1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

З 22 да 27 траўня ў Мінску пройдуць Дні Еўропы

Пра гэта на прэс-канферэнцыі распавялі аддзелы дыпмісіяў краінаў ЕЗ. Сёлета святочныя мерапрыемствы прысвечаныя музыцы, літаратуры, гісторыі, мовам і спорту.

default

Прэс-канферэнцыю ў амбасадзе Латвіі, якая прадстаўляе цяперашняга старшыню Еўразвзязу Аўстрыю, адкрыла амбасадар Латвіі Майра Мора. Яна паведаміла, што Дні Еўропы ў Мінску пры падтрымцы Еўракамісіі арганізуюцца ўжо ў другім разам. Амбасадар нагадала, што днём нараджэння ЕЗ лічыцца 9 траўня 1950 году, калі тагачасны міністр замежных справаў Францыі Робэр Шуман апублікаваў сваю канцэпцыю аб'яднанай Еўропы, паводле якой кантынент мае быць мірным і квітнеючым. Святочныя мерапрыемствы праходзяць у Еўропе ўвесь травень. Беларусь, адзначыла Майра Мора, неад'емная частка Еўрапейскага кантыненту, і Дні Еўропы ёсць магчымасцю надаць увагу агульнай культурнай спадчыне.

Самым масавым пунктам праграмы Дзён Еўропы ў Мінску абяцае быць мерапрыемства, падрыхтаванае Нямеччынай. 26 траўня на стадыёне "Дынама" пройдзе таварыская гульня паміж камандамі ветэранаў "Дынама" Мінск - "Дынама" Дрэздэн. Яна пачнецца а 18-й гадзіне, але заўзятараў запрашаюць а 16-й - для іх арганізуецца адборачны этап спаборніцтва "Забіць гол у сценку". Фіналістаў вызначаць у перапынку паміж таймамі, пераможцаў чакаюць прызы. За 1-е месца - авіябілет у Нямеччыну, за 2-е - стыпендыя для навучання на курсах нямецкай мовы ў Інстытуце Гётэ. Дарэчы, амбасадар ФРГ Марцін Хекер адзначыў, што ён ёсць прыхільнікам і заўзятарам беларускай зборнай і шкадуе, што яна не ўдзельнічае ў Чэмпіянаце свету ў Нямеччыне.

У Амбасадзе Літвы 24 траўня адбудзецца Дзень адчыненых дзвярэй для студэнтаў і выкладчыкаў беларускіх ВНУ. Як паведаміў часовы павераны ў справах Беларусі Марыюс Януконіс, галоўнай ідэяй гэтай акцыі ёсць максімальная адкрытасць. "Мы жадаем паламаць стэрэатып, што амбасада - зачыненая прастора" - адзначыў Януконіс. Акрамя таго, ён запрасіў наведаць 24 траўня Кафедральны сабор на Плошчы Свабоды, дзе адбудзецца канцэрт вядомай літоўскай выканаўцы камернай музыкі Юдзіты Лейтайте.

У рамках Дзён Еўропы пройдзе таксама студэнцкая канферэнцыя "Швецыя сёння"; кірмаш, арганізаваны турфірмамі Латвіі і Беларусі; паказ французскіх і нямецкіх фільмаў; канцэрт фальклорных калектываў; прэзентацыя еўрапейскіх моваў і краінаў. Завершацца Дні Еўропы ролевай гульнёй са студэнтамі беларускіх ВНУ на тэму "Канстытуцыйная дамова ЕЗ" і еўрапейскім DJ-фэстам, які, як абяцаюць арганізатары, будзе доўжыцца да самага ранку.

Вось што амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Марцін Хекер адказаў на маё пытанне, што ён чакае ад Дзён Еўропы ў Мінску:

«Мне падаецца, што гэта вельмі добрая магчымасць паспрабаваць давесці да жыхароў Беларусі, што Беларусь - гэта таксама Еўропа. Мне падаецца памылковым меркаванне, якое часам гучыць тут – быццам бы Еўропа - штосці варожае. Еўропа - не варожы кантынент. І Нямеччыну, і іншыя краіны таксама крытыкуюць. Трэба быць гатовым выслухваць крытычныя заўвагі з Страсбургу. Беларусь - адзіная краіна, якая не уваходзіць у Раду Еўропы. І для мяне гэта вельмі сумна. Я вельмі спадзяюся, што Беларусь знойдзе свой шлях у Еўропу.»