1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Карлсан у Мінску – казка ў рэчаіснасці

Цэнтральная дзіцячая бібліятэка атрымала ў падарунак інтэрактыўную выставу "Карлсан з даху" – частачку музея Юнібакен - прасторы казак Астрыд Ліндгрэн.

default

Фота з архіву. Шведская пісьменніца Астрыд Ліндгрэн

У час чакання калядных і навагодніх цудаў маленькім беларусам цалкам магчыма завітаць у госці да Карлсана і Малога. Цэнтральная дзіцячая бібліятэка атрымала ў падарунак інтэрактыўную выставу "Карлсан з даху" – частачку музея Юнібакен - прасторы казак Астрыд Ліндгрэн. "Карлсан жыве ў Стакгольме, але зараз ён прыляцеў у Мінск", - абвестку куратара праэкта Сільвіі Аўгусцінсэн дзіцячая аўдыторыя ўспрыняла плясканнем у ладкі.

Праз гульню – да кніжак

Інтэрактыўная выстава "Карлсан з даху" - падарунак стакгольмскага музея Юнібакен. Яна створаная шведскім дызайнерам Турам Свэа на падставе арыгінальных малюнкаў першага ілюстратара "Малога і Карлсана" Ілон Віклунд. Роспіс памяшкання казачнай прасторы ў Мінску зрабілі маладыя беларускія мастакі Эвелін, Антон і Беласлава Крыштаповічы.

На адкрыццё выставы прыехалі ўнукі Астрыд Ліндгрэн Нільс Нюман і Малін Білінг. З’яўленне сапраўднага жывога Карлсана на даху, дарэчы дах - частка выставы і прастора для тэатральных імпрэзаў, абвесціў Нільс Нюман: "Вельмі весела бачыць столькі дзяцей, якія ведаюць, хто такі Карлсан".

Наведвальнікі бібліятэкі зараз маюць магчымасць і самі рабіць імпрэзы на даху, дзе жыве Карлсан, чытаць кніжкі ў доміку Малога і Карлсана, а таксама прызначаць сустрэчы з сябрамі ў Малога ці ў Карлсана. Жыллёвыя умовы Малога і Карлсана ўразілі тых, хто паспеў іх агледзець. Тур Свэа, які будаваў гэтыя дамы, распавядае, што галоўнай мэтай было зрабіць прастору такім чынам, каб праз гульню у дзяцей з’явілася жаданне вучыцца і больш чытаць.

Завітайце да Карлсана

І сапраўды ў казачнай прасторы дзеці адчуваюць сабе цалкам натуральна. Напрыклад, Юстына кажа, што яе мама бачыла, дзе жыве Малы, бо яна была ў Стакгольме. А сам Карлсан падабаецца Юстыне таму, што ён "вяселы, рухавы, з прапелерам, вельмі любіць цукеркі. А яшчэ ён умее лятаць". Юстына і яе брат Якуб хацелі б сябраваць з Карлсанам. А калі б сустрэлі яго яшчэ раз дзе-небудзь, яны б сказалі яму, "што ён самы лепшы ў свеце сябар і самы лепшы ў свеце Карлсан".

Падобна на тое, што амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан не памыліўся, калі сказаў на адкрыцці выставы: "Я ўпэўнены, што вам спадабаецца, і вам тут будзе весела сустракацца з сябрамі, чытаць і гуляць". Вольга Андрэеўна, дырэктар дзіцячай бібліятэкі, дзе назаўсёды застанецца выстава "Карлсан з даху", сардэчна запрашае сваіх сталых чытачоў і тых, хто дагэтуль цэнтральную дзіцячую бібліятэку не наведваў: "Прыходзьце, гуляйце, чытайце". Дырэктар бібліятэкі спадзяецца, што зімовыя вакацыі - добрая нагода, каб правесці час у Карлсана на даху.

Навучыць дзяцей самастойнасці

Педагог музея Юнібакен Кілікі Хэльстрэм дае некалькі метадычных парадаў, базуючыся на сваіх назіраннях, як успрымаюць інтэрактыўныя выставы дзеці з прасторы былога СССР і, напрыклад, са Швецыі ці з Нямеччыны, і як паводзяць сабе іх бацькі. "Нямецкія дзеці вельмі шмат ведаюць пра Астрыд Ліндгрэн. Там каля 200 школ носяць яе імя". Педагог адзначае, што дзеці з Нямеччыны ці са Швецыі адчуваюць сабе ў Юнібакене цалкам вольна, робяць, што хочуць і не чакаюць згоды бацькоў.

Кілікі Хэльстрэм распавядае, што такія паводзіны адрозніваюцца ад паводзін рускамоўных дзяцей, у тым ліку з Беларусі. Бо тыя "прызвычаіліся чакаць, пакуль бацькі скажуць, ці можна гуляць, да чаго можна дакранацца, куды ісці". Па словах педагога, такім чынам, дзеці вымушаныя думаць тое, што ўжо прыдумалі дарослыя. "Нашмат лепш, каб дзеці думалі самастойна. Яны і самі разбяруцца, і вырашаць, што ім рабіць і што прыдумаць". – кажа Кілікі Хэльстрэм.

Алена Данейка

Контекст