1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Змена кіраўніцтва ў БНФ

Падрабязнасці з Дзесятага справаздачна-выбарчага з’езду Партыі БНФ і ГА “БНФ “Адраджэньне”, які прайшоў 8-9 снежня ў Мінску.

Як адзначылі дэлегаты форума, вынікі выбараў старшыні і намеснікаў кіраўніка найстарэйшай палітычнай арганізацыі ў найноўшай гісторыі Беларусі, хаця і сталіся непрадказальнымі як для палітолагаў і журналістаў, гэтак і для саміх фронтаўцаў, тым не менш, не сталі прычынаю прадказаванага расколу ў яе шэрагах і мусяць пайсці на карысць БНФ у будучыні.

Супрацьстаянне двух бакоў

Галоўная барацьба на з’ездзе, як і чакалася, разгарнулася паміж тымі сябрамі Партыі БНФ, якія з’яўляюцца актывістамі ачоленага экс-кандыдатам на прэзідэнта Беларусі Аляксандрам Мілінкевічам руху “За свабоду”, і тымі, хто настойвае, каб, прынамсі, кіраўнікі Партыі БНФ былі сябрамі толькі гэтае палітычнае арганізацыі.

Увасабленнем першых на з’ездзе быў намеснік старшыні Алесь Міхалевіч, другіх – цяпер ужо былы кіраўнік БНФ Вінцук Вячорка. На пасаду кіраўніка прэтэнтаваў яшчэ адзін з намеснікаў Вінцука Вячоркі Віктар Івашкевіч, добра вядомы ў краіне ў першую чаргу як арганізатар вулічных акцыяў (да прыкладу, “Еўрапейскага Маршу”) і рэдактар незалежнае газеты “Рабочы”, які быў асуджаны да абмежавання волі за свае публікацыі ў СМІ.

У першы дзень папярэдняе кіраўніцтва партыі трымала справаздачу перад дэлегатамі за дзейнасць за апошнія два гады, пасля дзевятага з’езду ПБНФ. Вінцук Вячорка пры канцы свайго выступу паведаміў пра асноўныя прыярытэты, з ягонага пункту гледжання, у дзейнасці арганізацыі на наступны год.

"Гэта год дзевяностагоддзя БНР і дваццацігоддзя Народнага фронту. Вось нагода ўзяць нацыянальную ініцыятыву ва ўласныя рукі".

Па словах Вінцука Вячоркі, задача-мінімум на восьмы год – аднавіць уласнафронтаўскую палітычную ініцяыятыву, зрабіць 2008 год годам адстойвання незалежнасці.

Абранне старшыні партыі

Галоўным пытаннем першага дня з’езду было абранне старшыні Партыі БНФ. Тое, што барацьба будзе, ведалі ўсе прысутныя, але што такая і што яна скончыцца менавіта так як тое адбылося, не мог сабе ўявіць, бадай, ніхто.

Пасля першага туру галасавання пераможца выяўлены не быў. За лідэраў тура Вінцука Вячорку і Алеся Міхалевіча было аддадзена прыблізна пароўну галасоў, у выніку чаго быў прызначаны другі тур, вынікі якога падводзіліся ўжо позна ўвечары.

Стала вядома, што на восем галасоў больш атрымаў Вячорка, пра што і паспяшылі паведаміць многія інтэрнет-выданні і нават павіншавалі яго з перамогаю. Але пазней высветлілася, што для перамогі паводле рэгламенту (50 адсоткаў плюс 1 голас тых, хто ўзяў удзел у галасаванні) Вячорку не хапіла літаральна двух галасоў.

Склалася патавая сітуацыя, што магла завершыцца расколам арганізацыі. Выйсце з узніклага становішча было знойдзена ў выніку шпаркіх закулісных перамоваў; на старшыню Партыі БНФ самавылучыўся вядомы палітык і перакладчык, адзін з заснавальнікаў Народнага фронту, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання і сябра парламенцкае фракцыі БНФ і да таго ж адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў зачыненага ўладамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Лявон Баршчэўскі.

Тое, што гэта быў правільны ход, пацвердзілі вынікі галасавання – за Баршчэўскага свае галасы аддалі больш за 90 адсоткаў прагаласаваўшых дэлегатаў з’езду.

