1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

З чаго складаецца арган – кароль музычных інструментаў?

У мінскім Архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася вечарына "Вакол аргана" ў межах праграмы "Імгненні арганнай музыкі", якая здзяйсняецца па ініцыятыве Амбасады Нямеччыны ў Беларусі.

default

Адзін з аўтараў ідэі вечарыны "Вакол аргану" - кіраўнік беларуска-нямецкага эканамічнага клуба Клаус Байер: "Культурнае жыццё для кожнага чалавека вельмі важнае, незалежна ад таго, дзе ён жыве зараз. Трэба да гэтага сур'ёзна ставіцца і карыстацца кожнай магчымасцю, адна з якіх ёсць цяпер".

Наблізіцца да аргана

"Не кожны можа ўявіць сабе цудоўны свет арганнай музыкі, і ў паўсядзённым жыцці не кожны можа наблізіцца да аргана. Мы хацелі стварыць матывацыю наведваць арганныя канцэрты. Я сам вельмі люблю арганную музыку. Таму ўдзельнічаю ў гэтым праекце. Вельмі добра, што мы знайшлі правільных партнёраў – Уладзіміра Неўдаха і амбасаду Нямеччыны", - кажа Клаус Баэр.

Наблізіць публіку да аргана ў самым што ні на ёсць літаральным сэнсе слова, прыадчыніць таямніцы гучання караля музычных інструментаў, - як калісці назваў арган вялікі Вольфганг Амадэй Моцарт, - перамагчы нерашучасць, якая валодае кімсці пры ўваходзе ў касцёл, дзе гучыць арган, - гэтая ідэя апанавала арганізатараў вечарыны год таму.

Пра арган – па-нямецку

Аповед пра арган на нямецкай мове з музычнымі ілюстрацыямі, распавядае вядомы беларускі арганіст Уладзімір Неўдах, вырашылі арганізаваць дзеля таго, каб заахвоціць, у першую чаргу, нямецкае асяроддзе, якое жыве ў Мінску, таксама сяброў нямецкай мовы, носьбітаў нямецкай мовы.

"Гэта была ідэя Клауса Байера: распавесці пра арган проста. Гэты велічны інструмент, які стаіць у касцёле, ён, можа быць, некаторых людзей палохае, тых, хто не прыходзіць ў касцёл для малітвы. Для нашых парафіянаў гэта любімы інструмент. Для нашых братоў у Хрысце гэта, можа быць, нешта іншае. Таму такая ідэя сапраўды важная: каб пастаяць побач з арганам, на хорах, наверсе, паглядзець, як ён функцыянуе, з чаго складаецца.".

Арганізатары вечарыны мелі на мэце паказаць, што арган - не толькі старажытны, але і цалкам сучасны інструмент. І таму, кажа Уладзімір Неўдах, спецыяльна выбралі сучасныя творы. "Такія вось вясёлыя, якія б паказалі гэты інструмент з пункту гледжання такога, што ён жывы, чалавечы. Канешне, ён велічны, але ён цёплы, ён наш. Ён заўсёды з намі".

Зафіксаваны ў гісторыі час нараджэння аргана – ажно да нашай эры. Арган прайшоў праз эвалюцыю ў эпоху Барока, праз навацыі ў XIX-XX стагоддзях, музычныя творы для аргана эвалюцыянавалі з цягам часу, і сёння яны цалкам супадаюць з інтанацыйным гучаннем эпохі.

"Каралеўскі інструмент"

Наталля Славінская грае на аргане ў касцёле ў маленькай вёсцы ў Гродзенскай вобласці. На вечарыну прыехала спецыяльна. Для яе гукі аргана – адказ на таемныя запатрабаванні чалавечае душы, і ўвогуле арган - "гэта штосці духоўнае, ці штосці ад неба, ад Бога, штосці душэўнае". Студэнтка Беларускай Акадэміі музыкі Марыся Янушкевіч, якая, дарэчы, выконвала ролю асістэнткі Уладзіміра Неўдаха пад час вечарыны, зазначае:

"Зараз арган у нашай дзяржаве, у людской супольнасці ўспрымаецца як нешта эксклюзіўнае, нават элітарнае. У нас няшмат выконваюць арганную музыку, і ў нас няшмат арганаў".

Наталлі Славінскай вечарына "Вакол аргана" падалася вельмі цікавай:

"Гэта каралеўскі інструмент. Арган – вяршыня музычнага мастацтва. І такі складаны інструмент, і, разам з тым, вельмі-вельмі цікавы.".

Кансультанту па нямецкай мове Інстытута імя Гётэ ў Мінску Катарыне Лангэ вечарына "Вакол аргана" таксама спадабалася:

"Я вельмі люблю арганную музыку, шмат пра яе ведаю, але вельмі здзівілася, пачуўшы сёння, што яшчэ ёсць арганы з драўлянымі флейтамі. У Нямеччыне яны рэдка сустракаюцца. Сёння я даведалася, што гэта надае аргану асаблівае гучанне. Уладзімір Неўдах распавёў, з чаго складаецца арган, як гучаць розныя флейты. І вельмі спадабаўся твор беларускага аўтара. Цудоўная была вечарына".

Контекст