1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

“Зямля пад белымі крыламі”

так называецца выстава, што адчынілася ў Мінскім палацы мастацтва, прысвечаная 75-м угодкам вядомага пісьменніка і паэта Уладзіміра Караткевіча. Чаму беларускія ўлады праігнаравалі яе адкрыццё ?

default

На выставе прадстаўленыя мастацкія работы беларускіх аўтараў па матывах твораў майстра, яго партрэты, мастацкія выявы малой радзімы літаратара.

Ушанаваць памяць класіка беларускае літаратуры прыйшлі мастакі, паэты і пісьменнікі, тыя, хто пры жыцці ведаў Уладзіміра Караткевіча. Яго імя стаіць у адным шэрагу з Янкам Купалам і Якубам Коласам, Васілём Быкавым і Алесем Адамовічам, Янкам Брылём і Рыгорам Барадуліным. Караткевіч пражыў нядоўгяе (яму было ўсяго 54 гады, калі ён памёр ад невылечнае хваробы), але плённае жыццё. Творы Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Чорны замак Гальшанскі”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і многія іншыя перакладзеныя на дзясяткі моваў свету, па іх ставіліся спектаклі і здымаліся фільмы; вядомыя мастакі, прычым не толькі беларускія, рабілі ілюстрацыі для яго гістарычных і лірычных твораў.

Караткевіча, як і Быкава, і Адамовіча, не песцілі ўлады. Яму не давалі выдавацца. Гэта тлумачыцца тым, што ўжо на самым пачатку свайго творчага шляху Караткевіч звяртаўся да гістарычнай спадчыны беларускага народу, яго традыцыяў і праблемаў. І гэта не падабалася тагачаснай савецкай уладзе, адлюстроўвалася на магчымасцях друкавацца. Дапрыкладу, для аднаго з сваіх вельмі ўдалых твораў “Каласы пад сярпом тваім” аўтар 12 гадоў збіраў матэр’ялы, 8 гадоў пісаў гэты раман, але ў 1967 годзе ён выйшаў толькі ў часопісе “Полымя” у скарочаным, часопісным варыянце. З гэтай нагоды, як прызнаўся ў тым жа годзе сам аўтар, “ён зведаў мала радасці”. Тое ж самае было і з іншымі творамі Караткевіча, хаця, прызнаючы геній

пісьменніка і драматурга, савецкі кінематограф звяртаўся да яго творчасці. У гады перабудовы і адразу пасля распаду СССР імя Караткевіча зноўку загучала – тэатры зноў пачалі ставіць спектаклі па яго творах, перавыдаваліся яго кнігі. Сёння імя Караткевіча афіцыйны Мінск нават не згадвае.

Улады праігнаравалі юбілей пісьменніка і адкрыццё прысвечанай гэтай падзеі выставы. Хаця ёй надаў увагу амбасадар ЗША ў Беларусі Джордж Крол, які прысутнічаў на цырымоніі адкрыцця. Як сказаў карэспандэнту “Нямецкай хвалі” мастак Аляксей Марачкін, уладаў не было на выставе, таму што:

“Караткевіч, як і Быкаў, і сёння вельмі сталы, як і многія з тых, хто падзяляе ідэю Беларушчыны. Ён знак, і ён ніколі б не быў з генералам Чаргінцом і яго прыдуманым Саюзам пісьменнікаў, кішэнным, які сёння знаходзіцца пад капытом сённяшняга начальніка краіны”

- адзначыў Аляксей Марачкін.

“Перад памяццю Караткевіча трэба нізка схіліць галаву, таму што ён заўсёды насіў “Пагоню” – сымбаль незалежнасці Беларусі, знак яе гістарычнай памяці і гонару, - у сваім сэрцы”, - сказаў мастак. Аляксей Марачкін таксама паведаміў, што хуткім часам у Чырвоным касцёле ў цэнтры Мінску адчыніцца яшчэ адная выстава, прысвечаная Уладзіміру Караткевічу, больш поўная і шырокая ў плане яе ўдзельнікаў, дзе знойдзецца месца не толькі творам сябраў Саюзу мастакоў.