1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Караткевіч як веліч эпохі

На магіле Уладзіміра Караткевіча на Усходніх могілках у Мінску вялікага беларускага літаратара і грамадскага дзеяча ў гадавіну яго скону паміналі сябры, прадстаўнікі творчай інтэлігенціі і моладзевых арганізацыяў.

default

“Дзікае паляванне Караля Стаха”, “Чорны замак Альшанскі”, “Каласы пад сярпом тваім”… Гэтыя ды шматлікія іншыя творы Уладзіміра Караткевіча вядомыя многім як беларусам, гэтак і прыхільнікам творчасці Майстра ў замежжы. Многія з гэтых твораў Караткевіча, які зусім не быў аблашчаны савецкай уладай, нават у тыя складаныя часы былі экранізаваныя і палюбіліся гледачу.

Караткевіч – гэта цэлая эпоха

“Уладзімір Караткевіч і нацыянальная ідэя, Беларусь і ўсё, што звязана з нацыянальнай культурай, адраджэннем, - гэта паняткі непадзельныя, - адзначыў намеснік старшыні мастацкай суполкі “Пагоня” Мікола Купава. – Ён сваёй творчасцю даў магутны штуршок розным іншым творцам, як кампазітарам, стваральнікам кіно, іншым відам мастацтва. Уладзімір Караткевіч – гэта цэлая эпоха”.

“Ён верыў у Беларусь, верыў, што яна абудзіцца, устане да новага жыцця, і працаваў для гэтага, - адзначыў Арсен Ліс, які быў рэдактарам першай кнігі Караткевіча “Матчына душа”. – Сваімі гістарычнымі раманамі, аповесцямі, у сваёй паэзіі, у якой ён таксама быў беспадобны, нават сусветную, культуру, помнікі культуры ён асэнсоўваў у беларускім кантэксце, кантэксце рэалій нашага жыцця. Я думаю, што сёння маладыя пакаленні вучацца на яго творчасці годнасці, дастойным адносінам да сваёй радзімы, да свайго народа”.

І гэтак многа ведае, каб жыць…

Сябра пісьменніка, старшыня Міжнароднай федэрацыі беларусістаў прафесар Адам Мальдзіс адзначыў, што і зараз улады не заўжды годна ставяцца да памяці слыннага сына Беларусі:

“Вельмі дрэнна, што з таго месца, дзе стаяла хата Караткевічаў, дзе ён нарадзіўся, у іншае месца перанесены помнік. Яго сябры пераконвалі аршанскія ўлады, што паколькі там будзе дзіцячы парк, то назваць гэты парк паркам імя Караткевіча, і тады гэты помнік арганічна ўпішацца ў гэты дзіцячы парк. Але нас па розных прычынах не паслухалі”.

Пры канцы ўрачыстае вечарыны сябры “Моладзі БНФ” усклалі на магілу Уладзіміра Караткевіча снапок каласоў з бел-чырвона-белай стужкай, а паэт Уладзімір Някляеў прачытаў прысвечаны Караткевічу верш “Хадок”, які завяршаецца радкамі:

Ідзе хадок. Над ім дажджыць, сняжыць,
Яму не выйсці з гэтай кругаверці...
Ён ведае так мала, каб памерці,
І гэтак многа ведае, каб жыць.