жлобіншчыне можна пабачыць адразу ўсе архітэктурныя стылі, якія існавалі за часы гісторыі чалавецтва. Але турысты змогуць наведаць гэтую дастапомнасць толькі пасля 2009 года.

default

Палац 19 стагодззя ў вёсцы Чырвоны бераг на Жлобіншчыне

У адным палацы ў вёсцы Чырвоны бераг, што на Жлобіншчыне, захаваныя адразу ўсе архітэктурныя стылі, якія існавалі за часы гісторыі чалавецтва. Але турысты змогуць наведаць гэтую дастапомнасць толькі пасля 2009 года, калі скончыцца рэстаўрацыя.

На ўсіх сучасных мапах вёска, дзе знаходзіцца палац Козел-Паклёўскіх, пазначана як Чырвоны Бераг. Старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч тлумачыць гэта непісьменнасцю чынавенства. Назву гістарычнага паселішча "Красный Берег" пераклалі на беларускую мову літаральна. Насамрэч, "красный" – гэта прыгожы. І сапраўды, краявіды ля ракі Дабосны маляўнічыя. Не горшыя за сам палац. Ён пабудаваны ў стылі гістарычнага рамантызму: неараманскі знешні выгляд спалучаны з так званым "цагляным" дойлідствам.

А ў куце - ампір

Гэта адзіная ў Беларусі сядзіба, дзе можна пабачыць такую вялікую колькасць стыляў інтэр’ернай аздобы пакояў, сцвярджае супрацоўнік адной з мінскіх турфірм Уладзіслаў Дзергачоў. Ён распавёў, што напрыканцы 19-пачатку 20 стагоддзяў архітэктары імкнуліся ўзнаўляць усе стылі, якія толькі існавалі за часы гісторыі чалавецтва. Кожная зала ў палацы паселішча Чырвоны бераг адпавядае вызначанаму гістарычнаму перыяду і архітэктурнаму стылю.

Дзергачоў кажа, што аздоба ніводнага з 36 пакояў не паўтараецца: "Вось ляпніна ў стылі готыкі. Затым зала антычная, а па суседстве – пакой ў стылі маньерызму. Некалькі крокаў – і вакол ужо барока, а ў куце - ампір. Сустракаюцца узоры і зусім рэдкай ляпніны – прыкладам, зала альгамбры.

Anton Astapovich weißrussischer Kunsthistoriker

Беларускі гісторык Антон Астаповіч

"Пад Гранадай ёсць палац Альгамбра, - тлумачыць Антон Астаповіч. - Там некалькі залаў былі аздобленыя своеасаблівай ляпнінай, якая нават не кладзецца ў каноны звычайнай маўрытанскай архітэктуры".

Шротэр , ды не той

Доўгі час спецыялісты ламалі галаву над пытаннем, хто пабудаваў гэты палац. Хаця прозвішча архітэктара і было вядомае – Шротэр. Але на той час вызначыліся два майстры з такім прозвішчам – піцерскі і варшаўскі. Два гады таму гісторык архітэктуры Наталля Пятровіч, нарэшце, высветліла: у Красным Беразе адзначыўся Шротэр піцерскі.

"Менавіта Віктар Шротэр працаваў у стылі "цаглянага" дойлідства, - даводзіць Антон Астаповіч. - Менавіта ў гэтым стылі палац і пабудаваны. У Піцеры захаваўся цэлы шэраг аб’ектаў Шротэра. Яны практычна аналагічныя".

Рэдкі ўзор рэстаўрацыі

Калісьці ў палацы мясціліся вучэбныя корпусы Краснабярэжскага сельскагаспадарчага тэхнікума. Будучыя ветэрынары і аграномы пакінулі пакоі з ляпнінай у 1990-м годзе. Аднак палац прастаяў без рэстаўрацыі амаль да 2003 года. Менавіта ў гэты час будыніна пачала развальвацца.

Але ж цяпер Антон Астаповіч называе Краснабярэжскі палац "рэдкім ўзорам цывілізаванай рэстаўрацыі ў сучаснай Беларусі".

Астаповіч адзначае як пазітыўны факт якасць рэстаўрацыі Краснабярэжскага палацу і аб’екту ў Калінкавіцкім раёне Юравічы, там дзе захаваўся былы іезуіцкі комплекс. "Нягледзячы на некаторыя парушэнні методыкі, якія ўсё роўна прысутнічаюць, але цалкам рэстаўрацыя тут бездакорная", - падкрэслівае Антон Астаповіч.

Рэстаўратарам даводзіцца выпраўляць і хібы мінулых стагоддзяў. Перад тым, як будаваць палац, дзеля эканоміі сродкаў Козел-Паклёўскія заснавалі ў Красным Беразе ўласную цагельню. Цэгла мела вельмі нізкую якасць. Бо выраблялі яе тутэйшыя сяляне, як атрымлівалася. Недзіўна, што фасады асыпаюцца проста на вачах.

Краснабярэжскі палац уваходзіць у Дзяржаўную інвестыцыную праграму. "Адноўлены палац абяцаюць адкрыць для турыстаў ужо ў 2009 годзе", - гаворыць Уладзіслаў Дзергачоў. Агульны кошт рэстаўрацыі – каля 23 мільярдаў рублёў. Пакуль жа засвоена толькі каля 6 мільярдаў.

Марына Мазуркевіч