1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Значэнне БНР i Дня волi

Праз 90 год пасля ўтварэння БНР застаецца прадметам спрэчак гісторыкаў і палітыкаў. За савецкім часам спроба стварэння незалежнай беларускай дзяржавы замоўчвалася, а тое што немагчыма было схаваць, падавалася негатыўна.

default

Дзевяноста гадоў таму, 25 сакавіка 1918 года, Беларуская Народная Рэспубліка прыняла сваю Трэцюю ўстаўную грамату аб дзяржаўнай незалежнасці БНР. Гэта быў адказ на Брэсцкую мірную дамову паміж савецкай Расіяй і Германіяй, якой без удзелу беларускіх прадстаўнікоў Беларусь дзялілася на часткі.

Прыняцце ўстаўнай граматы аб незалежнасці БНР традыцыйна адзначаецца беларускімі дэмсіламі як Дзень волi. Улады не прызнаюць значэнне БНР і вядуць радавод сучаснай беларускай дзяржаўнасці ад БССР.

Шырокім колам пра БНР сталася вядома толькі пад час перабудовы, калі прыадчыніліся архівы і калі з'явіўся попыт на несавецкае тлумачэнне гісторыі. У першыя гады незалежнай Рэспублікі Беларусь суіснавалі дзве "праўды": нацыянальна-рамантычная, якая вяла радавод Беларусі з Полацкай Русі і Вялікага княства Літоўскага і аддавала павагу БНР, і "савецкая праўда", якая пачынала беларускую гісторыю з кастрычніка 1917 года і вяла радавод беларускай дзяржаўнасці са смаленскай партканферэнцыі бальшавікоў, якія абвясцілі пра стварэнне БССР.

Потым "савецкая праўда" загнала ў падполле сваю "нацыянальна-рамантычную сятру" і толькі апошнім часам ёй дазволілі вярнуцца да грамадства. Нядаўна прэзідэнцкая газета "Советская Белоруссия" змясціла на сваіх старонках дыскусію навукоўцаў пра значэнне БНР, дзе былі адлюстраваны увесь спектр меркаванняў на гэты конт, у нядзелю Беларускае тэлебачанне паказала паўгадзінны матар'ял пра БНР, дзе выказаліся аж 8 гісторыкаў, пры чым агульная танальнасць сюжэту імкнулася да беспрэцэдэнтнай бесстароннасці.

А што аб БНР гаворыць сучасная беларуская гістарычная навука? Адказвае навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ляхоўскі. Ці адбылася БНР як дзяржава?

"Я лічу, што Беларуская Народная рэспубліка як дзяржава ў класічным разуменні гэтага слова не адбылася. Але гэта была спроба палітычных структур, якія гуртаваліся вакол былых палітычных устаноў Усебеларускага з'езда -- першага агульнанацыянальнага форума беларусаў -- стварыць сваю самастойную дзяржаву. У тых геапалітычных рэаліях, варунках канца І сусветнай вайны гэта было не рэальна, але з гэтага часу мы будзем казаць, што яны былі першымі, хто агучыў лозунгі незалежнасці Беларусі, і гэтую падзею мы павінны разглядаць у кантэксце тых падзей, якія прывялі да ўзнікнення рэальнай незалежнасці Беларусі".

Якія ёсць падыходы ў афіцыйнай навукі на гэты конт? Паводле ягоных слоў, да сёння яшчэ да канца не выпрацавалася агульная канцэпцыя гэтай з'явы.

"Па-ранейшаму, вельмі шмат навукоўцаў, якія лічаць, што гэта марыянеткавая дзяржава, якая была створана пад апекай германскіх акупацыйных улад. Ёсць таксама, што гэта былі авантурысты, якія хацелі ўзурпіраваць уладу, але не будзем забываць, што і Ўсебеларускі з'езд, і Рада БНР падкрэслівала, што іх галоўны крок -- гэта скліканне устаноўчага схода, заканадаўчага прадстаўнічага органа, які павінны вырашаць канчатковы лёс краіны".

І нарэшце пра ацэнку акту 25 сакавіка. Гісторык у адказ працытаваў па памяці аднаго з айцоў БНР Аляксандра Цвікевіча:

"Так, БНР – гэта палітычная структура, якая не здолела ўтварыцца ў паўнавартасную дзяржаву, гэта закон, які не быў рэалізаваны, але ён стаў законам беларускага жыцця. Пасля гэтага ўжо цяжка было казаць у інтарэсах беларускага народа, не акрэсліваючы, што беларускі народ мае права на незалежнасць. Менавіта з гэтага моманту мы можам казаць, што сфармавалася незалежніцкая ідэалогія ў беларускім руху".

Контекст