1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

За сямю пячаткамі

Скрамсаны траншэямі кавалак лесу на ўскрайку Барысава называецца “Батарэі”. У 1812-ым тут гераічна змагалася руская батарэя. Некаторыя краязнаўцы кажуць, што беларусы ў той час біліся на баку напалеонаўскіх войскаў.

Але дагледжаны мемарыял, вядома, не пра тых беларусаў. Таксама “не тыя” пазначаны побач самаробным драўляным крыжам: у равах барысаўскіх “Батарэй”, яе у менскіх Курапатах, ляжаць “ворагі народа”. Распавядае Анатоль Аскерка:

“Бальшавікі выкарысталі гэтае месца для злачынных мэтаў. З гісторыі вядома, што тут вось, калі фарміравалася войска на франты Грамадзянскай вайны, пастралялі маладых. З усіх паветаў звезлі рэкрутаў, але ежы для іх не было. Тады гэтым хлопцам загадалі распачаць “продразверстку”, забраць хлеб у сваіх суседзяў і бацькоў. Рэкруты збунтавалі. І тут іх паклалі, непакорных, у гэтах равах. Стралялі яшчэ у 1924, 1933 гадах”.

Карны дзень 1933-га яшчэ памятаюць некаторыя мясцовыя жыхары:

“У нас быў ветэран Аляксей Дзянісавіч Канюшка, ен распавядаў некаторыя дэталі таго, што тут адбывалася ў 30-я гады. Яго бацькі пра тое ведалі”, — кажа сівы барысаўчанін.

Па звестках даследчыкаў, у гэтых равах — актывісты галоднага бунту. У красавіку-траўні 1933 года паўсталі супраць уладаў змарнелыя ад голаду і нястач працоўныя мясцовай запалкавай фабрыкі, гараджане, вяскоўцы. У першыя дні траўня было расстраляна пріблізна 200 бунтаўшчыкоў.

Сяргей Салаш, кіраўнік барысаўскай суполкі Беларускага Народнага Фронту і гісторык па адукацыі, заўважае:

“На мой погляд, зараз кіраўніцтвам краіны праводзіцца палітыка нэасталінізму. Рэпрэсіі вярнуліся ў нашае жыцце. Людзей арыштоўваюць, людзей кідаюць за краты, іх імены бэсцяць, абылгіваюць. У грамадстве ўсімі сродкамі распаўсюджваецца страх”.

Крыж у барысаўскім жалобным лесе не аднойчы спрабавалі знішчыць. Зусім нядаўна з крыжа скралі шыльду, абпалілі ля самай зямлі — відаць, раскладалі вогнішча. Мясцовая моладзь дапамагла да гадавіны расстрэлу аднавіць пакутнае месца.

“Мы сення талакой прыбіралі — стаканы, бутэлькі. Што тут рэпрэсіі адбываліся, практычна ніхто не ведае”, — распавядае юнак. Другі заўважае: “У школе пра такое не кажуць. У кніжках, нават па гісторыі, пра гэта няма. Бо тут нашыя барысаўцы праводзілі паўстанне — а пра паўстанні ў кніжках пішуць: не ў нас было”…

Непадалек ад траншэй — будынкі лякарні. Менавіта яны — галоўны аргумент мясцовых чыноўнікаў не зважаць “Батарэі” за месца бальшавіцка-сталінскіх рэпрэсіяў.

«Вот видите больница там? Она построена в 1929 году. А теперь подумайте: какие тут могли быть расстрелы в 1933-ем, если больница рядом? Пока все это только разговоры. Никаких документов нет, не опубликовано», — заўважае мясцовы кіраўнік.

Афіцыйныя асобы не згаджаліся на афіцыйны каментар і падчас зладжанага мясцовымі дэмакратычнымі актывістамі кароткага жалобнага мітынгу назіралі здаля.

Адкрыць таямніцу барысаўскіх равоў, як і многіх іншых пакутных кутоў Беларусі, не ў мажлівасцях рэгіянальнага чынавенства ці мясцовых краязнаўцаў. Гісторык Ігар Кузнецоў пераканаўся, што веды пра бальшавіцка-сталінскія рэпрэсіі — праблема не даследчая, а палітычная. Звесткі, дакументы, прысуды і акты — “за сяммю пячаткамі”. І пячаткі тыя — дзяржаўныя.

«В Куропатах под Минском, по разным оценочным сведениям, от 30 000 до 200 000 расстрелянных. А мы знаем только две фамилии! — нагадвае Кузняцоў. — Мест, где проводились массовые расстрелы, по нашим сегодняшним данным , в Беларуси более 100. Здесь, под Борисовом, остались пласты горькой памяти: расстрелы периода Гражданской войны, затем 1924, 1933. Здесь лежат и коммунисты, и беспартийные, верующие и неверующие… Я не сомневаюсь, что в окрестностях Борисова есть еще места, где расстреливали людей в годы сталинских репрессий».

Па ініцыятыве беларускай інтэлігенцыі гэты год абвешчаны Годам памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. З вядомага расстрэльнага 1937-га мінула толькі 70 гадоў…