1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

За палітычныя перакананні - у псіхіятрычны шпіталь?

Гарадзенская міліцыя накіравала у псіхіятрычны шпіталь Паўла Язерскага - аднаго з удзельнікаў пікету памяці зніклага аператара расійскага тэлеканалу ОРТ, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Змітра Завадзкага.

Пікет памяці Змітра Завадзкага, які праводзілі ў Гародні актывісты Аб’яднанай грамадзяскай партыі, быў мірным. Ніякіх лозунгаў, ні партрэтаў, толькі запаленыя знічкі ў руках. Але супрацоўнікі міліцыі, якіх было разоў у 10 больш, чымся пікетоўцаў, заштурхнулі 8 чалавек у машыны і павезлі ў аддзяленне.

На допыце ў міліцыі 26-гадоваму Паўлу Язерскаму сталася кепска. Ад яго патрабавалі назваць імёны арганізатараў акцыі. На ўсе пытанні ён адказваў «не памятаю”. І тады міліцыянты паабяцалі адвезці яго ў псіхіатрычную лякарню. “У “псіхушцы” усё ўзгадаеш”, - прыгразілі Паўлу супрацоўнікі міліцыі.

Павал Язерскі распавёў мне па тэлефоне, што ў часе затрымання ён адчуў сапраўдны шок, а ў адззяленні міліцыі ў яго пачаўся прыступ астмы, ён не мог размаўляць. Міліцыянты вызвалі хуткую дапамогу, але замест звычайнай лякарні яго сапраўды павезлі ў псіхіатрыю.

Цяпер, па словах Паўла, два разы на дзень яму робяць нейкія ўколы. Ён адчувае сабе добра, але яму ўжо паведамілі, што са шпіталю ён пойдзе толькі праз месяц.

Загадчык аддзялення гарадзенскай псіхіатрычнай клінікі Аляксандр Мурын цалкам адмовіўся даваць інфармацыю пра стан здароў’я пацыента. Паводле яго словаў, “не палітычныя ідэі прывялі Язерскага да шпіталізацыі». Але маці Паўла Фелікса Браніславаўна кажа, што дзяжурны ўрач у прыёмным пакоі лякарні паведаміў, што яе сын у цэнтры гораду выкрыкваў лозунгі супраць Лукашэнкі, а таму ён будзе ляжаць тут не меньш за месяц.

Маці распавяла, што пасля смерці бацькі і брата Павал вельмі цяжка пераносіць стрэсавыя сітуацыі, у яго можа пачацца прыступ астмы. На яе думку, затрыманне і прывод у міліцыю сталіся менавіта такім стрэсам:

«Я не разумею, чаму яго трымаюць у лякарні. Ён спакойны і ўраўнаважаны чалавек. Мой сын – гэта ўсё, што ў мяне засталося ў маім жыцці».

Фелікса Браніславаўна баіцца, што яе сына Паўла за яго перакананні могуць залячыць уколамі, як гэта было за савецкімі часамі.

Старшыня абласной арганізацыі АГП Юры Істомін лічыць, што ў Гародні створаны прэцэдэнт выкарыстання карнай псіхіатрыі: за тое, што чалавек адмовіўся сведчыць супраць сябе, яго схавалі ў «псіхушку». Істомін сказаў, што Гародня заўсёды славілася тым, што менавіта тут улада адпрацоўвае прыёмы, з дапамогаю якіх падаўляецца апазіцыйны рух. Істомін заявіў:

« Калі Паўла Язерскага не выпішуць са шпіталю найбліжэйшым часам , АГП пачне працэдуру абскарджання дзеянняў міліцыі і незаконнай шпіталізацыі ».