1. Inhalt
  2. Navigation
  3. Weitere Inhalte
  4. Metanavigation
  5. Suche
  6. Choose from 30 Languages

Беларусь

Затрыманае вызваленне з відам на аўтазак

Пры канцы тыдня на волю выйшлі 9 актывістаў дэмсіл, затрыманых падчас вулічнай акцыі апазіцыі 25 сакавіка ў Мінску і асуджаных за ўдзел у ёй на 10 сутак арышту.

default

Сустракаць актывістаў да муроў спецпрыёмніка-размеркавальніка на вуліцы Акрэсціна ў беларускай сталіцы прыйшлі дзесяткі людзей – прадстаўнікі палітычных партыяў, моладзевых арганізацыяў, грамадскія дзеячы, сваякі вязняў і журналісты. Побач з ізалятарам знаходзіліся аўтазак і аўтобус са спецназаўцамі. Яшчэ да таго, як зняволеных пачалі адпускаць на волю, амапаўцы спрабавалі разагнаць людзей, адагнаць іх ад акрэсцінскай брамы, але дасягнуць мэты сілавікам не ўдалося.

Многія пахварэлі

Тыя, хто пакідаў турму, паведамлялі пра абставіны свайго затрымання ў Дзень Волі і жорсткае абыходжанне з імі пасля акцыі. Вось што распавёў моладзевы актывіст Алесь Ванчук. “Калі мы ўдзельнічалі ў акцыі, быў такі снег, што ногі былі мокрыя. Пасля таго, як нас завезлі ў РАУС і потым прывезлі на Акрэсціна, нас даволі доўга, амаль дзве гадзіны трымалі на вуліцы і не заводзілі ў памяшканне, у камеры. Шмат людзей стаялі проста ў двары. Таму людзі, якія патрапілі пазней у камеры на суткі, захварэлі, але ніякіх лекавых сродкаў, акрамя аспірыну, там няма. Таму спачатку, сутак пяць-шэсць, было вельмі цяжка. Было вельмі дрэнна, вельмі халодна, і шмат у каго пачаўся грып”.

Актывістка “Маладога Фронту” Кася Галіцкая сказала, што ў спецпрыёмніку былі вельмі адмоўныя моманты для яе асабіста: “Уявіце сабе, камера там памерам тры на чатыры, шэсць чалавек, з іх не паліла адна я. Таму я сёння поўнасцю закопчаная”.

А ўвогуле, паводле словаў Касі Галіцкай, якая за сваю актыўную грамадскую дзейнасць ужо ў чацвёрты раз трапіла ў турму, ёй, хоць яна і дзяўчына, вытрываць гэтыя суткі атрымалася без істотных праблем: “Я не ведаю, наколькі хлопцам цяжка на Акрэсціна, але нармальна, цярпіма. Мінулы раз было горш”.

Каардынатар кампаніі “Джынс за свабоду” Яўген Афнагель адзначыў, што самае страшнае для яго пасля затрымання была адсутнасць інфармацыі: “Самае жахлівае, што не ведалі, што адбывалася ў іншых частках гораду, не ведалі, як праходзіць акцыя. Да нас паступалі звесткі, што затрыманыя ёсць у Маскоўскім, Заводскім, Цэнтральным РАУСах, карціна па звестках была вельмі непрыемная”.

Памылковасць рэжыму

Лідэр мінскіх маладафронтаўцаў Зміцер Федарук, які сам ужо збіўся з падліку сваіх адсідак на Акрэсціна за ўдзел у акцыях апазіцыі, падкрэсліў, што такімі дзеяннямі ўлады не даб’юцца змяншэння актыўнасці свядомай беларускай моладзі. “Падрастае сапраўды новае пакаленне маладых людзей, якія бачаць, што адбываецца ў іх краіне знутры, бо, нажаль, трэба канстатаваць, што дарослыя палітыкі троху выходзяць з кола грамадскасці. А моладзь яшчэ вучыцца ў школах, гімназіях, працуе на заводах і сапраўды адчувае ўвесь боль. З-за гэтага іх так хочуць прыдушыць, запалохаць, але маладыя людзі цяпер разумеюць, што без ахвяраў няма перамогі, і Акрэсціна, суткі толькі гартуюць моладзь, яшчэ больш паказваюць усю сутнасць і проста памылковасць гэтага рэжыму”.

Лішнія суткі

Не ўсе дзевяць чалавек, якія разам мусілі пакінуць акрэсцінскую вязніцу, выйшлі на свабоду ў адзін дзень. Актывісты Зміцер Курза і Арцём Скарабагаты засталіся на Акрэсціна яшчэ на суткі, бо суддзя Савецкага раённага суда сталіцы Фёдарава памылкова пазначыла ў сваёй пастанове дзень затрымання не 25-га, а 26-га сакавіка. Таму маладзёны правялі за кратамі не дзесяць, але адзінаццаць сутак.

Цяпер у вязніцы застаюцца яшчэ каля дзесятка людзей, затрыманых на Дзень Волі і асуджаных на 15 сутак адміністратыўнага арышту. Сярод тых, хто пакіне акрэсцінскія муры 9 красавіка, - лідэры “Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, журналіст недзяржаўнай газеты “Наша ніва” Сямён Печанко, актывіст прадпрымальніцкага руху Віктар Калей.

Контекст