1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

З’езд АГП можа прайсці на сталічнай плошчы

Аб’яднанай грамадзянскай партыі за два тыдні да з’езду адмоўлена ў прадастаўленні памяшкання для правядзення партыйнага форуму. Кіраўніцтва АГП не выключае магчымасці правядзення з’езду на Кастычніцкай плошчы сталіцы.

default

старшыня АГП Анатоль Лябедзька

Узніклую сітуацыю DW-RADIO пракаментаваў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

“Мы звярталіся больш чым да дваццаці суб’ектаў розных форм гаспадарання, і адусюль прыйшоў адзін і той жа адказ – “не”. У кулуарах нам тлумачаць, што гэтае пытанне ў беларускіх умовах з тэхнічнага, на жаль, пераўтвараецца ў палітычнае. Яшчэ ёсць крышку часу, мы выканалі ўсё, што ад нас патрабуе заканадаўства і наш унутраны статут. Мы напрацягу амаль трох месяцаў праводзілі сходы рэгіянальных арганізацыяў, і ўчора і заўчора ў Брэсце і Гародні прайшлі апошнія справаздачныя канферэнцыі, на якіх былі вылучаныя дэлегаты на з’езд. Улада таксама павінная зрабіць тое, што ад яе патрабуе Канстытуцыя і закон. Мы - арганізацыя, якая афіцыйна зарэгістраваная і выконвае заканадаўства, нават пры нашых крытычных адносінах да гэтага заканадаўства”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, у скрайнім выпадку застаецца тэарэтычная магчымасць правядзення форуму па-за межамі краіны, але кіраўнік АГП не ёсць прыхільнікам такога варыянту.

“Мы такую магчымасць не разглядалі, хаця ў нас заўтра адбудзецца Палітычная рада партыі, і самы галоўны пункт парадку дня – падрыхтоўка і правядзенне з’езду. Можа, будуць гучаць і такія прапановы, але я асабіста лічу мэтазгодным праводзіць з’езд Аб’яднанай грамадзянскай партыі Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Беларусь, а не ў замежжы. Будзем праводзіць з’езд у Мінску, у якіх умовах – гэта ўжо іншая сітуацыя. Можа быць і спалучэнне з’езда з акцыяй пратэста – “два ў адным”.

Контекст