1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

"Кліп-марафон 2008" вызначыў пераможцаў

28 снежня ў Мінску адбылося першае ўручэнне прэмій за лепшыя кліпы 2008 году на фестывалі "Кліп-марафон 2008". Аматарам прэзентаваны першы зборнік лепшых беларускіх кліпаў за 20 гадоў, які змяшчае больш за 40 твораў.

default

Фота з архіву

28 снежня ў беларускай сталіцы прайшло першае ўганараванне пераможцаў фестываля "Кліп-марафон 2008", пад час якога адбылася і прэзентацыя першага зборніка відэакліпаў беларускіх гуртоў, якія граюць альтэрнатыўную музыку. Некаторым творам ужо дваццаць гадоў, а ўсяго іх на дыску 43.

Гэты фестываль мусіў адбыцца яшчэ два тыдні таму ў сталічным клубе "Акварыюм", але па незразумелых прычынах за некалькі дзён да імпрэзы гэтая ўстанова была на непрацяглы час зачыненая. Таму арганізатары вырашылі перанесці фэст на 28 снежня і правесці яго ў сядзібе Беларускага народнага фронту.

Перможцаў конкурсу вызначалі самі гледачы, якіх сабралося больш за сотню, а таксама музычныя крытыкі і аглядальнікі. Вызначэнне лаўрэатаў праходзіла па чатырох намінацыях – "Лепшая анімацыя", "Лепшы перформанс", "Лепшая альтэрнатыва" і "Лепшы кліп году".

Прастора выбару

Варта адзначыць, што выбіраць было з чаго: за апошнія гады практычна ўсе - як вядомыя рок- і фолк-гурты "Палац", "Нейра-Дзюбель", "Троіца", "Крама", "Крамбамбуля" ды іншыя, так і маладыя выканаўцы альтэрнатыўнае музыкі "IQ:48", "B.N.", "Dali" і гэтак далей - актыўна займаліся здымкамі кліпаў, Прычым, на такім узроўні, што заслужылі добрых словаў з вуснаў музычных крытыкаў і журналістаў Анатоля Мяльгуя, Андрэя Расінскага і Вітаўта Мартыненкі.

Некаторыя кліпы, напрыклад, самы першы кліп на кампазіцыю "Ура" гурту "Бонда", да стварэння якога, дарэчы, спрычыніліся і Мяльгуй з Мартыненкам яшчэ ў 1988 годзе, ці "Я рок-музыкант" гурту "Мроя" таксама дваццацігадовае даўніны, былі, з сённяшняга пункту гледжання, крыху прымітыўныя, але шчырыя. Цяпер музыкі выкарыстоўваюць найноўшыя тэхналогіі, а рэжысёры – нетрадыцыйныя падыходы дзеля стварэння паўнавартаснага гатовага матэр’ялу.

Змены да лепшага

Як адзначыў Анатоль Мяльгуй, безумоўна, сёння сітуацыя мяняецца: з’явіліся новыя крыніцы фінансавання кліпаў, новыя ідэі і, галоўнае, рэжысёры, якія хацелі б працаваць у гэтай галіне. Да таго ж, з’явіліся магчымасці паказваць гэтыя кліпы па тэлебачанні. "Зрухі ёсць, можа, не такія рэвалюцыйныя, як хацелася б, але ёсць тэндэнцыя да прагрэсу", - адзначыў адмыслоўца.

З Анатолем Мяльгуям згодны і музычны журналіст Вітаўт Мартыненка. "Калі мы з Анатолям распавядалі пра першы кліп, які здымалі, гэта кліп на песню "Ура" "Бонды" - гэта быў адзін кліп за дзесяць гадоў нашай дзейнасці. Ніхто нават не думаў, што можна рабіць беларускія кліпы, - адзначае Вітаўт Мартыненка. - Сёння мы бачым вельмі шмат якасных кліпаў на ўзроўні еўрапейскіх. Напрыклад, "Тры янгалы" гурту "Троіца".

Менавіта гэты кліп і стаў пераможцам у намінацыі "Лепшая анімацыя".

За лепшы перформанс быў уганараваны кліп гурту “ZIGZAG” на кампазіцыю "Танкі" – кавер-версія аднайменнай кампазіцыі іншай вядомай рок-групы "Нейра Дзюбель". А прыз за лепшую альтэрнатыву атрымаў гурт "B.N." з кліпам "Дажджамі". Лепшым жа кліпам году заснавальнікі фестываля прызналі твор "Падае дождж" гурту "Крама". Усе пераможцы ў 2009 годзе атрмаюць магчымасць зняць новыя кліпы за кошт арганізатараў фэсту.

Дарэчы, лідэр групы "ZIGZAG" Ігар Загумёнаў прызнаўся, што нават пры цяперашняй сітуацыі, калі для рок-музыкаў фактычна не існуе больш забаронаў, якія былі яшчэ нядаўна, пэўныя цяжкасці для прасоўвання творчасці для рокераў усё ж застаюцца. "Я не магу казаць, што лягчэй працаваць, - адзначае музыкант. - Рок як быў, так і застаўся "нефарматам". Мы трапілі на афіцыйныя каналы з кліпам "Rainbow", калі зрабілі песню на англійскай мове ў стылю "еўрапоп". З рокам мы не трапляем на афіцыйныя каналы".

Арыенцір - Еўропа

Некаторыя беларускія музыкі зараз імкнуцца паказваць сваю творчасць і ў далёкім замежжы, адзначыў лідэр гурту "Dali" Віктар Рудэнка. "У нас ёсць шмат ідэяў, звязаных з Еўропай, бо там наша музыка прыйшлася даспадобы. Зараз мы рыхтуем плытку, якая будзе называцца "Funk You" і яна будзе дзвюхмоўная – мы плануем выдаць яе на англійскай мове, бо Англія заўжды ставіцца добра толькі да сваёй роднай мовы, а на Радзіме плытка выйдзе на беларускай мове", - распавёў намінант "Кліп-марафону".

Пры канцы імпрэзы адбылася прэзентацыя першага дыска-зборніка лепшых кліпаў за 20 гадоў "Кліп-марафон 1988-2008" – Найлепшае беларускае відэа". У яго ўвайшлі 43 кліпы вядомых беларускіх выканаўцаў. Асаблівай гордасцю складальнікаў зборніка з’яўляецца наяўнасць у ім знятага ў 1996 годзе кліпа "Гомельскі вальс" рэжысёра Ягора Хрусталёва з удзелам гуртоў "Крама", "Палац", а таксама лідэра ансамбля "Сябры" Анатоля Ярмоленкі.

Гэты кліп у некаторых момантах адлюстроўвае жыццё ў Чарнобыльскай зоне. Апошнія дзесяць гадоў лічылася, што ён назаўжды згубіўся недзе ў архівах дзяржаўнага тэлебачання, але складальнікам зборніка здолелі яго знайсці, і цяпер гэты відэатвор могуць пабачыць усе аматары беларускай музыкі.

Генадзь Канстанцінаў

Контекст