1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

«За найвялікшай жорсткасцю...”

Выстава пад такой назвай адчынілася у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлены дакументы, якія сведчаць аб злачынствах вермахта ў Польшчы падчас Другой сусветнай вайны.

default

Выстава падрыхтавана варшаўскім Інстытутам нацыянальнай памяці пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску. Як распавёў дырэктар Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі Сяргей Вечар, у экспазіцыі зроблены пэўныя акцэнты. “Напрыклад, лічылася, і часам лічыцца зараз, што найвялікшыя злачынствы рабілі войскі СС і спецыяльныя карныя каманды, а астатні вермахт паводзіў сябе даволі шляхотна. Але дакументы, прадстаўленыя на гэтай выставе, сведчаць, што гэта не зусім так. Таму што у злачынствах супраць мірнага насельніцтва прымалі ўдзел не толькі войскі СС, але ўсе нямецкія войскі, якія ўступілі на тэрыторыю Польшы”.

Асобная тэма

На выставе можна пабачыць рупліва сабраныя дакументы, фатаграфіі знішчаных ці амаль знішчаных польскіх гарадоў, жахлівыя лічбы – колькасць замардаваных мірных жыхароў. Усё гэта сведчыць пра тое, што з першых дзён вайны здзяйснялася шмат ваенных злачынстваў. “Інстытут памяці нарадовай” вывучае факты злачынстваў супраць польскага народу ў розныя перыяды гісторыі. Але перыяд менавіта верасень-кастрычнік 1939 году – асобная тэма даследванняў гісторыкаў.

Адзін з навукоўцаў, які рыхтаваў экспазіцыю, Казімеж Краеўскі, кіраўнік аддзелу навуковых даследванняў Інстытуту Нацыянальнай памяці, прыехаў у Мінск на адкрыццё выставы.

“Важна адзначыць, што выстава была падрыхтавана разам нямецкімі і польскімі гісторыкамі, - лічыць Казімеж Краеўскі, - бо ў нямецкай свядомасці існуе стэрэатып “рыцарскага вермахта”, а тут вы бачыце дакументы, якія сведчаць, што адбывалася на тэрыторыі Польшчы менавіта ў той час, калі яна была пад пратэктарам вермахта”.

На працягу тых двух месяцаў, распавядае гісторык, там было праведзена больш за 600 экзекуцый, у выніку іх загінула каля 17 тысяч мірных грамадзянаў.

“На выставе прадстаўлены розныя катэгорыі ваенных злачынстваў, бамбардаванне неабароненых гарадоў, злачынствы, якія праводзіліся над інтэрнаванымі асобамі і закладнікамі. Тут прадстаўлены сведчанні злачынстваў супраць яўрэяў, злачынстваў над ваеннапалоннымі польскай арміі і арміяў іншых краін”, - кажа Казімеж Краеўскі.

Супрацьстаянне міфам

Гісторык звяртае ўвагу на тое, што сабраныя дакументы ёсць сведчаннем памылковасці пункту гледжання, які існуе ў пэўных нямецкіх асяродках. Нібыта франтавыя салдаты прытрымліваліся ваеннага права, не прымалі ўдзел у злачынствах супраць мірнага насельніцтва і змагаліся з пачуццём павагі да салдатаў арміяў, з якімі яны ваявалі.

Асобная тэма на выставе – ідэалогія вермахта, якая ўраканялася пасля захопу тэрыторыі Польшчы, і адказнасць тых, хто ўдзельнічаў у гэтых злачынствах.

Паводле Краеўскага, ёсць сведчанні таго, што немцы спрабавалі схаваць факты шматлікіх экзэкуцыяў, каб нейкім чынам імітаваць пагарду да міжнародных канвецыяў. “Напрыклад, за тое, што былі растраляныя 300 ваеннапалонных у адным з польскіх мястэчак, ніякай кары не было. Ніхто не быў пакараны за тое, што былі спаленыя яўрэі ў сінангоге”.

Казімеж Краеўскі цытуе нейкага афіцэра вермахта, які сказаў: “гэта было вельмі жорстка спаліць людзей у сінагоге, трэба было іх спачатку расстраляць”.

Важна адзначыць, што разам з польскімі калегамі выставу рыхтавалі нямецкія гісторыкі Йохан Бёхлер і Клаус Цымэр.

На адкрыцці выставы прысутнічалі прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларусі. Прэсавы сакратар Мінабароны Вячаслаў Раменчык адзначае:

“Я агледзеў экспазыцыю. Гэтая выстава – вынік вялікай працы навукоўцаў, мэта якой – гістарычная праўда. Я ўпэўнены, што гэтая праца будзе працягвацца, каб ніхто і ніколі не паўтарыў такіх гістарычных памылак”.

Контекст