1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Косаўскі палац будзе ўзноўлены

У самым малым горадзе Берасьцейскай вобласці – Косава – пачалася рэканструкцыя палаца Пуслоўскіх. Разам з адноўленай сядзібай Тадэвуша Касцюшкі ён можа стаць адным з найбольш папулярных турыстычных маршрутаў Беларусі.

default

фота з архіву

Палац Пуслоўскіх каля Косава быў пабудаваны ў 1838 годзе па праекце архітэктара Францішка Яшчолда літаральна за сотню метраў ад месца, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка. Гэта было надзвычай важна для гаспадароў палацу – хаця б у такой форме выказаць павагу да подзвігаў гэтай вядомай асобы і ўшанаваць ягоную памяць.

Класічнае па стылі збудаванне было дапоўненае крэпаснымі вежамі пад гатычную даўніну. Фасад палацу складаў 120 мэтраў у шырыню і ў ім налічвалася больш за 100 пакояў, прычым кожны меў сваю адмысловую назву (напрыклад, ў Белай залі ладзілі балі, у Чорнай – гулялі ў карты). Адной з галоўных адметнасцяў палацу была заля з празрыстай падлогай, пад якой існаваў акварыум з экзатычнымі рыбамі. А яшчэ існуе паданне, што ўначы па палацу разгульваў самы сапраўдны драпежнік - леў ці тыгр, каб прыслуга не цягала посуд ды іншую маёмасць.

Падарунак рэстаўратарам

Пакуль пра ўсё гэта рэстаўратары ведаюць толькі з гістарычных архіваў, але і зараз падчас археалагічных раскопак выяўленыя цікавыя знаходкі. Сярод іх - манеты 20-40-х гадоў XIX стагоддзя. Вядучы спецыяліст па археалогіі прадпрыемства "Брэстрэстаўрацыяпраект" Аляксандр Башкоў мяркуе, што гэта не просты скарб, а так званы “падарунак дамавому”. “Гэта традыцыя спрадвечная – яшчэ з паганскіх часоў. Дзеля таго, каб задобрыць яго, людзі закладалі гэтыя манеткі пад куток дома, і спадзяваліся, што ў хаце будзе дабрабыт, парадак і шчасце”, - адзначае Аляксандр Башкоў.

Падчас раскопак у Косаўскім палацы таксама былі знойдзены фрагменты быту, інтэр'ера некалі унікальнага збудавання, у іх ліку дэталі дарагіх сталовых сервізаў і каміннай кафлі. На жаль, амаль усе каштоўнасці палаца Пуслоўскіх, а таксама ўнікальны сад, які налічваў каля 150 відаў раслін, з часам аказаліся страчанымі. У 1943 годзе, падчас нямецкай акупацыі, палац быў разрабаваны і спалены савецкімі партызанамі, пра што цяпер не прынята ўзгадваць.

Спробы аднавіць палац узнікалі на працягу апошніх дваццаці гадоў, але як адзначае дырэктар прадпрыемства "Брэстрэстаўрацыяпраект" Уладзімір Казакоў, справа зварушылася толькі пасля ўключэння гэтага аб’екту ў інвестыцыйную праграму: “Час бы складаны – праца то пачыналася, то прыпынялася. Зараз праектныя работы практычна завершаны і першая чарга рэканструкцыі пачынае ажыцяўляцца”.

Насуперак заняпаду

На гэтыя мэты з рэспубліканскага і абласнога бюджэту выдаткавана амаль паўмільёна долараў. Уладзімір Казакоў абяцае, што рэстаўратары захаваюць аўтэнтычнасць палацу і будуць выкарыстоўваць у сваёй працы не толькі старую цэглу, але і спэцыяльны раствор - “пад даўніну”: “Самае каштоўнае ў гэтым будынку – сцены, камяні і матэрыял, з якога ўсё гэта выканана. Тама наша задача – максімальна ўсё захаваць”.

З нецярплівасцю чакаюць аднаўлення палацу Пуслоўскіх і жыхары Косава, якія выказваюць спадзяванне, што пасля гэтага, іхняе мястэчка, што лічыцца самым малым горадам Берасцейскай вобласці, пераадолее заняпад, дзякучы новым турыстычным маршрутам.

Мяркуецца, што першая чарга рэстаўрацыі Косаўскага палаца будзе завершана ў 2009 годзе. Пасля пачнецца наступны этап яго аднаўлення: ён прадугледжвае, сярод іншага, што тут з’явіцца гатэль, кафэ і невялічкая экспазіцыя, дзе знойдуць сваё месца і адшуканыя падчас раскопак манеты. Дарэчы, археолагі жартуюць, што было б добра традыцыю працягнуць і замураваць у новы фундамент ўжо цяперашнія беларускія грошы.