Як адзначыў былы намеснік старшыні Партыі БНФ прафесар Юры Хадыка, ва ўзніклай няпростай сітуацыі не ў апошнюю чаргу ёсць віна і папярэдніх кіарўнікоў арганізацыі.

"У дзейнасці старога кіраўніцтва фронта было многа недахопаў. Так склалася, што я там быў самым паслядоўным крытыкам".

Як сцвярджае Юры Хадыка, склаўшаяся сітуацыя клінча - давольна натуральная, паколькі многія былі незадаволеныя сітуацыяй пасіўнасці.

"Абранне Баршчэўскага – гэта выдадтны выхад з гэтай сітуацыі".

Хто будзе намеснікамі старшыні?

Яшчэ больш жорсткая барацьба разгарнулася вакол пасадаў намеснікаў старшыні. Новы кіраўнік арганізацыі прапанаваў дэлегатам абраць першым намеснікам старшыні і адказным за міжнародныя дачыненні Вінцука Вячорку.

Дарэчы, гэтая пасада была ўведзеная менавіта на гэтым з’ездзе з прапановы Лявона Баршчэўскага. На пасаду далейшых намеснікаў прапанавалі Віктара Івашкевіча, Уладзіміра Лабковіча, Аляксея Янукевіча і Сяргея Мальчыка.

Усе гэтыя кандыдатуры можна ўмоўна аднесці да так званага “лагеру Вячоркі”. Дэлегаты, аднак, выставілі яшчэ тры кандыдатуры – Алеся Міхалевіча, Ігара Лялькова і Юрася Губарэвіча – асобаў, блізкіх да руху “”За свабоду” і Аляксандра Мілінкевіча.

Таемнае галасаванне выявіла, што з’езд мае бачыць намеснікамі кіраўніка Вячорку, Янукевіча і Івашкевіча, а таксама Губарэвіча і Міхалевіча. Цяпер склаўся пэўны парытэт у расстаноўцы сілаў.

Алесь Міхалевіч на пытанне “Нямецкай хвалі”, як будзе працавацца ў якасці намесніка старшыні ў новых варунках, калі лідэрам ПБНФ стаў Лявон Баршчэўскі, адказаў:

"Я лічу, што гэта кампрамісная прапанова. Калі б кіраўніком застаўся Вячорка, супрацьстаянне было б, а так, будзе добрая, нармальная супраца".

Вінцук Вячорка, абраны першым намеснікам кіраўніка Партыі БНФ, паводле свайго новага становішча і абавязкаў сказаў наступнае:

"Статус першага намесніка мае на ўвазе, што я буду займацца ўсім, у тым ліку і міжнароднымі справамі".

Далейшыя крокі

Па словах Вячоркі, будзе працягвацца былая справа: пашырэнне фронтаўскае пазіцыі, якая гаворыць не толькі пра неабходнасць дэмакратызацыі, але і пра зберажэнне незалежнасці Беларусі на міжнароднай арэне.

"Па-другое, мы будзем умацоўваць статус нашае партыі ў міжнародных правацэнтрысцкіх згуртаваннях, а таксама пашыраць практыку двухбаковых паразуменняў нашае партыі", - дадае палітык.

Новы старшыня Лявон Баршчэўскі сказаў мне пра сваё бачанне месца БНФ сярод Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

"Роля БНФ ў АДС можа ўзмацніцца ў перыяд выбарчых кампаніяў".

Па словах новага старшыні, сёння БНФ неабходна падтрымліваць кантакты і толькі тыя праекты, у якіх сапраўды патрэбны ўдзел усіх АДС.

"Але работа ў АДС не можа замяніць работу ў тым ліку на карысць іміджу БНФ. Гэта маё цвердае перакананне".

Пры канцы дэлегаты прынялі шэраг рэзалюцыяў, у тым ліку з патрабаваннем вызваліць усіх палітычных вязняў. Апроч таго, новае кіраўніцтва Партыі заклікала 12 снежня а 18-й гадзіне выйсці на Кастрычніцкую плошчу сталіцы, каб выказаць сваё стаўленне да візіту ў Мінск прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і прадэманстраваць імкненне да захавання дзяржаўнае незалежнасці Беларусі.