1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

КДБ працягвае аказваць ціск на моладзевых актывістаў

Студентку Гродненскага дзяржуніверсітэту, актывістку Маладога Фронту Хрысціну Марчук больш за дзве гадзіны ўтрымлівалі ў кабінеце следчага. Пры гэтым супрацоўнікі КДБ не прадставіліся і не паказалі свае службовыя паперы.

default

Актывістка Маладога Фронту і грамадскай кампаніі «Абаронім старую Гародню» Хрысціна Марчук атрымала позву ў КДБ у дэканаце. А за дзень да гэтага яна адмовілася пайсці да следчага па вуснаму запрашэнню па тэлефоне: «Было тое, што я і чакала - пытанні наконт маёй грамадскай дзейнасці, запалохванні - наконт выключэння, крымінальных справаў і жаночых калоніяў».

Хрысціна Марчук паведаміла, што следчых цікавіла яе дзейнасць у арганізацыі Малады фронт. Яна ўзгадала, што міліцыя раней затрымлівала яе ў Мінску на паседжаннях, а 25 сакавіка ў Дзень волі, таксама ў Мінску, ў яе і іншых юнакоў, якія сабраліся на адной з кватэр, міліцыя зняла адбіткі пальцаў і копіі пашпарту.

Ці законныя дзеянні супрацоўнікаў КДБ?

Хрысціна Марчук распавяла, як гарадзенскія следчыя КДБ спрабавалі яе запалохаць: «Яны казалі, што будуць выклікаць на размовы маіх бацькоў, нагадвалі, што ў Мінску вучыцца мая сястрычка, што ёй трэба яшчэ жыць і вучыцца, што ў мяне могуць быць судзімасці, што мяне не возьмуць на працу і што мяне выключаць з універсітэта», - падкрэсліла актывістка Маладога Фронту.

Следчыя папярэдзілі яе, каб яна добра падумала, ці падаваць інфармацыю незалежным СМІ: «Бачна было, што яны асабліва апасаюцца гэтага розгаласа». Аднаго са службоўцаў па прозвішчу Жывушка Хрысціна пазнала - раней ён ужо дасылаў ёй позву на суразмову. Гэты следчы нядаўна выклікаў у КДБ таксама іншых гарадзенскіх актывістаў – Эдуарда Дмухоўскага і Алеся Зарэмбюка.

Беларускі праваабаронца Алег Воўчак, які вядзе ўласны маніторынг працы гэтай арганізацыі, лічыць, што такім чынам КДБ не бароніць дзяржаўную бяспеку, а займаецца не належнай працай. «Тры-чатыры гады таму было рэанімаванае з савецкага часу 5-ае аддзяленне КДБ. У іх задачы ўваходзіць – адсочваць неўрадавыя арганізацыі, лідэраў палітычных партыяў, незалежных журналістаў. Вядома, гэты аддзел супярэчыць Канстытуцыі. Гэта парушэнне», - распавядае Алег Воўчак.

Беларускі праваабаронца нагадаў, што ператрусы ў незалежных журналістаў 27 сакавіка гэтага года праводзіў менавіта Камітэт дзяржаўнай бяспекі: «КДБ кантралюе іншадумцаў, тых людзей, якія хочуць жыць у дэмакратычным грамадстве». Паводле Алега Воўчака, КДБ павінен змагацца з тэрарызмам, арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, «а насамрэч, ён змагаецца з хлапчукамі і дзяўчынкамі». Алег Воўчак нагадаў таксама, што Закон аб КДБ не ўзгадвае «суразмову» як працэсуальную форму. «Калі не заведзеная крымінальная справа, - кажа праваабаронца, - «я заўсёды заклікаў маладзёнаў не хадзіць, а пісаць скаргі ў пракуратуру».

Ці маюць права супра цоўнікі КДБ на запалохванні?

«У іх службовыя паўнамоцтвы не ўваходзіць здейсняць шантаж ды запалохванні. Гэтыя дзеянні трапляюць пад крымінальны кодэкс аб службовых злоўжываннях. КДБ здзяйсняе палітычны вышук», - сцвярджае правабаронца. – Парламентарыі, якія зацвярджаюць бюджэт, дарэмна плацяць гэтай структуры. Карысці грамадству ад яе няма, а толькі адной асобе, якая спрабуе утрымліваць уладу».

Ці вядомыя факты злачыннай дзейнасці арганізацыі Малады фронт? «Мы звярталіся ў Парламент у мінулым годзе, каб скасаваць гэты артыкул «ад імя незарэгістраванай арганізацыі» і адзначалі, што гэтыя арганізацыі не парушаюць Канстытуцыю, - кажа праваабаронца Алег Воўчак. - Я не бачу нічога крымінальнага ў іх дзейнасці. Гэтыя дзеці сапраўды маюць веру ў будучыню Беларусі. Гэта арганізацыя маладых патрыётаў».