1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

За свабоду думкі

26 чэрвеня у вёсцы Бычкі Віцебскае вобласці, на радзіме Васіля Быкава, адбудзецца ўручэнне першай прэміі “За свабоду думкі” імя Народнага пісьменніка Беларусі, заснаванай рухам “За свабоду”.

default

На цырымонію ўзнагароджання запрошаныя сябры журы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і дэмакратычнае грамадскасці. У склад журы, якое вызначыла лаўрэатаў, увайшлі вядомыя ў краіне і далёка па-за ейнымі межамі асобы – Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Святлана Алексіевіч, Алесь Пашкевіч і многія іншыя літаратары, мастакі, грамадскія дзеячы, палітыкі. Лаўрэаты прэміі атрымаюць статуэткі “За Свабоду думкі”, аўтарам якіх з’яўляецца скульптар Віктар Копач, і памятныя дыпломы.

Аўтар ідэі прэміі, лідэр руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, адмовіўшыся загадзя назваць імёны лаўрэатаў, распавёў DW-RADIO пра ідэю і сэнс гэтай узнагароды.

“Сама ідэя паўстала ў час, калі я ў Еўрапейскім Парламенце атрымліваў прэмію “За свабоду думкі”. Я тады адразу сказаў, што гэта прэмія не мне, а тым, што змагаліся на Беларусі за свабоду і за праўду, многім-многім тысячам людзей. І тады паўстала думка, што гэтя прэмія павінная, па-першае, падтрымаць рэпрэсаваных людзей, але адначасова, безумоўна, і самых мужных, самых разумных, самых адказных, тых людзей, што фармавалі дух беларускі, дух Плошчы Каліноўскага.

Гэта інтэлектуалы, гэта людзі літаратуры, гэта грамадскія дзеячы. Тады, год назад, у Бычках, калі адзначаўся Дзень народзінаў Васіля Быкава, я сказаў, што рух “За свабоду” будзе засноўваць такую прэмію імя Васіля Быкава “За свабоду думкі”. Таму што тая прэмія, якую я атрымаў, таксама называлася “За свабоду думкі”. Гэта як бы працяг той прэміі, і я лічу, што гэта выдатны спосаб размеркаваць прэмію сярод самых дастойных. Яны будуць названыя толькі 26-га чэрвеня ў Бычках”.

Сёлета прэмію атрымаюць адразу тры чалавекі. А ў будучым, паводле словаў Аляксандра Мілінкевіча, журы будзе штогод вызначаць аднаго самага годнага яе ўладальніка.